- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
За некалькі тыдняў да выбараў Прэзідэнта ў Заброддзе прыехалі на чырвоных «Жыгулях» незнаёмыя мясцовым жыхарам людзі, іх было двое — жанчына і мужчына сярэдняга веку, нават росту і камплекцыі аднолькавай: таўстуны. Не вылазячы з легкавіка, мужчына папытаў у першага стрэчнага, дзе жыве цешча Томаша. Першым стрэчным аказаўся калгасны конюх і сусед старой Сьцепаніды, якая чамусьці спатрэбілася гэтым загадкавым людзям, вясковы баламут Сашок. Сашок, пачуўшы просьбу, ажывіўся: — Здолею паказаць? Пакажу! І рабіць нечага! Па маіх спасобнасьцях! Глядзіце сюды!.. — І ён, павярнуўшыся да легкавіка сьпіной, вытыркнуў наперад руку. — Вэн за той хатай. Бачыце яе, хату? Бачыце. Не сьляпыя, гляджу: акуляры ня носіце. А за той хатай — і хата Сьцепаніды. Ды што я вам тут буду?!.. – Сашок энергічна павярнуўся, глянуў у салон, дзе месцы, канешне ж, меліся, і неўзабаве сядзеў ужо побач з жанчынай, крыху пацясьніўшы тую. — Пардон, мадам! Пакажу. Прама, а потым налева, зноў прама... (фрагмент)