Тамаш Суліма: Лукашэнка не здолеў захаваць нейтральнасць
2022-02-28 15:48
Беларусы не хочуць гэтай вайны, а Лукашэнка хацеў бы захаваць нейтральнасць, але не змог. З Польшчы гучаць каментары адносна расейска-украінскай вайны, у якую ўцягнутая Беларусь пад кіраваннем, нелегітымнага і не прызнанага ў свеце Аляксандра Лукашэнкі.
Калі гінуць цывільныя, а расейкія войскі бамбяць гарады – не даводзіцца казаць пра „аперацыю”, – кажа грамадскі дзяяч з Падляшша Тамаш Суліма з Асацыяцыі беларускіх журналістаў Польшчы.
Тамаш Суліма: Звычайная вайна. Заходнія СМІ і незалежныя беларускія ў тым ліку, польскія вельмі добра асвятляюць гэтую сітуацыю. І тут не трэба нам прытрымлівацца расейскай рыторыкі. Зараз, я ведаю, ужо забаранілі карыстацца ў Расеі словам «вайна», гэта толькі „аперацыя”. Я думаю, усе прыстойныя людзі гэтаму не вераць.
РР: Калі вы назіраеце за гэтымі рэакцыямі еўрапейскіх палітыкаў, за польскімі рэакцыямі, бо гэта, як вы кажаце, тэма нумар адзін у сусветных медыя, то якія ў вас адчуванні? Напрыклад, Зяленскі кажа, што Украіна засталася сам-насам.
Тамаш Суліма: Гэта складаная сітуацыя з палітычнага пункту гледжання. Калі, скажам, уявіць сабе, што дапамагаюць нейкія іншыя войскі, то ўжо ўмешваюцца нейкія дзяржаўныя блокі, і каб гэта адмоўна не спрацавала на саму справу. Украінцы з матэрыяльнай дапамогай, вайсковай тэхнікай, яны робяць сваю справу. Я асабіста адчуваю гонар за маю дзяржаву – Польшчу. Бо думаю, мы сталі на правільны бок. І ўсе дзяржаўныя органы, і грамадства. Бачым тую вялікую дапамогу на памежных пунктах польска-украінскай мяжы. Мы ўсе гаворым пра гэтыя санкцыі. Чакаем наступных. Што яшчэ можам зрабіць? Што можам зрабіць, каб спыніць вайну. Пачаліся перамовы. Спадзяемся, каб гэта ўсё закончылася.
Вайна ва Украіне пачалася а 5-й гадзіне раніцы 24 лютага. Калі кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заявіў пра пачатак так званай ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР».
Беларускае Радыё Рацыя