- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
— Сляпая, гнятлівая цемра апанавала Бялград. Места як вымерла, і толькі на пляцы Тэразіе, дзе гарыць адзіны на ўвесь горад ліхтар, ды ля галоўнага вакзала ківаюцца постаці амерыканскіх ваяк. Янкі ледзь трымаюцца на нагах, гарлаюць п’яныя песні, і бялградcкія паліцэйскія, пабачыўшы заакіянскіх гуляк, лісліва выструньваюцца і прыкладаюць далоні да скроняў… Напорлівы, па-восеньскаму каляны халадок струменіў праз незакітаванае вакно, казытліва свідруючы стрыжаную патыліцу. Макар шморгаў носам, абдымаў грубку і прыслухоўваўся: адным вухам да гуду ў коміне, а другім да гугнявага голасу, што вырываўся з рэпрадуктара. Надарваная, а таму і гугнявая папяровая талерка голасам дыктаркі Вольгі Высоцкай апавядала пра югаслаўскіх фашыстаў і амерыканскіх жаўнераў, якія, упіўшыся «Кока-колай», блукалі па бялградскіх вуліцах у пошуку самадаек. Скавытанне ветру і аповеды пра цітаўцаў — кожнага разу, пачуўшы слова «цітавец», Макар уздрыгваў — мярцвілі дух і вярэдзілі сэрца. (фрагмент)