«Тры гадзіны ў пакоі зь сілавікамі»
2020-08-11 16:00
Калесьнікава расказала падрабязнасьці зьнікненьня Ціханоўскай
Прадстаўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі заявіла, што разумее выбар Сьвятланы Ціханоўскай.
11 жніўня Марыя Калесьнікава правяла прэс-канферэнцыю, на якой расказала падрабязнасьці зьнікненьня Сьвятланы Ціханоўскай.
«Учора каля 16 гадзінаў мы са Сьвятланай
Ціханоўскай паехалі ў ЦВК падаць скаргу, — расказала Калесьнікава. — Не
змаглі выйсьці на плошчы, было шмат людзей у чорнай форме. У выніку мы
зайшлі на прахадную, але далей нас не хацелі прапускаць. Сьвятлане не
дазвалялі зайсьці ў будынак ЦВК разам з адвакатам Максімам Знакам. У
выніку я засталася на прахадной, у будынак ЦВК зайшлі Сьвятлана і
адвакат Максім Знак. Там Сьвятлану запрасілі ў кабінет Лідзіі Міхайлаўны
Ярмошынай, яна зайшла туды, аднак адвакат застаўся чакаць у прымальні.
Ярмошына вельмі хутка выйшла з кабінэту, Сьвятлана засталася там адна з
двума высокапастаўленымі прадстаўнікамі сілавых структураў. Гэта
доўжылася 3 гадзіны. За гэты час у кабінэт заходзілі людзі зь
відэаапаратурай. Сьвятлана была там бяз сувязі з намі. Нядаўняе відэа —
вынік тых трох гадзін».
Калесьнікава таксама сказала, што даведалася аб ад’езьдзе Ціханоўскай у Літву сёньня раніцай з СМІ.
«У мяне ёсьць вельмі вялікае пытаньне да
Лідзіі Ярмошынай, — дадала яна. — Па якім праве кандыдата ў прэзыдэнты
без адваката затрымліваюць у адным кабінэце з прадстаўнікамі сілавых
структураў на працягу трох гадзін?»
Калесьнікава ня стала асуджаць ад’езд Сьвятланы Ціханоўскай зь Беларусі. Яна сказала, што разумее выбар кандыдаткі ў прэзыдэнты.
«Я разумею выбар Сьвятланы. Разумею, як складана ён ёй даўся. Сьвятлана, ты герой», — сказала Калесьнікава.
З словаў Марыі Калесьнікавай, яна не зьбіраецца зьяжджаць з краіны і працягне працаваць у штабе Віктара Бабарыкі.
Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова таксама
расказала, што зь Беларусі Ціханоўская зьехала разам з кіраўніцай свайго
выбарчага штабу Марыяй Мароз, месца знаходжаньня якой не было вядомае
на працягу трох апошніх дзён. Кавалькова падкрэсьліла, што лічыць
пераможцай на выбарах прэзыдэнта Беларусі менавіта Сьвятлану
Ціханоўскую.
«Тое, што Сьвятлана зьехала, не скасоўвае
гэтай перамогі, — сказала Кавалькова. — Улады павінны пайсьці на дыялёг з
пратэстоўцамі. У эскаляцыі канфлікту вінаватыя толькі ўлады Беларусі. Я
заклікаю ўлады спыніцца і пайсьці на дыялёг. Сьвятлана і каманда
заўсёды гаварылі пра мірныя і легальныя спосабы абароны свайго выбару. У
нас цяпер дзьве задачы — абараніць наш выбар і спыніць кровапраліцьце.
Як бы нам усім ні было цяжка, мы павінны адмовіцца ад гвалту і абараняць
наш выбар мірнымі спосабамі».
Кавалькова таксама паведаміла, што штаб Сьвятланы Ціханоўскай
працягвае працу. Сустрэча яе давераных асобаў заплянаваная на сёньня, 11
жніўня.