Ужо заўтра будуць абвешчаныя лаўрэаты дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройца. Ужо заўтра будуць абвешчаныя лаўрэаты дзясятага юбілейнага сезону прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмія ўручаецца за найлепшую кнігу, напісаную на беларускай мове ў жанрах мастацкай і дакументальнай прозы. Цырымонія ўручэння будзе праходзіць упершыню не ў Беларусі.
Размаўляем з намесніцай старшыні Беларуска ПЭН-цэнтра
Таццянай Нядбай.
Слухайце размову ў далучаным файле
– Гэтая прэмія ўручаецца за найлепшую празаічную кнігу на беларускай мове. Дзясятае ўручэнне мы, на жаль, вымушаныя арганізаваць у Варшаве. Бо ў Мінску не можам гарантаваць бяспеку для ўдзельнікаў і арганізатараў цырымоніі. Мы вырашылі скарыстацца сітуацыяй, што сёння даволі шмат прадстаўнікоў беларускіх культурніцкіх ініцыятываў, беларускіх пісьменнікаў ды і ладная частка Беларускага ПЭНу цяпер у Варшаве, і зрабіць офлайн цырымонію тут. Але будзе і анлайн, каб усе зацікаўленыя, усе аўтары змаглі далучыцца і паўдзельнічаць у цырымоніі.
Іронія ў тым, што дзесяць год таму, калі прэмія была заснаваная, суарганізатарамі яе, акрамя ліквідаваных уладамі Беларускага ПЭН-цэнтра і Саюзу беларускіх пісьменнікаў, была амбасада Польшчы. Але ўжо год, як з Мінска адкліканы для кансультацый пасол Польшчы ў Беларусі. Цырымонія, якая будзе офлайн у Варшаве, зробіць магчымым удзел польскіх партнёраў.
Але спадзяемся, што 11 цырымонію ўручэння прэміі імя Ежы Гедройца мы зможам правесці ўжо ў Мінску.
Таццяна падкрэслівае, што ў цяперашніх умовах многіх асобаў, якія дапамагалі ў тым, каб было магчыма арганізаваць дзясяты сезон прэміі імя Ежы Гедройца, падчас цырымоніі папросту будзе немагчыма назваць з мэтаў бяспекі. Таму падзякі будуць ананімнымі – без прозвішчаў, без згадвання інстытуцый.
Шот-ліст Прэміі выглядае так:
Таня Скарынкіна, кніга «Райцэнтр». Непрыкметная на першы погляд Смаргонь гаворыць унікальным Таніным голасам – і робіцца літаратурай.
Сяргей Абламейка «Каліноўскі і палітычнае нараджэнне Беларусі». Доктар гісторыі Сяргей Абламейка па-новаму разглядае асобу і дзейнасць Кастуся Каліноўскага і бачыць за яго сацыяльнай рыторыкай глыбокі нацыянальны зьмест.
Сяргей Календа «Акварыум. Гісторыя аднаго юнацтва» «Акварыум» завяршае трылогію, пачатую кнігай «Падарожжа на край ложка» і падхопленую «Часам панкі паміраюць». Аповесць – складзеная з фрагментаў гісторый кахання і любові двух герояў, якія не зусім рэальна і кожны па-свойму глядзяць на сваё жыццё і на сваіх жанчын.
Андрэй Федарэнка і яго раман «Жэтон на метро». Новы раман Андрэя Федарэнкі «Жэтон на метро» знешне нібыта працягвае прыгодніцкую тэму двух яго папярэдніх кніг, «Афганскай шкатулкі» і «Шчарбатага талера» (паводле апошняга на «Беларусьфільме» зняты тэлевізійны міні-серыял), толькі разлічаны не на падлеткаў, а на дарослых. У межах крымінальнай гісторыі ў рамане арыгінальна разгортваецца вечны сюжэт злачынства і пакарання.
Артур Клінаў, раман «Локісаў». «Герой нашага часу – хто ён? Чалавек з двайной ідэнтычнасцю? Асоба з другім, прыхаваным жыццём? Партызан? Пярэварацень? Палітык, які прамаўляе тое, што хоча чуць ад яго публіка, але ніхто дакладна не ведае, што ў яго ў галаве». Хоць раман ствараўся амаль тры гады і быў закончаны яшчэ год таму, але падзеі, якія апісаны у ім амаль па-прароцкі адлюстроўваюць тое, што сёння адбываецца у Беларусі.
Ева Вежнавец, раман «Па што ідзеш, воўча?». Рына, алкагалічка сярэдніх гадоў, з неахвотай едзе на пахаванне сваёй бабкі ў забытую богам беларускую глушэчу. Пакуль памірала яе старая, Рына займалася чужымі ў дамах шчаслівай старасці на Захадзе. Адзінае, чаго яна хоча цяпер, – спакой. Але дома яе чакае неспадзяванка – старыя грахі і спадчына маюць доўгія цені. Ці можна ўсё выправіць, калі ты і блізка не цягнеш на гераіню? Рыне трэба пахаваць бабку, адкапаць каханка, аднавіць крыніцы, ніколі не прыходзячы ў поўную свядомасць.
Жанр гэтай кнігі – балотная казка. Гэта цяжкая, але выдатная гісторыя, якая шмат што расказвае пра гісторыю Беларусі і яе людзей цягам апошніх ста гадоў.
Намесніца старшыні Беларуска ПЭН-цэнтра
Таццяна Нядбай падкрэслівае, што хаця Вярхоўны суд Беларусі пазбавіў ПЭН рэгістрацыі, як і дзясяткі іншых грамадскіх арганізацый, праца не спыняецца. Кіраўніцтва Беларускага ПЭНа будзе шукаць магчымасці працаваць легальна і спадзяецца, што ўрэшце зможа аднойчы зарэгістраваць ПЭН-цэнтр зноў Беларусі.
Што тычыцца творчасці ў такіх няпростых умовах, то, па словах Таццяны Нядбай, усё вельмі індывідуальна. Нехта замаўкае, а нехта наадварот бачыць імпульсы да творчасці ў падзеях.
– Апошнія гады паказалі, што жыццё цікавейшае за літаратуру. Тое, што з намі адбылося, мне падаецца, вельмі ўзрасціла нас, дазволіла нам падняцца па-над сабою, і ў творчым сэнсе таксама. Творчы працэс – вельмі індывідуальны, нельга казаць за ўсіх агулам.
Хтосьці фіксуе ўражанні ў дзённіку і гэты дзённік выходзіць, хтосьці піша паэтычны дзённік і ён выходзіць, як Дзмітрый Строцаў, напрыклад. Хтосьці, як Святлана Алексіевіч, піша кнігу ў сваім жанры і стылі. Хтосьці піша, а хтосьці замаўкае. І можа быць для таго, каб некалі зноў пачаць пісаць.
Хтосьці пачынае пісаць толькі калі апынаецца ў бяспецы. Я чула і такія гісторыі ад калег, якія расказвалі, што ў Беларусі доўгі час не маглі пісаць, але як выехалі, ачунялі і прыйшлі ў сябе, зноў з іх пачала ліцца літаратура.
Напэўна, я б нават сказала, што мы можам быць удзячныя той рэчаіснасці, якая дала нам столькі эмоцый і перажыванняў, якія цяпер можна выплёхваць на паперу.
Далучыцца да трансляцыі Прэміі можна будзе
па спасылцы 26 лістапада а 16.00 (па мінскім часе) або а 14.00 (па варшаўскім часе).
вх