Ці магчыма паразумецца з Лукашэнкам? Дыскусія экспэртаў
2021-12-21 15:36
Ці магчымае прымірэньне пратэставай і ляялісцкай частак беларускага грамадзтва, да чаго заклікае пісьменьнік Артур Клінаў? Ці варта і магчыма вярнуцца ў часы да 2020 году? Ці застаецца беларускі народ суб’ектам палітычнага працэсу? Якая альтэрнатыва прымірэньню?
Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Вадзім Мажэйка.
Мажэйка
Тэма, што рабіць у будучыні, для беларусаў актуальная. Таму інтэрвію Клінава выклікалі такую гарачую дыскусію.
Клінаў ідэалізуе нядаўнюю мінуўшчыну 2015-2019 гадоў на фоне таго, што адбываецца цяпер.
Наіўна спрабаваць вярнуцца ў мінуўшчыну.
2020 год — вынік таго, да чаго высьпела беларускае грамадзтва.
Так, яно скарысталася пэрыядам адноснай лібэралізацыі 2015-2019 гадоў.
2020 год — неадʼемная частка таго, па чым Клінаў сумуе і куды хоча вярнуцца.
Казакевіч
Рэакцыя на інтэрвію Клінава была больш зьвязаная з эмоцыямі, чым з аналітычным падыходам.
Варыянт Клінава — гэта прымірэньне, кампраміс дзеля незалежнасьці.
Гэты варыянт не рэалістычны, улада ўвесь гэты год дэманстравала, што яна ня хоча ніякага дыялёгу.
Той пэрыяд 2015-2020 году, які Клінаў лічыць «залатым», улада лічыць памылкай.
На думку ўлады, лібэралізацыя, стварэньне грамадзянскіх ініцыятываў, падрывалі рэжым.
Умацаваньне заходняга ўплыву, на іх погляд, спрыяла пратэстам.
Улады могуць спыніць рэпрэсіі толькі тады, калі перастануць лічыць сваіх апанэнтаў палітычнай праблемай.
Схема Клінава прадугледжвае, што людзі забываюць пра гвалт, прычым шчыра забываюць; палітвязьні пішуць пакаяльныя лісты, абяцаюць не займацца палітыкай.
Але ўнутры ўлады занадта шмат боязі паўтарэньня 2020 году.
Шмат хто зь іх не паверыць, што апазыцыя перастала, паводле іх лексыкі, «ірвацца да ўлады», а Захад не зьбіраецца «падрываць канстытуцыйны лад Беларусі».
Усе такія варыянты прадугледжваюць наяўнасьць даверу паміж бакамі.
Гэта тое, чаго ў Беларусі ў прынцыпе няма.
Мажэйка
Крэмль цяжка падазраваць у вялікай любові да субʼектнасьці беларускага народу.
Але Крэмль замаўляе дасьледаваньні, кшталту таго, якое праводзіў ВЦИОМ.
Там хочуць ведаць думку беларускага народу і разумеюць, што беларускі народ уплывае і будзе ўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі.
У развагах Клінава бракуе субʼектнасьці беларускага народу.
Яму бачыцца «рука Крамля» у дзеяньнях новай апазыцыі.
За гэта няма фактаў, ёсьць кансьпіралёгія і паўтарэньне тэзаў беларускай дзяржаўнай прапаганды.
Спадзеў на мірную дэмакратычную эвалюцыю беларускага рэжыму ўзору 2015-2019 году — гэта тое, пра што пісаў у сваім артыкуле ў красавіку летась Яўген Прэйгерман.
Калі зараз паўторыцца тое, што было пасьля 2010 году, то ў якім 2030 годзе мы зноў прыйдзем да паўтарэньня 2020 году.
Клінаў кажа, што асноўныя эмоцыі, якімі ён кіруецца, — гэта стома і страх.
Гэтыя пачуцьці і сапраўды зараз уласьцівыя шмат каму зь беларусаў.
Ёсьць праблемы з унутраным ціскам, прабуксоўваюць заходнія санкцыі.
Няма ідэальнага, лёгкага і гарантаванага шляху зьмены аўтарытарных рэжымаў.
Казакевіч
2020 год — гэта аргумэнт за тое, што беларускі народ мае субʼектнасьць.
У 2018-2019 гадах апазыцыя фактычна прызнавала першынства Лукашэнкі, прызнавала правілы гульні аўтарытарнай дзяржавы.
А ў 2020 годзе робяцца шалёна папулярнымі людзі, якіх да таго ў палітыцы не было.
Людзі не забудуць 2020 году. І тыя, хто спужаўся на тым баку, таксама яго не забудуць.
На шчасьце, у Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, Кіргізстану ці Сырыі, раскол у грамадзтве значна менш глыбокі.
Ёсьць сацыялягічныя апытаньні, паводле якіх большасьць апытаных гатовыя, каб іх апанэнты былі прадстаўленыя ва ўладзе.
Праўда, сярод прыхільнікаў Лукашэнкі большасьць нязгодная з тым, каб іх апанэнты былі прадстаўленыя ва ўладзе.
Няма ўзаемнай нянавісьці, выключэньня магчымасьці палітычнага суіснаваньня.
Грамадзкая аснова для прымірэньня даволі шырокая, калі мы будзем абапірацца на думкі большасьці з кожнага боку.
Мажэйка
«Мяккая беларусізацыя» ў 2015-2019 гадах сапраўды была: мы бачылі, якога колеру былі сьцягі на вуліцах у 2020 годзе.
Гэта адыграла сваю ролю.
Што тычыцца прэцэдэнтаў, дык дастаткова прыгадаць «круглы стол» у Польшчы ў 1989 годзе.
Такія «круглыя сталы» узьнікаюць, калі ўсе часткі грамадзтва ўсьведамляць, што з такім «сталом» лепш, чым безь яго.
Лукашэнка нядаўна на нарадзе казаў, што хопіць ганяцца за апазыцыянэрамі.
Ён таксама ўсьведамляе, што яго сыстэма губляе час.
Калі б мы пайшлі па шляху ўзброенага супрацьстаяньня, няма гарантыяў, што сытуацыя была б яшчэ горшай, чым яна цяпер ёсьць.
Калі б мы «завісьлі» і пэрыяд 2015-2019 гадоў расьцягнуўся яшчэ на 5 гадоў, не ўпэўнены, што гэта было б добра.
Яшчэ ў жніўні 2020 году Каардынацыйная рада і Ціханоўская і прапаноўвалі дыялёг, «круглы стол».
Але гэты дыялёг мусіць быць пра будучыню, а не пра вяртаньне ў мінуўшчыну.
Не на любых умовах варта дамагацца вызваленьня палітвязьняў.
Мяркую, што Марыя Калесьнікава ня скажа „дзякуй“, калі яе вызваляць і вернуць у мінуўшчыну.
Калі палітвязьні выйдуць на ўмовах капітуляцыі, многія зь іх скажуць „Мы не за гэта змагаліся“.
Казакевіч
Аляксандар Лукашэнка і яго прыхільнікі за «круглы стол» не гатовыя.
Яны разумеюць, што такі «стол» прадугледжвае пэўную дэмакратызацыю, больш свабодныя выбары.
Яны тады могуць стаць палітычнай меншасьцю, і невядома, што большасьць зь імі зробіць.
У 1989 годзе польскія камуністы былі ў больш складаным становішчы, Масква тады перастала іх падтрымліваць.
Дэмакратычныя сілы гатовыя да дыялёгу. Ня маючы цяпер нічога, яны ў выніку перамоваў у любым выпадку нешта атрымаюць, нейкае палітычнае прадстаўніцтва.
Што было раней
Пісьменьнік Артур Клінаў у інтэрвію DW і Радыё Свабода выказаў думку, што неабходна прымірэньне пратэставай і ляялісцкай частак беларускага грамадзтва.
Паводле Клінава, формула прымірэньня: прызнаньне права ўлады на ўладу ў абмен на лібэралізацыю: спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў, у пэўным сэнсе вяртаньне ў эпоху да 2020 году, у 2016-2019 гады.
Заявы пісьменьніка выклікалі гарачую дыскусію ў байнэце.