Ціханоўская зьвярнулася да Зяленскага: «Лукашэнка ня можа быць міратворцам, ён даўно забыўся на боль, які вы адчуваеце»
2022-04-08 21:09
Сьвятлана Ціханоўская апублікавала зварот да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
«Для мяне відавочна: каб узнавіць мір і бясьпеку, расейскія войскі павінны выйсьці з тэрыторыі і Ўкраіны, і Беларусі. Але і Лукашэнка павінен сысьці таксама. Цяпер ён спрабуе перайграць, прабрацца на перамовы і выдаць сябе за міратворцу, а не суагрэсара Пуціна. Але ад імя беларусаў на перамовах павінны гаварыць сапраўдныя прадстаўнікі народу. А Лукашэнка і яго пасобнікі павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці за свае злачынствы — і перад беларусамі, і перад украінцамі.
Я бачыла на фатаздымках вашыя вочы, калі вы былі ў Бучы. І разумею, які боль назаўсёды застаецца ў сэрцы ад страты кожнага суайчыньніка. Дык не разьлічвайце, што міратворцам можа быць чалавек, які даўно забыўся на гэты боль».
Міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што Беларусь мае ўвайсьці ў лік краін — гарантаў бясьпекі для Ўкраіны.
Як паведамляе расейскае інфармацыйнае агенцтва ТАСС, Расея таксама выступіла за тое, каб Беларусь працягвала і далей «выконваць ролю ў арганізацыі перамоў з Украінай».
7 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць удзелу Беларусі ў перамовах з Украінай. Ён заявіў, што пазыцыю дзяржавы павінны пачуць, і зноў абвінаваціў заходнія краіны ва «ўцягваньні» ў канфлікт, які назваў «вайной» насуперак афіцыйнаму наратыву Крамля, які называе баявыя дзеяньні ва Ўкраіне «спэцапэрацыяй».