- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Мушу вас запэўніць, што звяруга мае моцныя капыты, хвост і рогі, але ж да чорта не дацягвае па статусе, габарытах і настроі. Больш нагадвае быка з карыды. Дык гэта я пра каго? Не палохайцеся. Я не буду распавядаць пра чарговую тэлевізійную нятленку, дзе супер-герой ператварыўся ў мутанта, не будзе і змрочных казак пра містычнае з'яўленне нябожчыкаў-паэтаў на чарговым паэтычным слэме. Я — пра альманах «Тэксты», які і ёсць тая доўгачаканая літаратурная звяруга, якая выклікае на бой усё тое няздарнае і ваяўнічае, што так утульна атабарылася апошнім часам у самых цёплых і сытных месцах творчага асяродку. На жаль, мушу канстатаваць, што многа чыноўнікаў (як дзяржаўных, так і гэтак званых незалежных — тут колер неістотны) з задавальненнем нацягваюць на сябе коўдру пад назвай «шматпакутная беларуская літаратура». I не было б так крыўдна з гэтай нагоды, калі б праз гэтае не было перашкоды літаратурнаму працэсу: неардынарныя літаратары застаюцца па-за кантэкстам. Спадзяюся, што альманах «Тэксты» змяняе сітуацыю да лепшага — выцягвае з ценю шмат актуальнага і таленавітага. Не хочацца, каб і гэтая прастора ператваралася толькі ў тусоўку для тусоўкі. Наперад! (Зміцер Вішнёў, Некалькі словаў пра звяругу)