“Так свабодзе. Не гвалту!” Як прайшоў першы ў Польшчы ланцуг салідарнасці
2020-08-20 17:56
Вечарам 18-га жніўня ў горадзе Познань адбылася незвычайная падзея. Некалькі соцень жанчын расцягнуліся жывым ланцугом уздоўж пешаходнай вуліцы ў цэнтры горада.
Пра мерапрыемства распавяла арганізатарка акцыі:
– Сённяшняя падзея адбылася перадусім для беларусаў і беларусак, якія змагаюцца на вуліцах па ўсёй Беларусі супраць дзяржаўнага гвалту і тыраніі. Яны стаяць у абароне свабоды і годнасці. Неабходна малымі крокамі падтрымліваць адзіна днаго і яднацца ў межах грамадзянскай супольнасці. Мы пайшлі ў бок жанчын, калі пабачылі прыгожы прыклад беларусак, што выходзяць з кветкамі на вуліцы і затрымліваюць нянавісць і гвалт. Сваім маўклівым жэстам прагнем паказаць, што мы з вамі, з кожным з вас.
Пераважная большасць удзельніц прыйшлі апранутыя ў белае. Сярод кветак, сцягоў і банераў, знайшлося месца для творчасці. На пачатку акцыі праз гукаўзмацняльнік прагучала песня Касі Камоцкай «Мая Краіна». Удзельнікі дэкламавалі вершы аўтарства палякаў, якія былі сасланыя ў лагеры ў 50-х гадах 20-га стагоддзя.
Таксама свой верш прачытала мясцовая беларуска, Вікторыя Марціновіч, якая з траўня 2018 года жыве ў Познані. І яна кажа:
– Найперш для мяне важна, каб на вуліцах у Беларусі не забівалі людзей. Другое, я не хачу, каб падзеі развіваліся па расейскім «крымскім» сцэнары. Не менш важна, каб пасля адстаўкі Лукашэнкі быў моцны прэзідэнт, які не дазволіць расейскія базы на тэрыторыі Беларусі.
Адметнасцю жывога ланцуга сталася вялікая колькасць польскіх удзельніц і ўдзельнікаў. Некаторыя прыйшлі сем’ямі. Шмат польскай моладзі далучылася падтрымаць сваіх беларускіх сяброў і знаёмых.
Сваімі ўражаннямі дзеляцца маладыя полькі:
– Сёння я тут са сваімі знаёмымі, якіх даўно ведаю. Яны прыехалі да Польшчы ў пошуках лепшага жыцця і знайшлі яго. Іх сем’і ды знаёмых на Беларусі напаткала нешта іншае, таму сёння я прыйшла выразіць салідарнасць. Мае бацькі і дзядулі таксама пратэставалі некалькі дзясяткаў год таму. Тады пачалася трансфармацыя, пратэсты ахапілі ўвесь край. Зараз беларусы трымаюць сваю будучыню ў сваіх руках. Маю надзею, што беларускае змаганне не будзе самотным і скончыцца перамогай!
– Я полька, але разам з сяброўкамі вырашылі стварыць голас салідарнасці і падтрымкі. Так хораша склалася, што ўзаемадзеянне мела акурат міжнацыянальны характар. Беларусы з палякамі разам сустрэліся на вуліцы і стварылі вялізны ланцуг белага колеру. Тое вельмі кранальна і дае надзею на перамены.
Гэта першая «жаночая» акцыя ў Польшчы, што адбылася на ўзор беларускіх жывых ланцугоў. Беларусы ў Фэйсбуку заахвочваюць праводзіць падобныя мерапрыемствы па ўсёй Еўропе.
Стэфан Глушакоў, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Анны Каміньскай