«Трывушчасць – найлепшая рыса нашага народу». Святлана Курс правяла адкрыты ўрок беларускай мовы
2026-02-23 12:06
Беларуская пісьменніца Святлана Курс (псеўданім — Ева Вежнавец), аўтарка перакладзенай на некалькі моваў кнігі «Па што ідзеш, воўча?», лаўрэатка прэміі Гедройця, 22 лютага правяла ў Варшаве адкрыты ўрок беларускай мовы. Удзельнікі дзяліліся сваімі любімымі словамі, прымаўкамі, расказвалі пра месца роднай мовы ў сваім жыцці. У мерапрыемстве ўзяла ўдзел карэспандэнтка «Белсату» і расказвае ў матэрыяле, як яно прайшло.
«Смачнае слоўца, якое грэе душу»
На ўрок роднай мовы са спадарыняй Святланай у парафіяльным доме беларускага каталіцкага душпастырства ў Варшаве сабраліся каля 40 чалавек. Пасля прывітальнага слова ксяндза Вячаслава Барка пісьменніца прапанавала кожнаму ўзгадаць сваё ўлюбёнае слова па-беларуску. Яна ж пачала першай і напісала на дошцы слова «мэрам».
«Гэта старое слова, яно значыць „быццам“, „нібыта“. Вельмі мне падабаецца», — растлумачыла Ева Вежнавец.
Ксёндз Вячаслаў назваў слова «хараство». Пакрысе ўдзельнікі пачалі падыходзіць да дошкі, і яна запоўнілася беларускімі словамі: імпэт, матуля, сёлета, сонейка, жонка, паніва, татуля, сябры, пушча, грай, пагост.
«Маё слова — поплаў. Яно з дзяцінства, туды можна было пабегчы, гуляць, і ніхто на цябе не сварыўся», — расказала адна з удзельніц.
Яшчэ адна беларуска згадала слова «вырай».
«Бо я чакаю буслоў, чытала, што яны ўжо вылецелі», — сказала яна.
«Швэдар — бабуля заўсёды казала, каб я надзеў швэдар», — сказаў іншы ўдзельнік.
Святлана Курс тым часам дадала яшчэ тры свае любімыя словы: мачанка («вельмі смачнае, цудоўнае слоўца, якое грэе душу»), коця («з беларускіх спеваў і калыханак пра шэранькага каточка») і трывушчасць.
«Трывушчасць — самая лепшая рыса нашага народу. Тут няма адмоўна зараджаных словаў, акрамя гэтага майго, — тлумачыла пісьменніца. — Трывушчасць патрэбная, каб выжыць, перадаць традыцыю. Ні пра які іншы народ нельга сказаць, што ён трывушчы, бо ён не мусіць трываць. А мы — трывушчыя, бо мусім».
Адкрыты ўрок роднай мовы з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) у парафіяльным доме беларускага каталіцкага душпастырства ў Варшаве да Дня роднай мовы. Варшава, Польшча. 22 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Паняверка
Святлана Курс сказала, што прыйшла не ўрок даваць, а проста паразмаўляць і паслухаць людзей, бо не мае права некага нечаму вучыць, паколькі не мае «ніводнай непахіснай ідэі».
«Кожны панятак у мяне падвяргаецца вялікаму сумневу, я шмат у чым з часам расчароўваюся. Таму жыву як набяжыць. А што такі чалавек можа перадаць? Таму я прыйшла проста пагутарыць».
Пісьменніца прызналася, што апошнімі днямі яна «ў страшнай паняверцы» пасля смерці кнігавыдаўца Рамана Цымберава. Спадарыня Святлана расказала, як напісала ў «Фэйсбуку» пост пра яго і пра іншых беларусаў, на якіх трымаецца культурнае жыццё ўнутры краіны.
«Мне тады напісалі з Беларусі — здымі пост, не хвалі людзей, бо тут нібы дэментары, як толькі ўбачаць штосьці гарачае і светлае, ідуць на яго. Я пост зняла. На тых, на кім там усё трымаецца, рэжым пайшоў хапуном. А людзі ж не могуць увесь час жыць пад прэсам і стрэсам. Ім хочацца ўсяго з гэтага (спадарыня Святлана паказала на словы на дошцы) — на буслоў глядзець, і імпэту хочацца, і жонку, і маму бачыць. А хто з нас можа ўбачыць сёння сваю маму? Многія не могуць убачыць. У такой паняверцы вельмі цяжка працягваць дзейнасць. Няма за што ўхапіцца».
Адкрыты ўрок роднай мовы з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) у парафіяльным доме беларускага каталіцкага душпастырства ў Варшаве да Дня роднай мовы. Варшава, Польшча. 22 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Пісьменніца расказвала, як спрабавала суцешыцца ў гэтым стане:
«Думала пра абязбольваючыя таблеткі, алкаголь, а потым падумала пра Цела Хрыста, што мо калі я Яго прыму, мне стане лепш. І гэта спрацавала. Мне стала лягчэй, і я магу ісці далей».
«Самыя цёмныя часы — перад світанкам»
Спадарыня Святлана заклікала прысутных, нягледзячы на ўсе паняверкі, не забывацца пра асабістае шчасце, каб захаваць сябе да светлых часоў, «якія вось-вось настануць». Пісьменніца падзялілася адчуваннямі, што цярпець беларусам засталося нядоўга, «і нават ГУБАЗіК і Лукашэнка гэта ведаюць, што гістарычна цёмныя часы, якія цягнуцца ўжо каля 500 гадоў, з таго моманту, як утварылася Расея як дзяржава, хутка скончацца». Але менавіта перад світанкам бываюць самыя цяжкія часы, «калі людзі пад маральным, фізічным прыгнётам, як нашыя палітвязні». І ў гэты цёмны час, перакананая Ева Вежнавец, трэба радавацца простым рэчам і працягваць нашую мову і традыцыю, але калі гаворым па-беларуску — думаць таксама пра тое, што мы кажам, пра сэнс сказанага.
Пісьменніца лічыць, што Беларусь неўзабаве стане адным з духоўных і матэрыяльных лакаматываў у Еўропе.
«Бо няма больш галоднага народу, настолькі згаладалага па свабодзе, самарэалізацыі, па тым, каб не насіць цяжар на сваіх плячах. На беларусах жа ў Беларусі цяпер цяжар несвабоды і рэпрэсіяў, але яны маюць там Беларусь. А мы жывём тут, у эміграцыі, у нас больш свабоды, але мы сіроты і не маем глебы пад нагамі. А бацькаўшчыну нічым не заменіш. Польшча — цудоўная краіна, але гэта не Беларусь. Але неўзабаве ўсё зменіцца, і мы павінны падысці да гэтага моманту здаровымі, маральна не скалечанымі. Каб убачыць, як выбухне беларушчына», — казала пісьменніца.
Адкрыты ўрок роднай мовы з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) у парафіяльным доме беларускага каталіцкага душпастырства ў Варшаве да Дня роднай мовы. Варшава, Польшча. 22 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Спадарыня Святлана згадала, як на пачатку 1990-х гадоў за тры — чатыры гады «шыбануў угару беларускі дух». Цяпер у Беларусі ўсё інакш — там «зразаюць жыватворны беларускі слой і прыносяць на яго месца слой расейскай культуры» ад народу, які «цяпер у маральна-духоўным крызісе, заваёўвае іншых людзей і таму не можа спарадзіць нічога добрага».
«Яны могуць прынесці толькі дэградацыю, нават не маральную, а эстэтычную, што вельмі страшна», — адзначыла выкладчыца адкрытага ўроку.
Годнасць
Спадарыня Святлана выказала ўпэўненасць, што беларусы ўсё пераадолеюць і стануць свабоднымі, і заклікала ставіцца да сябе і да іншых з літасцю.
«Калі я памірала ад раку, а ў мяне 4-я стадыя — я праўда памірала, ксёндз Вячаслаў удзяліў мне апошняе намашчэнне і адпусціў грахі. Я сапраўды памірала, а цяпер стаю перад вамі практычна здаровая. Так, гэтая хвароба будзе вяртацца, але людзі моляцца, ксёндз дапамог, ёсць заўсёды надзея і ўваскрасенне. Я сваё ўваскрасенне прайшла, таму не маю права несці паняверку, бо нам усім адпушчана шмат святла і шчасця. Вось-вось будзе вясна і прыляцяць птушкі, у нас наперадзе шмат працоўных шчаслівых стваральных дзён. Няхай будзе блаславёны наш Бог, нашая зямля і людзі», — такімі словамі Ева Вежнавец скончыла ўрок.
Адкрыты ўрок роднай мовы з пісьменніцай Святланай Курс (Евай Вежнавец) у парафіяльным доме беларускага каталіцкага душпастырства ў Варшаве да Дня роднай мовы. Варшава, Польшча. 22 лютага 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
Вячаслаў Барок тым часам згадаў яшчэ адно слова — годнасць, а ў сувязі з ім — нядаўна вызваленага пасля інсульту палітвязня Міколу Статкевіча, які «даў нам пасланне — жывіце годна».
«Годнасць вельмі важная ў нашым жыцці. А я перакананы, што калі мы хочам жыць годна, павінны ўшанаваць сваю мову. Без матчынай мовы чалавек нямы. Каб жыць годна, трэба навучыцца сваёй мовы. Калі хто не валодае, рэцэпт просты — набыць буквар і літары складаць у словы, а словы ў сказы», — сказаў святар.
Напрыканцы на прапанову Святланы Курс кожны з прысутных па чарзе мог расказаць пра беларускую мову ў сваім жыцці, згадаць прымаўкі, словы, песні. Госці ўроку спявалі «Рэчаньку», «Купалінку», распавядалі, як пачалі размаўляць па-беларуску, якія выразы ўжывалі ў штодзённым жыцці іхныя бабулі і дзядулі, дзяліліся ўласным досведам рэпрэсіяў і зняволення, а таксама адчуваннем еднасці, якая панавала ў залі.
Ганна Ганчар kuharibu.it