Трэці дзень пратэстаў у Беларусі
2020-08-12 10:05
У Менску і яшчэ больш як у дзесяці гарадах Беларусі трэці дзень
працягваюцца масавыя пратэсты ў сувязі з абвяшчэньнем Аляксандра
Лукашэнкі пераможцам на прэзыдэнцкіх выбараў.
Найбольш масавыя пратэсты праходзяць у сталіцы, але выступы, сутыкненьні
і разгоны адбываліся і ў Асіповічах, Берасьці, Ваўкавыску, Горадні,
Жабінцы, Лідзе, Нясьвіжы, Ракаве, Фаніпалі. Дэманстранты выйшлі на
пратэст, нягледзячы на відэазварот кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай,
запісаны ў будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі і зачытаны ёй з паперкі.
Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Літве — штаб сьцьвярджае, яе вывезьлі
прадстаўнікі ўлады.
Калі ў Менску 9 жніўня пратэст і брутальны разгон шматтысячнай
дэманстрацыі адбыўся ў цэнтры гораду, ля Стэлы і на Нямізе, 10-га — у
блізкіх да цэнтру мікрараёнах, побач з мэтро «Пушкінская» і гандлёвым
цэнтры «Рыга», то 11 жніўня эпіцэнтры супраціву перайшлі ў больш
аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная горка, Серабранка, парк
Паўлава. Пратэсты 11 жніўня сталі менш люднымі, у іх удзельнічалі па
некалькі соцень чалавек у кожным з названых месцаў. Кіроўцы працягвалі
падтрымліваць пратэстоўцаў сыгналамі, але ўжо менш актыўна, чым у
ранейшыя дні.
Вечарам на цэнтральныя плошчы, да адміністрацыйных будынкаў, да Стэлы і
на месца сьмерці дэманстранта ля «Пушкінскай» людзей не пускала вялікая
колькасьць сілавікоў. Чакалася, што «Пушкінская» магла стаць асноўным
месцам пратэсту: цэлы дзень туды несьлі кветкі, чаплялі на агародкі
белыя стужкі.
Сем станцыяў мэтро былі закрытыя ў розны час, у тым ліку «Пушкінская».
Апошняя была закрытая, заблякаваная АМАПам, там пачаліся першыя
затрыманьні — з 19 да 20 гадзіны карэспандэнт Свабоды бачыў там ня менш
за 10 затрыманьняў, у тым ліку непаўналетняга раварыста — яго
адмаўляліся вызваліць, але замест яго ў машыну сілавікоў сеў бацька.
У Каменнай горцы і Серабранцы дэманстранты перагароджвалі вуліцы, спрабавалі збудаваць барыкады са спадручных сродкаў, якія сілавікі хутка разьбіралі.
Гучалі шматлікія выбухі шумавых гранатаў, страляніна чэргамі, людзі ў адказ запускалі фэервэркамі,
кідалі з вокнаў дамоў бутэлькі з вадой. АМАП разганяў дэманстрантаў на
вуліцах і ў дварах. Асноўныя пратэсты адбыліся да 1-й гадзіны ночы, але працягваліся і пасьля — а палове на другую пачаліся ў Малінаўцы.
Ва Ўруччы і на Каменнай горцы, паведамлялі пра «мэтавыя» жорсткія
затрыманьні і зьбіваньні матацыклістаў і кіроўцаў аўтамабіляў, у тым
ліку з элемэнтамі пагоні. Таксама матацыклістаў затрымлівалі ў цэнтры гораду. У Каменнай горцы паведамлялі, што сілавікі стралялі прыцэльна па вокнах гумовымі кулямі. Як і ў папярэднія
дні, затрымлівалі і зьбівалі журналістаў, адбіралі карты памяці, у тым
ліку ў Менску разьбілі камэру журналісту Associated Press Сяргею Грыцу,
намагаліся разьбіць камэру карэспандэнтаў BBC, жорстка зьбілі ў Горадні
журналістаў Яна Романа, Руслана Кулевіча, Алеся Дзянісава. Затрыманьне
галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча сілавікі
пацьвердзілі, але дзе ён, невядома. Невядомы і лёс шэрагу затрыманых
журналістаў у Менску.