Ці можна вярнуць разбуранае 100 год таму? — Дубавец пра “Дом” Горвата
2025-08-19 15:07
Сяргей Дубавец у адмысловым падкасце «Літаратурныя зацемкі» разважае пра руіны і былую ціхмяную беларускую веліч пасля прачытання новай кнігі Андрэя Горвата «Дом» (Вільня, 2025). Ці можна вярнуць да жыцця разбуранае і занядбанае больш за 100 гадоў таму? Што выйдзе з гэтай спробы?
Пра тое, што літаратар Андрэй Горват разам зь сябрамі набыў колішні палац у Нароўлі, пісалі газэты. І новая кніга, прысьвечаная гэтай падзеі, не пакідала сумневу, што там будзе і гісторыя гэтай угоды, і лёс самога палацу і роду Горватаў, якім ён належаў, а таксама будуць прывіды, таямніцы, цытаты з дакумэнтаў ды ўспамінаў — гэта было прадказальна. Інтрыга палягала ў іншым — у тым, што аўтар замкне ўсю гэтую інфармацыю на сабе і такім чынам будзе ўсё гэта ажыўляць. Так яно ўрэшце і атрымалася.
Кніга «Дом» пранізьліва праўдзівая. Я згадваю, што ў нашых беларускіх асяродках у 1980-я існаваў культ руінаў, якія мы знаходзілі па ўсёй краіне. Тагачасная савецкая рэчаіснасьць, шэрая і ўбогая, з расстаўленымі паўсюль лёзунгамі пра марксізм-ленінізм і што «коммунизм победит», была наскрозь фальшывай. Тым часам мы пачуваліся адкрывальнікамі паўразбураных замкаў, храмаў і палацаў. Руіны Мірскага замку ўражвалі сваёй велічнасьцю і аўтэнтыкай, а значыць — праўдай. Царква ў гомельскай Валатаве стаяла ў руінах і вабіла да сябе на раскопкі, упарадкаваньне, кансэрвацыю, што пад кіраўніцтвам археолягаў пачынала рабіцца цэлым рухам. Мы адчувалі, што літаральна раскопваем праўдзівую Беларусь. Сярод татальнай савецкай фальшы гэта была намацвальная праўда, якую не пасьпелі сьцерці з твару зямлі. У раньняй «Мроі» быў такі хіт: «Храма старога каменьне зрабілася сонца праменьнем — ён асьвятляе наш лёс»... І вось цяпер чалавек набывае палац — кавалак той зьнішчанай Беларусі.
Ты перажываеш той час як свой, у тваіх руках праўда — гэты палац, і ты разумееш, як пачуваўся ягоны гаспадар, бо і ты гаспадар, хоць ты ня надта і прэтэндуеш на ягонае месца, ён Эдвард Горват, выклікае ў цябе, Андрэя Горвата, захапленьне.
Так... Праўдай быў палац — разбураны або цэлы. Але праўдай становіцца і ягоны ўладальнік Эдвард Горват, вось што тут істотна. Ён, чалавек гучны, цялесны, з дагледжанымі пазногцямі і папрасаванымі брывамі, такі і быў. Праўдай гэтых мясьцінаў і гэтых людзей, і ўсяго гэтага жыцьця:
«Дом тут жа выбухнуў тысячай гукаў: яшчэ не напісаным „Вальсам“ Грынько, голасам маладой жанчыны, якая спрагала францускія дзеясловы, крыкамі нямецкіх салдат, якія вялі палонных да месца расстрэлу, савецкім гімнам, сьмехам інтэрнатаўскіх дзяцей, тупатам коней у калідорах»...
У закінутым палацы сцэны колішняга жыцьця ўзьнікаюць проста ў паветры — то дзесьці, то зусім побач матэрыялізуецца сюжэт твайго прыходу ў палац, калі ты хаваесься... ад самога сябе. І раптам запальваецца ліхтар і гучыць жудасны крык...
Я разумею, што гісторыя ў гэтай кнізе будзе забіваць дом. Камунізм зьнішчыў колішнюю Беларусь, і тое, што сям-там засталіся яе сьляды, — чыстая выпадковасьць, недапрацоўка. І вось камунізм сышоў і нам, як ні круці, трэба па фрагмэнтах, цытатах, адчуваньнях — узнавіць праўду. То бок, трэба ўвайсьці ў іншую рэчаіснасьць, якая ўласна і ёсьць рэчаіснасьцю, тады як тое, у чым мы жывем — усяго толькі ілюзія.
Асабіста мне гэтая сытуацыя нагадала фільм Алехандра Аменабара «Іншыя» (2001) зь Ніколь Кідман у галоўнай ролі. Там таксама апавядаецца гісторыя палаца і мы назіраем за жыцьцём сям’і, хоць урэшце высьвятляецца, што насамрэч там жывуць зусім іншыя людзі. Гэта вельмі падступная падмена, зь якой вельмі няпроста выбрацца. І тое самае адбываецца ў кнізе Андрэя Горвата «Дом». Толькі гэта не мастацкі фільм, а самое жыцьцё.
У кнігі ёсьць фармальная папярэдніца. Гэта аповесьць «Шчанячыя гады» Мэльхіёра Ваньковіча, якая на год раней выйшлі ў перакладзе з польскай Язэпа Янушкевіча і пра якую раней я расказваў у літаратурных зацемках.
Ваньковіч апісвае час, калі ягоная сядзіба Калюжычы на Ігуменшчыне была яшчэ жывая і туды, дарэчы, прыяжджаў на госьці Эдвард Горват з Нароўлі. І вось, калі ад Калюжычаў нічога не засталося, мы можам прыставіць да іх Нароўлю, у якой Андрэй Горват мроіць пра новае жыцьцё. Калі б па ўсёй Беларусі — колішняй краіне сядзібаў адбываліся такія прыстаўленьні, гэта і было б адраджэньнем колішняга праўдзівага жыцьця.
Аўтар распавядае гісторыю роду і палаца Горватаў і робіць гэта разьняволена, дадаючы ўласныя эмоцыі ды асацыяцыі, і адзінае, што абмяжоўвае ягоную свабоду — уласны, відавочна не экстравертны характар, які вельмі выразна праступае праз усе апавяданьні, што аднак не замінае, а хутчэй дапамагае тэксту трымаць увагу чытача:
«Але падлога засталася тая самая. Аднойчы я ўсеўся на ёй, дастаў бутэрброд з сырам і ўспомніў, што калісьці мае мары пра палац складваліся ў прыгожыя вобразы: кава на бальконе, туман над Прыпяцьцю, срэбная лыжачка ў кубку. Рэальнасьць падабалася мне болей: трымаць бутэрброд бруднымі пальцамі і разжоўваць цьвёрды сыр, пакуль дом паказваў усё новыя і новыя карцінкі, распавядаў усё новыя і новыя гісторыі.
Калі прыслухацца, можна пачуць, як наверсе, у кабінэце гаспадара, парабкі расказваюць Эдварду, што везьлі па лёдзе на рацэ на санях спрасаванае сена з завода ў Міхнаве, запрэглі дзясятак параконных вазоў цугам, самі селі ў адзін з апошніх, тым часам вада ў пэўным месцы падмыла дарогу, і першая пара коней пайшла пад лёд. За першым возам пайшоў другі, трэці... і толькі на дзясятым коні спыніліся. Эдвард цьвёрда ступае па паркеце, мне на галаву сыплюцца кавалкі тынкоўкі, парабкі апраўдваюцца, я жую сыр, а на Прыпяці за акном рыпіць лёд».
Зьліваюцца розныя часы і падзеі і ўтвараецца такім чынам займальнае чытво. Гэта была Belle Époque — Прыўкрасная Эпоха, з канца ХІХ ст. да Першай усясьветнай вайны. У палацы Горвата ўсё было эўрапейскае (хоць навокал тым часам — Расейская імпэрыя), але цывілізацыйныя арыентацыі гаспадароў палацу былі толькі на захад. Ніякае цывілізацыі з усходу не было, бо не магло быць. Можна хіба пастарацца сабе ўявіць, што такой і была спрадвечная арыентацыя Беларусі, што для нас, напэўна, выглядае нечакана, бо мы іншай, апроч расейскай і ня ведалі, і нам цяжка зразумець, што якраз расейскай арыентацыі яшчэ сотню гадоў таму і да самага пачатку дзён папросту не было.
Натуральнае пытаньне — ці аўтар, Андрэй Горват, асабіста неяк зьвязаны з гаспадарамі палацу? Аднойчы ён называе жонку Эдварда цёцяй. «11 студзеня я наведаў цёцю Гусю». Маецца на ўвазе яе магіла на Павонзках у Варшаве. Але яна была пахаваная ў 1919 годзе. У канцы кнігі ён называе самога Эдварда дзядзем і піша яму ліст: «Дзядзя Эдзя, прывітаньне!» У Вікіпэдыі сьцьвярджаюць, што продкі Андрэя «паходзяць з прыгонных сялян вёскі Прудок Каленкавіцкага раёну» і кажуць пра сугучнасьць прозьвішчаў. Сам Андрэй мяркуе, што ягоныя прашчуры належалі да зьбяднелай галіны роду Горватаў. А называньне цёцяй і дзядзем — ад зжыласьці з вобразамі, ад зрадненьня, якое выглядае натуральна.
Жыць у разбураным палацы сёньня немагчыма — няма столі, вокнаў і дзьвярэй, усё заваленае друзам. Таму аўтар здымае кватэру ў Нароўлі. Думкі ягоныя ўсе аднак пра колішні час, калі ўсё было па-ранейшаму, калі палац быў цэлы, калі там гаспадарыў Эдвард Горват і да яго часам наведваліся госьці:
«Калі вячэра скончылася, Эдвард і Мечыслаў уселіся з чорнай кавай і цыгарамі на палацавай вэрандзе. Я — на бальконе ў арэндаванай кватэры. Так блізка да іх, хацелася далучыцца, але ў мяне не было смокінга». Тут — іранічны намёк на падарожніка Мечыслава, які перад кавай у Нароўлі ня мог не надзець смокінг.
«Абапал дарогі цягнуліся добра дагледжаныя панскія палі», — характэрная фраза для апісаньня колішняй гаспадаркі Горвата. Панскі палац, панскі парк, панскі двор... Слова «пан» у Беларусі ўсё яшчэ адчувае на сабе бальшавіцкую пятлю. Хоць у аснове сваёй яно азначала лад жыцьця, якім і кіраваў той пан. У панскай гаспадарцы, лічы, было задзейнічанае вялікае мноства жыхароў Нароўлі. І ня толькі на ідэальна дагледжаных палях і бясконцых садах, але і, напрыклад, на цукеркавай фабрыцы. Яна вядомая пад назвай «Чырвоны мазыранін», нібыта збудаваў фабрыку ў 1913 годзе памешчык Горват. Але аўтар кнігі выпраўляе гэтую недакладнасьць. Цытую:
«Лічыцца, што кандытарская фабрыка ў Нароўлі паўстала ў 1913 годзе... Але ёсьць зьвесткі, што кандытарскай справай займаўся яшчэ дзед Эдварда — Даніэль Горват. Ён заклаў вялікія склады і запрасіў з Польшчы дасьведчанага кандытара Якава Леваніцкага, які прыехаў у Нароўлю з прыгажуняй жонкай, сэрбкай па нацыянальнасьці, і пачаў кандытарскую вытворчасьць. Першая прадукцыя фабрыкі была выпушчана ў 1855 годзе».
***
«За Нароўляй нічога няма. Мае госьці заўсёды прыяжджалі ніадкуль і зьяжджалі нікуды. Пасьля іх дом пусьцеў. Але гэтыя візыты пакідалі сьляды. У той дзень, напрыклад, я прыйшоў у палац, а ў ім пахла ласосем».
Пахла ласосем, якога елі тут больш за сто гадоў таму. Гэты прыём, дзе Эдвард і Андрэй Горваты жывуць у адным часе і стогадовыя рэаліі эмацыйна адгукаюцца сёньня, вядуць чытача за апавяданьнем праз усю кнігу.
А вось цытата з успамінаў Мечыслава Ялавецкага — пра руіны, што засталіся ад палаца з прыходам бальшавікоў:
«Сёньня, калі я пішу гэта, Прыпяць па-ранейшаму ляніва плыве ў Дняпро, па-ранейшаму з прырэчных лугоў чуваць канцэрт дзеркачоў, па-ранейшаму з паўзмроку вечаровай зары з шумам увальваюцца ў чарот гурты дзікіх качак. Толькі ў Нароўлі тырчаць руіны абпаленых бальшавіцкім пажарам сьцен палаца, вакол пустка і зьнішчэньне, высечаны парк і фруктовыя сады, восеньскі вецер гуляе па руінах і мяце сьнег, і толькі панурае выцьцё ваўкоў уначы перарывае магільную цішыню».
Гэта, вядома, зьнешняя карціна. Сутнасьці таго, што адбылося, колішнія паны ўсьвядоміць не змаглі. Эдвард Горват, пэўна, так нічога і не зразумеў. У 1928 годзе, ужо жывучы ў Польшчы, ён піша ліст Ялавецкаму:
«Каханы пане Мечыславе, перш за ўсё дзякую за прысланую мне кніжку „У дварах і вёсках літоўскіх“... З найлепшымі пачуцьцямі пару разоў перачытаў, расчуліўшыся. Як жа кранае сэрца пяшчота аўтара да вялікіх палацаў нашага Краю, якія грудзьмі баранілі цэлыя пакаленьні, аднак легкадумна пакінулі ў занядбаньні, — няўжо толькі воляю паганых людзей? Але і ў найлепшых я не заўсёды бачу разуменьне нашых правоў і памкненьняў».
Выглядае, што і Андрэй Горват, якога ўрэшце і самога напаткаў падобны лёс, не плянаваў эміграцыю. Пра Эдварда ён піша: «Вымушаная эміграцыя не пазбавіла Эдварда страсьці ўпрыгожваць свой дом». «Вымушаная эміграцыя» — сёньняшнія словы.
«Воляю паганых людзей»... Усё, што можа сказаць звычайны чалавек пра дзікунскія выбрыкі, якія дапускае гісторыя. Ува ўсім бачыцца гэтая «воля паганых людзей», то бок — чалавек і ягонае маральнае аблічча, бо, па вялікім рахунку, ніхто іншы не вінаваты ў войнах, застоях, у зьнішчэньні чужое працы, свабоды і жыцьця.
Паганыя людзі на месцы ідэальнае панскай гаспадаркі не зрабілі нічога, апроч руінаў. Фінал гісторыі перажываецца аўтарам як свой асабісты:
«Па чутках, Эдварда Горвата вывелі з дому з заламанымі рукамі, аднак потым адпусьцілі.
Тут, у палацы, я адчуваў сябе ў пустцы. Сьцены болей не выконвалі свайго прызначэньня і не абаранялі.
Пачуцьцё трывогі нарастала і нарастала.
Я замкнуў дзьверы і пайшоў прэч не азіраючыся. Доўга блукаў па бязьлюдных месцах, хадзіў вузкімі вулачкамі. Але трывога знаходзіла мяне ўсюды і душыла знутры. Вечарам я выехаў у Вільню».
Эдвард Горват, апошні гаспадар Нараўлянскага палацу, ажывае ў кнізе праз аўтара. Аўтар быццам усяляецца ў яго з захапленьнем ад гэтага вялікага ва ўсіх сэнсах чалавека. Эдвард, як было ўжо сказана, не пераставаў займацца гаспадаркай і на іншым канцы Польшчы, каля Познані:
«Гэты чалавек будаваў для дзікіх качак арыгінальныя хаткі і качкі хадзілі за ім, як сабакі. Ён марыў упрыгожыць комін сьпіртзаводу постацьцю вялізнага асілка, які падымаецца па ім у неба, а заходзячы ў велізарную сьвінарню, якая мела атык, як на кракаўскай Сукеньніцы, з парогу крычаў: «Здравствуйте, ребята!», «на што сьвіньні, рохкаючы, адказвалі: „Здравствуйте, Ваше Высокоблагородие“», — згадваў сваяк Генрык Кеневіч.
Падзеі 1918 году накладаюцца на сучасныя 2023-га. І тая самая бяда прыходзіць у беларускі дом. Прычына, як заўсёды, не ў геапалітыцы ці зьмене фармацыяў ці катастрофе, а ў тым, што такая «воля паганых людзей».
Успамінаю, што мы былі тут у 2004 годзе, зь сябрамі езьдзілі ў Чарнобыльскую зону. Быў у нашай падарожнай кампаніі і сёньняшні палітвязень, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі
Алесь Бяляцкі. Ягонае патаемнае жаданьне было — наведаць вёску свайго дзяцінства. Ня быў, мусіць, гадоў дваццаць ці нават болей. Але шчыміць душа літаратара па тых мясьцінах, адкуль ён выйшаў. А вёска дзяцінства з прыгожай панскай назвай Двор — у Нараўлянскім раёне і яшчэ 30 км ад Нароўлі, пад самай украінскай мяжой. Словам, неяк надта доўга мы да яе ехалі. Было ўражаньне, што паглыбляемся ў самую глуш. Нарэшце прыехалі, а вёскі няма. Пару хатаў, абкладзеных цэглай, стаяць руінамі, астатнія проста леглі ў дол.
Уся наша кампанія ажно здранцьвела, назіраючы, як Бяляцкі шукае паваротку ад вуліцы да сваёй хаты і ніяк ня можа яе знайсьці...
Андрэй Горват нідзе ў кнізе не дае візіі будучыні — што ён плянаваў зрабіць у набытым і адрэстаўраваным палацы. Вікіпэдыя піша пра музэйны комплекс і рэстаран, што гучыць абцякальна. У кнізе адно мільгае часам думка — вярнуць палац гаспадарам, ажывіць тыя гісторыі, якія адбываліся тут зь імі, дадаць і новых гісторыяў, адно каб яны быццам перацякалі з колішніх — паводле тых правілаў. Напэўна, новая кніга Дом — гэта першы завершаны і ўдалы вынік вялікай задумы.