Ці варта было паўставаць у 2020-м? Дыскусія аналітыкаў
2022-08-05 19:31
Хто быў арганізатарам рэвалюцыйных падзеяў 2020 году? Ці вырашылі тыя падзеі спрэчку пра перавагі мірнага і нямірнага пратэсту? Ці было б непазьбежным расейскае ўварваньне, калі б рэвалюцыя перамагла?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказваюць дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра», доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч і палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч.
Сьцісла
Казакевіч
Тыя ці іншыя суб’екты ў 2020 годзе так ці інакш сталі б каналамі выкіду нэгатыўнай энэргіі, якая назапасілася ў грамадзтве.
Роля грамадзянскай супольнасьці ў падзеях 2020 году не была вырашальнай і нават значнай.
Дзьмітрыева, Канапацкую, Чэрачня тады не падтрымалі таму, што грамадзтва хацела рэвалюцыйнага парадку дня.
У 2020 годзе ўлады сьвядома ўзялі курс на канфлікт.
Ніякіх магчымасьцяў сілавога супрацьстаяньня ў 2020 годзе не было, грамадзтва да гэтага было негатовае.
У 2020 годзе Расея гуляла зь беларускім пратэстам.
Карбалевіч
Калі зараз гучаць папрокі наконт таго, што ня варта было падымацца, то на адрас каго гэтыя папрокі?
Калі пратэсты пачаліся, тытульная апазыцыя апынулася ўбаку.
Калі зьмены насьпелі, яны ні ў кога не пытаюцца, каб прыйсьці.
Праблемай 2020 году быў не характар пратэсту, а адсутнасьць выразнага лідэрства, кіраўніцтва.
Былі недзе 10 дзён пасьля 9 жніўня, калі Крэмль вагаўся, каго падтрымаць у Беларусі.
— Спаўняецца два гады з прэзыдэнцкіх выбараў. Чым далей тыя падзеі сыходзяць у мінулае, тым глыбей мы ўсьведамляем іх сэнс і значэньне. Ці варта было тады паўставаць? Цяпер мы ведаем, што было потым і адбываецца дагэтуль. Але і тады такія розныя людзі, як Яўген Прэйгерман і Зянон Пазьняк, казалі, што ня трэба, што гэта вельмі кепска скончыцца. Яны ня мелі рацыі?
Казакевіч: Гэта гісторыя і гэта палітыка, мы ня ведаем, што было б, калі б людзі не падняліся. І ня факт, што было б лепш. Закручваньне гаек тады пачалося раней — пасьля пратэстаў 2017 году, хоць і не ў такім масавым маштабе.
Большасьць тых, хто тады падняўся, ня ведалі, хто такі Прэйгерман, дый пра Пазьняка таксама ведалі цьмяна. Ня варта перабольшваць ролю грамадзянскай і аналітычнай супольнасьці ў працэсах 2020 году.
Было вельмі моцнае напружаньне ў грамадзтве. І тыя ці іншыя субʼекты ўсё роўна сталі б каналамі выкіду нэгатыўнай энэргіі. Гэтая энэргія назапашвалася на працягу дзесяцігодзьдзя стагнацыі.
Яшчэ адна загадка 2020 году — тое, што ўлады не вялі пазытыўную выбарчую кампанію. Гэта ўсё і прывяло да палітычнага крызісу.
Карбалевіч: Любая рэвалюцыя — гэта выбух калектыўнага падсьвядомага. Калі зараз гучаць папрокі наконт таго, што ня варта было падымацца, то на адрас каго гэтыя папрокі?
Прэйгерман у красавіку 2020 году пісаў ліст наконт прымірэньня і ён быў адрасаваны тытульнай апазыцыі. Але калі пачаліся пратэсты, гэтая тытульная апазыцыя аказалася ўбаку. Пасьля правалу праймэрыз апазыцыя зьбіралася байкатаваць прэзыдэнцкія выбары.
У грамадзтва тады не было кіраўнікоў, або яны па ходу працэсу мяняліся і зьяўляліся іншыя. Калі зьмены насьпелі, яны ні ў кога не пытаюцца, каб прыйсьці.
Ня сталыя структуры грамадзянскай супольнасьці былі тады рухавікамі пратэстаў. Падчас пратэстаў зьявілася новая інфраструктура грамадзянскай супольнасьці ў выглядзе чатаў і дваровых супольнасьцяў.
— Як, кім кіраваўся пратэст 2020 году? У 2006 і 2010 гадах палітычныя лідэры заклікалі людзей на Плошчу і кіравалі ёю. А хто кіраваў шматмесячнымі пратэстамі ў 2020 годзе? Ціханоўская і Бабарыка да іх нават не заклікалі.
Казакевіч: Была вялікая нэгатыўная энэргія. Часам яна выплюхвалася праз арганізаваныя структуры — праз штабы кандыдатаў у прэзыдэнты, праз традыцыйныя мэдыя. Але тады зьяўляліся і новыя каналы камунікацыі і ўзаемадзеяньня — тыя ж тэлеграм-каналы.
Тады палітызавалася і грамадзянская супольнасьць, і бізнэс. Але гэта не выглядала як кіраваны працэс.
Тады рабілася відэа, ставілася ў Тэлеграм і набірала сотні тысячаў праглядаў. Калі нават тыя самыя людзі спрабавалі гэта рабіць у 2021 годзе, гэта ўжо не працавала.
А ў 2020 годзе хацелі крытыкі. І ня слухалі галасоў, якія заклікалі да асьцярожнасьці і памяркоўнасьці. Ня трэба забываць, што акрамя Ціханоўскай былі ж і іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты — Андрэй Дзьмітрыеў, Ганна Канапацкая, Сяргей Чэрачань.
Але яны выціскаліся з інфармацыйнай прасторы, бо не давалі рэвалюцыйнага парадку дня.
Некаторыя прамовы Дзьмітрыева былі лепш структураваныя, чым прамовы Ціханоўскай. Але грамадзтва ўспрымала яе, а не яго.
Людзі хацелі паказаць, што яны супраць.
Што тычыцца грамадзянскай супольнасьці, то калі ня большая, дык ладная яе частка ў пратэстах ня ўдзельнічала. Яны хутчэй падзялялі занепакоенасьць Пазьняка і Прэйгермана. Хаця ў 2021 годзе яны былі пакараныя. І не за ўдзел у пратэстах ці за датычнасьць да яго, а таму што былі зьвязаныя з Захадам.
Калі гучалі заклікі да паразуменьня, то не гучалі галасы за гэта з боку ўлады. Улады сьвядома ўзялі курс на канфлікт з пачатку выбарчай кампаніі.
Большую частку сваёй палітычнай карʼеры Лукашэнка быў папулістам. У 2020 годзе ён вырашыў стаць крыжаком сваіх каштоўнасьцяў.
— Пратэсты 2020 году былі падкрэсьлена мірныя. Сталі мэмам беларусы, якія падчас пратэстаў здымаюць абутак, каб стаць на лаўку. Пратэсты 2020 году, як і ўсе папярэднія, праходзілі пад лёзунгам — толькі мірна. Многія падчас пратэстаў слухалі стрымы Максіма Каца, які абгрунтоўваў менавіта такую форму. Зараз адбываецца працэс Фядуты-Зянковіча-Кастусёва. Гэта была спроба дзейнічаць інакш. Але вялікага плёну не прынесла і яна. Дык якія высновы з падзеяў 2020 году — як трэба дзейнічаць?
Казакевіч: Мэтады павінны быць адэкватныя сытуацыі. Ніякіх магчымасьцяў сілавога супрацьстаяньня ў Беларусі ў 2020 годзе не было. Грамадзтва было да гэтага не гатовае, гэта не адпавядала настрою, адчуваньням большасьці людзей, якія выходзілі на вуліцы.
Для арганізацыі сілавых дзеяньняў павінны быць адпаведныя структуры.
У 2020 годзе людзі прынамсі мусілі паспрабаваць мірны пратэст.
Карбалевіч: Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году, калі на Кастрычніцкай зьявілася намётавае мястэчка, многія папракалі Мілінкевіча і Казуліна ў нерашучасьці. Чаму яны не накіравалі натоўп на рашучыя дзеяньні, а павялі ўскладаць кветкі да помніка Перамогі.
І пяць гадоў потым Мілінкевіча за нерашучасьць папракалі. У 2010 годзе вырашылі «памылку» выправіць. Паламалі дзьверы ў Доме ўраду. У выніку быў велізарны пагром апазыцыйных структураў і дзясяткі палітвязьняў.
Цяпер гісторыя паўтараецца. Ізноў папрокі, што ў 2020 годзе дзейнічалі нерашуча, не ішлі на штурм. Таму давайце цяпер ствараць беларускае вызвольнае войска, вызвольны рух, давайце рыхтавацца да збройнага паўстаньня.
Праблемай 2020 году быў не характар пратэсту, а адсутнасьць выразнага лідэрства, кіраўніцтва.
— У разгар пратэстаў Уладзімір Пуцін абвясьціў, што стварае сілавую паліцэйскую рэзэрву на выпадак, калі ў Беларусі пратэсты ператворацца ў забурэньні. Сёлета былі абнародаваныя дакумэнты, паводле якіх расейцы ў 2020 годзе рыхтавалі нават узброеныя сілы для ўмяшаньня ў беларускі палітычны крызіс пры пэўных абставінах. Ну, і ў 2022 годзе мы бачым, на што здольная Расея. Калі б у 2020 годзе беларуская рэвалюцыя пачала б перамагаць — ці быў бы непазьбежным расейскі вайсковы напад на Беларусь?
Карбалевіч: У 2020 годзе Расея давала Беларусі невялікі шанец. Гэта былі 10 дзён пасьля 9 жніўня, калі Крэмль вагаўся, калі расейскія афіцыйныя СМІ даволі адэкватна ацэньвалі сытуацыю ў Беларусі.
Гэта было ў пэўнай ступені паўтарэньне армянскага кейсу 2018 году, калі Пашыньян прыйшоў да ўлады празь мірныя пратэсты, падчас якіх ня ставілася пытаньне пра геапалітычны разварот. У Беларусі ў 2020 годзе гэтае пытаньне таксама ня ставілася.
Быў шанец на посьпех, які не прывёў бы да расейскага ўмяшаньня. Пуцін казаў, што Расея можа ўмяшацца, калі ў Беларусі будзе адбывацца сілавы варыянт. Гэтак жа яна ўмяшалася ў падзеі ў Казахстане на пачатку гэтага году.
Тое, што беларускія пратэсты ў 2020 годзе былі мірнымі, прадухіліла расейскае ўмяшаньне.
Казакевіч: У 2020 годзе Расея гуляла зь беларускім пратэстам. Там не было ўспрыняцьця беларускага пратэсту як пагрозы расейскім інтарэсам. Так было прынамсі да пэўнага моманту, а можа і наагул.
Зімой-вясной 2020 году стасункі паміж Беларусьсю і Расеяй, паміж Лукашэнкам і Пуціным былі далёка не ідэальныя. Расею беларускія ўлады тады разглядалі як пагрозу, было шмат выказваньняў наконт гэтага.
А пра Захад тады практычна нічога кепскага не гаварылася.
Я згодны з Валерам, што ключавымі былі некалькі дзён пасьля выбараў, пасьля 9 жніўня. Расея тады магла падтрымаць розныя сцэнары. Яна, зразумела, патрабавала б ад сілы, якая пераможа, пэўных гарантыяў забесьпячэньня сваіх інтарэсаў. Але адразу пасьля выбараў яна не падтрымлівала адназначна Лукашэнку.
Былі кансультацыі зь беларускімі ўладамі. Пратэст у першыя дні ня здолеў перамагчы. У выніку Масква зрабіла стаўку на Лукашэнку.
Менавіта тады ён пачаў казаць, што пратэсты арганізаваў Захад. І пачаў адпрацоўваць расейскі парадак дня. Тады зьявіўся дэсант расейскіх прапагандыстаў на беларускім тэлебачаньні.
Гэтая адпрацоўка расейскага парадку дня пачалася на розных узроўнях — ад гістарычнай палітыкі да міжнароднай. Але яшчэ ўсю восень 2020 году Крэмль спрабаваў гуляць з пратэставымі настроямі ў Беларусі.