Ці перарасьце цяперашняя вайна ў сусьветную? Меркаваньне палітоляга Марозава
2022-02-25 17:02
Якую ролю адыгрывае Беларусь у цяперашняй вайне Расеі з Украінай? Якія мэты ставіць у гэтай вайне Пуцін? Ці можа яна перарасьці ў сусьветную вайну?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае расейскі палітоляг, выкладчык Карлавага ўнівэрсытэту, экспэрт міжнароднай ініцыятывы iSANS Аляксандар Марозаў.
Марозаў
Усе краіны сьвету будуць кваліфікаваць расейскую вайсковую апэрацыю як агрэсію. Лукашэнка зрабіў усё магчымае, каб такая агрэсія ажыцьцявілася ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі. І Лукашэнка будзе трактавацца як агрэсар разам з Пуціным.
Заявы Пуціна, Пяскова і сьпікера Дзярждумы Валодзіна сьведчаць пра тое, што мэтай апэрацыі — захоп ці зьнішчэньне кіраўніцтва Ўкраіны, у тым ліку і прэзыдэнта Зяленскага, словам, зьмяніць уладу ў Кіеве.
NATO ня хоча інтэрнацыяналізацыі канфлікту. Але некалькі краінаў маглі б аказаць вайсковую падтрымку Ўкраіне для абароны яе кіраўніцтва ў Кіеве. Гэта не ўцягнула б Эўропу ў вайну, але было б добрым сыгналам для Крамля.
Пазыцыя Захаду будзе мяняцца. Захад рыхтаваўся да шматмесячнай эскаляцыі. Але такога рашэньня чакалі нямногія. І зараз гучаць галасы на карысьць самых жорсткіх дзеяньняў. Будуць перагледжаныя ўсе эканамічныя сувязі Расеі з замежжам, ня толькі з Захадам.
На мой погляд, Кітай ня ўхваліць гэтую апэрацыю Пуціна, бо гэта разбурае камунікацыі Кітая праз Расею ў Эўропу. Непазьбежная міжнародная кваліфікацыя Расеі як краіны-агрэсара, і Кітаю давядзецца мець з гэтым справу.
Крэмль даў зразумець, што будзе дамагаецца неўмяшальніцтва іншых краінаў у гэты канфлікт, пагражаючы ядзернай зброяй. Крэмль паказаў вучэньні балістычных ракетаў. У сваёй сёньняшняй заяве Пуцін абяцаў краінам, якія падтрымаюць Украіну, наступствы, зь якімі яны не сутыкаліся ў сваёй гісторыі.
Захаду давядзецца мець справу з гэтай пагрозай. Гэты канфлікт можа прывесьці да вялікай вайны. На Захадзе будуць галасы, што ў гэтай сытуацыі кропку ставіць трэба зараз. Ядзерная дзяржава пагражае парушыць глябальную бясьпеку. Я мяркую, што будзе абмяркоўвацца ваенны адказ. Заходнім лідэрам давядзецца вырашаць, чым яны адкажуць на ядзерны шантаж і дзе яго мяжа.
Крамлю было б выгадна інтэрнацыяналізаваць канфлікт, паказаць, што два славянскія народы змагаюцца з «нацысцкай» уладай у трэцяй. Гэта цынічна і падступна, але контур гэтага зразумелы.
Пуцін можа выкарыстаць беларускую армію не супраць Украіны, а супраць Літвы ці Польшчы.
Напад Расеі на Ўкраіну
А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». Ён сказаў, што ў пляны Расеі не ўваходзіць акупацыя ўкраінскіх земляў, і заклікаў украінскіх вайскоўцаў скласьці зброю ды «ісьці дадому».
Расея пачала абстрэлы ўсёй тэрыторыі Ўкраіны. У першы дзень расейцы захапілі востраў Зьмяіны, дзе забілі 13 украінскіх памежнікаў, а таксама Чарнобыльскую АЭС, узяўшы ў закладнікі ўсіх супрацоўнікаў. Паводле апэратыўных зьвестак за 24 лютага загінулі 137 вайскоўцаў і 57 цывільных, атрымалі раненьні 316 вайскоўцаў і 169 цывільных.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвечары 24 лютага падпісаў указ пра ўсеагульную мабілізацыю. Яе павінны правесьці за 90 дзён.
25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, ракета трапіла ў жылы дом, пачаўся пажар. Ідзе бой за 80 км ад Кіева. Расея атакавала яшчэ адзін абласны цэнтар Ўкраіны — Харкаў, а таксама нанесла паветраны ўдар па падраздзяленнях у раёне горада Крапіўніцкі. Украінскае войска адбіла прарыў расейцаў у Чарнігаўскай вобласьці. У абласным цэнтры Сумы працягваюцца баі, у горадзе пажары.
Украінскія войскі страцілі кантроль над Канатопам, ідуць баі за Мелітопаль, Харкаў і Кахоўку.
Расейскія ўлады адмаўлялі магчымасьць уварваньня і заяўлялі, што перамяшчэньне вайскоўцаў унутры краіны — гэта «сувэрэннае права» Расеі, а паведамленьні аб уварваньні назвалі «беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці». У той жа момант спадарожнікавыя здымкі каля мяжы краін дазволілі казаць менавіта пра канцэнтрацыю войскаў, а не іх перасоўваньне.
Улады Расеі правялі перамовы з ЗША і NATO аб гарантыях бясьпекі ў Эўропе. Згодна з расейскімі патрабаваньнямі, ЗША не павінны ствараць вайсковыя базы на тэрыторыі краін былога Савецкага Саюзу, якія не ўваходзяць у NATO, а альянс мусіць спыніць пашырэньне на ўсход. У прыватнасьці, Расея выставіла патрабаваньне не прымаць у NATO Ўкраіну. Аднак краіны Захаду адмовілі расейцам па ўсіх пунктах.
10 лютага пачаліся беларуска-расейскія манэўры ля ўкраінскай мяжы, якія ў выніку скончыліся тым, што расейскія войскі засталіся на тэрыторыі Беларусі, насуперак ранейшым абяцаньням Масквы.
Расея 5 студзеня эвакуявала прынамсі 18 чальцоў сем’яў расейскіх дыпляматаў з тэрыторыі Ўкраіны. Яшчэ каля 30 чалавек выехалі з амбасады Расеі ў Кіеве і з консульства ў Львове ў наступныя дні.
Злучаныя Штаты, Канада, Вялікая Брытанія і іншыя краіны накіравалі зброю ва Ўкраіну. Нямеччына, якая раней абараняла праект газаправоду «Паўночны паток – 2», адмовілася ад паставак зброі і заблякавала такія пастаўкі з Эстоніі, бо там зброя нямецкай вытворчасьці. У Бэрліне пагадзіліся паслаць Украіне толькі палявы шпіталь.
У сярэдзіне лютага шэраг дыпляматычных місіяў, што працуюць ва Ўкраіне, пачалі эвакуацыю сваіх супрацоўнікаў. У прыватнасьці, амэрыканскім дыпляматам на некрытычна важных пасадах загадалі пакінуць Кіеў.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
23 лютага Вярхоўная Рада падтрымала ініцыятыву прэзыдэнта Зяленскага аб увядзеньні на ўсёй тэрыторыі Ўкраіны надзвычайнага становішча на 30 дзён з 00.00 24 лютага.