Тарас Цялькоўскі: Я адчуваю, што мы на марафонскай дыстанцыі, але я бачу фініш, у якім будзе шмат радасці
2022-05-07 21:01
У Дзень Канстытуцыі ў Варшаве ў забегу на 5 кіламетраў перамог Тарас Цялькоўскі – палітычны ўцякач з Беларусі, жыве ў Польшчы па гуманітарнай візе. Ён распавёў пра сваё жыццё тут і Беларусь, дзе нават факт неэміграцыі можа быць пратэстам.
У спаборніцтве маглі ўдзельнічаць грамадзяне Беларусі, якія падпісалі заяву, што выступаюць супраць расійскай агрэсіі супраць Украіны. Побач з іх імёнамі ў спісе вынікаў не было сцяга.
Тарас Цялькоўскі таксама пастар евангельскай царквы. У 2017 годзе ён прабег 500 км за пяць дзён – так адзначыў 500-годдзе беларускага друку.
Тарас распавёў, што не чакаў такой увагі да сваёй асобы, аднак разумее, што вялікай супольнасці вымушаных мігрантаў патрэбныя героі і аднадумцы.
– У Польшчы цяпер жыве вялікая колькасць палітычных уцекачоў з Беларусі. Пастаянна ёсць пошук гісторый актыўных беларусаў, якія нешта робяць, каб узвысіць свой голас супраць рэжымаў. Усё што я раблю – прасякнута каштоўнасцямі. У любым дзеянні ёсць учынак і матывацыя. Некаторыя каштоўнасныя рэчы, за якія я змагаюся душой і целам, відаць, імпануюць пэўным колам людзей. Калі атрымліваецца ўзвысіць голас за гэтыя каштоўнасці, людзі салідарныя і ўдзячныя за падтрымку.
Суразмоўца падзяліўся назіраннямі наконт таго, як быў арганізаваны забег, якая атмасфера панавала.
– Касмічна проста! Самае вялікае адрозненне яно звычайнаму чалавеку нават незаўважна, магчыма. Спартсмен прыедзе паглядзіць: тут туалетаў няма, распраналка не вельмі добрая, на фінішы не прадумалі. Але за ўсім гэтым – фундаментальны падыход да чалавека. Я ў Беларусі прабегаў дваццаць гадоў. На многіх спаборніцтвах няма душа, распранальні такія, што на каленцы пераапранаешся. Гэта спадчына савецкага камунізму, антычалавечнай, прынамсі для мяне, палітыкі. Тут бачна, што ў чалавек – не толькі сродак палітыкі, не ва ўсім, гэта дакладна не ідэальная краіна, але шмат у чым. І калі арганізоўваюць масавыя спартыўныя мерапрыемствы, да людзей ставяцца з павагаю, прадумваюць усё ад пачатку і да канца – ад рэгістрацыі і да вады. Думаю, гэта асноўнае канцэптуальнае адрозненне, якое адлюстроўвае палітычнае стаўленне да чалавека ўнутры краіны.
Тарас гаворыць, што жыве на ўскраіне Варшавы, бегае ў бок бліжэйшай вёскі. Раіць шукаць альтэрнатыўныя маршруты, каб трэніроўкі былі прыемнымі. Напрыклад, аплікацыя Strava, якой карыстаюцца многія аматары бегу, у платнай версіі мае акурат функцыю пракладання новых маршрутаў.
Тарас дзеліцца назіраннем, што гарадскі асяродак у Варшаве арганізаваны з клопатам пра людзей – шмат паркаў і дзіцячых пляцовак, што дазваляе бацькам арганізаваць свой вольны час. Кажа, што Варшава – камфортны горад для жыцця. Аднак ёсць і пэўныя моманты, якія выклікаюць пытанні. Спартовец распавёў, што патрапіў у бюракратычную пастку: адразу памяняць правы кіроўцы на польскія было немагчыма, трэба пачакаць шэсць месяцаў. За гэты час тэрмін дзеяння правоў, якія былі выдадзеныя ў Беларусі, скончыўся. У гэты перыяд ён патрапіў у невялікае дарожна-транспартнае здарэнне з удзелам дарагой машыны. Цяпер ён у працэсе вырашэння гэтых пытанняў.
Гэта адзін з момантаў: выконваецца літара закона, а не дух закона. Аднак у Польшчы законы выконваюцца і дзейнічаюць, чаго, на жаль, не скажаш пра Беларусь.
Тарас Цялькоўскі – вернік, ён хутка знайшоў сваё месца – сям’я далучылася да польска-анаглійскай супольнасці.
– Гісторыя паказвае, што спачатку ёсць салідарнасць, суперажыванне, спачуванне. Але пасля надыходзіць стомленасць, у тым ліку і эканамічная стомленасць, раздражненне. Але пакуль мне падаецца, што палякі велікадушна адкрылі свае дамы і бізнесы, каб людзі, якія бягуць з суседніх краін, маглі інтэгравацца. Плюс, з эканамічнай кропкі, гэта наадварот будзе блаславеннем для гэтай краіны. З Беларусі, напрыклад, з’язджаюць людзі, якія матываваныя працаваць, многія з іх – «белыя каўнерыкі», спецыялісты, занятыя ў інтэлектуальнай сферы, ІТ. Гэтыя людзі прыносяць даволі вялікі працэнт даходу эканоміцы. Я баюся памыліцца, але рабочыя з Украіны, да вайны іх было каля 1,5 млн чалавек занятыя ў будаўніцтве, прыносяць 1,5 – 2 % ВУП. Гэта ж вялікая лічба. Колькасць бежанцаў стымулюе рост эканомікі. Мы не сутыкаліся з негатыўным стаўленнем. Але мой знаёмы з ЗША ішоў з чамаданам і нейкая жанчына пачала казаць яму, каб ехаў назад ва Украіну, хаця ён зусім з іншай краіны. У любым грамадстве ёсць людзі эмпатычныя і салідарныя, ёсць такія, што проста будуць бурчаць.
Тарас Цялькоўскі прызнаецца, што вымушаны ад’езд даволі траўматычны. Ён параўноўвае стрэс ад эміграцыі з сур’ёзнай стратай здароўя – сацыяльныя сувязі сяброўства і любові разарваліся, гэта балюча:
– Я невялікі фанат беларускіх гарадоў, але моцна люблю беларускую прыроду, беларускія вёскі, беларускія глазураваныя сыркі і беларускіх людзей. Таму я чакаю моманту, калі мы зможам вярнуцца і ўдзельнічаць у адбудове беларускага жыцця.
Разам з тым большасць знаёмых і сяброў майго суразмоўцы працягваюць жыць у Беларусі. Паводле яго слоў шмат хто з іх застаецца ў Беларусі, дзе парушаныя нормы права і законнасці, з ідэйных прычын. Гэтыя людзі вызначылі для сябе чырвоныя лініі, пакуль яны не парушаныя, размовы пра ад’езд не ідзе.
– Яны выбіраюць быць у Беларусі, служыць Беларусі і людзям, быць прыкладам стойкасці, супраціву. Нават калі няма выразнага супраціву, але застаешся там, працягваеш там жыць, гэта таксама можа быць пэўнай формай пратэсту. Цяпер часы партызаншчыны: не можаш нічога пісаць публічна ці рабіць, бо адразу прыйдуць супрацоўнікі сілавых структур. Многія бачаць сэнс і каштоўнасць у тым, каб заставацца ў Беларусі. Усе разумеюць, што адбываецца. Прынамсі ў маім акружэнні няма інфантыльнага стаўлення да падзей. Усе разумеюць глыбіню дэградацыі нашых заканадаўчых органаў, правасуддзя, усе разумеюць, што адбываецца з сімбіёзам з рускай уладай і падтрымкай уладаў нападу на Украіну. Але ў звязку з каштоўнасцямі і ідэямі яны застаюцца і служаць людзям.
Я люблю бегаць доўгія дыстанцыі, мароны. Марафон – доўгі забег, але ёсць фініш, канец, калі ёсць радасць. Унутрана я адчуваю, што мы з вамі ў марафонскай дыстанцыі, але я бачу фініш, у якім будзе шмат радасці ад таго, што мы туды дайшлі, перамаглі. Я вельмі спадзяюся, што гэта будзе бліжэйшая будучыня, максімум – некалькі год.
вх