Сястра Марыі Калесьнікавай: Палітвязьні плачуць, калі не атрымліваюць лістоў
2021-12-03 15:09
Тацяна Хоміч, прадстаўніца Каардынацыйнай рады ў пытаньнях палітвязьняў і сястра палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай, расказала Радыё Свабода пра працу сайта Politzek.me і пра тое, чаму яна баіцца, што Беларусь можа сысьці з сусьветнага «парадку дня».
Пра навіны Марыі Калесьнікавай
Маша па-ранейшаму ў добрым настроі. Яе цяпер наведваюць адвакаты, сустрэчу з татам дазваляюць раз на месяц.
На жаль, ня ўсе лісты да яе даходзяць у СІЗА. Часам лістоў зусім не бывае тыдзень ці два, а потым прыносяць цэлы пачак.
Яна ўжо 8 месяцаў адна ў камэры. Для яе гэта ўжо цяжка, і яна разглядае гэта як ціск на яе.
Наколькі я ведаю, Маша піша скаргі пра гэта, але пакуль што нейкіх вынікаў і зьменаў няма.
Яна мае ў камэры тэлевізар, але там толькі дзяржаўныя каналы. Таму навіны яна можа даведвацца толькі падчас кароткіх сустрэчаў з татам альбо падчас сустрэчаў з адвакатамі.
Мы намагаемся выкарыстоўваць гэтыя сустрэчы, каб трымаць яе ў курсе падзей у Беларусі і сьвеце. І я прашу, каб ёй расказвалі пра тую ўвагу, якая аддаецца і ёй асабіста, і сытуацыі з усімі палітвязьнямі.
Цяпер гэтая ўвага даволі вялікая, хоць улады Беларусі спрабуюць адцягнуць яе ад сытуацыі з правамі чалавека і палітвязьнямі, у тым ліку з дапамогай міграцыйнага крызісу.
Пра сайт politzek.meГэта
плятформа для падтрымкі палітвязьняў і іх сем’яў. Яна паказвае, якія ёсьць ініцыятывы, куды можна зьвярнуцца.
Адна з ініцыятываў — кампаніі ў краінах Эўропы, калі пішуць лісты беларускім палітвязьням. Таксама ёсьць праграма, калі палітыкі эўрапейскіх краін робяцца сымбалічнымі «хроснымі» для канкрэтных палітвязьняў.
Цяпер politzek.me працуе над тым, каб такімі «хроснымі» былі ня толькі палітыкі, але і іншыя вядомыя людзі — артысты, журналісты, мастакі, праваабаронцы. Каб яны рабіліся «голасам» для палітвязьняў Беларусі.
Сам сайт дае магчымасьць віртуальнага сяброўства з палітвязьнямі, калі можна выконваць розныя задачы — пісаць лісты, рабіць публікацыі ў сваіх сацыяльных сетках, расказваць гісторыі палітвязьняў. Бо самае галоўнае для палітзьняволеных — каб пра іх не забываліся, каб пра іх гаварылі, каб ім пісалі лісты.
Мы ўжо шмат разоў чулі ад тых, хто выйшаў на волю, што дарослыя людзі — мужчыны і жанчыны — плачуць, калі не атрымліваюць лістоў.
Ёсьць плятформа
BySol і сайт
Dissidentby.com, дзе можна знайсьці сьпіс палітвязьняў і іх семʼяў, якім проста цяпер патрэбная дапамога. Да прыкладу, колькі месяцаў таму многім семʼям трэба была дапамога, каб проста падрыхтаваць да школы дзяцей.
Трэба памятаць, што ў такой сытуацыі важная любая дапамога — яна можа быць вялікая ці малая, але кожны, нават маленькі, унёсак вельмі важны.
Пра міжнародныя прэміі, атрыманыя Марыяй Калесьнікавай і ёю самоюПрэміі граюць важную ролю, бо яны прыцягваюць увагу да сытуацыі ў Беларусі і ў іншых краінах. Часта іх уручаюць прадстаўнікам адразу некалькіх краін, якія сутыкаюцца з падобнымі праблемамі.
Штораз гэта магчымасьць нагадаць сьвету, што адбываецца. Да прыкладу, прэмія, якую атрымала я, уручалася ў ЗША, і гэта была нагода расказаць, што цяпер у Беларусі больш за тысячу палітвязьняў. Мы нават ня ведаем іх дакладнай колькасьці.
Часам нам здаецца, што нас ужо ўсе ведаюць, пра нас усе чулі. Але насамрэч гэта ня так. Калі я рэпрэзэнтую Машу ці выступаю самастойна, сустракаюся з палітыкамі і міжнароднымі арганізацыямі, я разумею, што гэтую працу трэба рабіць увесь час і расказваць пра гэта як мага большай колькасьці людзей.
Мы заўсёды кажам, што падтрымкі і ўвагі не бывае зашмат. Я асабіста баюся, што ў нейкі момант Беларусь сыходзіць з парадку дня, як гэта было ўвесну. Гэта трывожны званок для нас. Менавіта таму трэба ўвесь час нагадваць, расказваць сьвету, што адбываецца, дзяліцца гісторыямі палітвязьняў.
Трэба штодня нагадваць, што тысячы палітвязьняў у турмах, а дзясяткі тысяч іх родных і блізкіх пакутуюць разам зь імі. Можна нават сказаць, што яны сядзяць разам зь імі.
Пра заходнія санкцыі і іх мэтыСанкцыі маюць уплыў — мы гэта бачым і па заявах беларускіх уладаў, хоць яны спрабуюць усіх пераканаць, што санкцый не баяцца.
Але цяпер вельмі важна падкрэсьліваць і ствараць пазытыўны парадак дня для беларускага грамадзтва. Пакуль што ўнутры Беларусі няма адчувальнага і заўважнага ўплыву ад санкцый. Такі эфэкт магчымы ў будучыні, а падтрымка патрэбная проста цяпер.
Мы часта кажам, што трэба падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасьць і тых, хто знаходзіцца ў Беларусі і можа працаваць, нягледзячы на тое, што ўлады закрываюць сотні НДА. Людзі ўсё адно шукаюць альтэрнатыўныя формы існаваньня.
Галоўныя мэты цяпер — вызваленьне палітвязьняў і спыненьне рэпрэсій. Гаварыць трэба найперш пра гэта. Важна, каб беларускае грамадзтва выйшла са стану няспыннага стрэсу.
Пры гэтым няправільна ставіць пытаньне так, што Захад у абмен на зьняцьцё санкцый павінен патрабаваць выключна спыненьня рэпрэсій і вызваленьня палітвязьняў. Бо ёсьць шмат фактараў, ад якіх гэта залежыць.
Пра адносіны зь сястрой
Хоць Маша і жыла ў Нямеччыне 13 гадоў, мы ўвесь час былі на сувязі, я часта прыяжджала да яе ў госьці, або мы разам езьдзілі некуды. Маша часта прыяжджала ў Беларусь, а апошнім часам яна працавала ў культурным хабе ОК16 у Менску — рабіла там розныя музычныя і культурныя праекты розных кірункаў. І мы ўвесь гэты час былі вельмі блізкія, часта сустракаліся.
Для мяне Маша — і сястра, і найлепшы сябра. Я ўжо расказвала, што калі мне было менш за тры гады і я хварэла, да нас дадому прыходзіла доктарка і мне рабілі ўколы. І Маша плакала разам са мной, калі бачыла, што мне кепска. Яна вельмі мне суперажывала.
Маша — чалавек з найбольшым адчуваньнем эмпатыі з усіх, каго я ведаю. Яна такая была ад самага дзяцінства.
У нас ёсьць агульныя сябры, якія вельмі любяць Машу, і цяпер яны падтрымліваюць мяне. Я цяпер таксама камунікую зь яе сябрамі ў Штутгарце, бо яны таксама вельмі перажываюць і хочуць ведаць, што зь ёй адбываецца. Яе моцна любяць і памятаюць.
Маша ўмее бачыць пазытыўныя бакі ў любых сытуацыях. У людзях яна таксама заўсёды знаходзіць добрае — чаго, магчыма, ня бачаць іншыя. Кожны, хто побач зь ёю, бачыць гэтае пазытыўнае стаўленьне да ўсіх. І, вядома ж, хочацца глядзець на сьвет менавіта так.
Думаю, што першая сустрэча пасьля вызваленьня Машы будзе разам з усімі роднымі. У такі час, як цяпер, семʼі абʼядноўваюцца. І цяпер мы нашмат часьцей размаўляем нават з далёкімі сваякамі, зь якімі раней размаўлялі рэдка. Думаю, што самае важнае будзе — сустрэцца і пагутарыць з усімі. Каб Маша пасьля такога доўгага расстаньня адчула гэтую любоў і ўвагу.