- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Паўстанне 1863––1864 гадоў на абшарах Беларусi, Лiтвы i Польшчы было, пасля трох ганебных падзелаў Рэчы Паспалiтай, «апошнiм намаганнем прыгнечанага народа, здзейсненым з мэтаю скiнуць нянавiснае, прынiжальнае ярмо». Так вызначыў ролю вызвольнага супраціву, адчайнага ўздыму сучаснікаў адзiн з летапiсцаў беларускай гiсторыi ХIХ стагоддзя паэт Янка Лучына (бо паэты, праўдзівыя паэты, яны i ёсць самыя аб’ектыўныя, непадкупныя хранiсты ўчынкаў роднага народа i скрутных вывіхаў сваёй эпохi). Тагачасныя ж летапiсцы iншага кiрунку –– расейскiя афiцыёзныя гiсторыкi i прадажныя лiтаратары –– наўзахваткі публічна пнуліся ахрысцiць паўстанне «мятежом», «бунтом», «польскою интригою». Спробай «сумасбродного народа решить давно решенный спор». І зноў –– каторы ўжо раз на зямлi! –– ляцелi з плячэй самыя мудрыя i светлыя галовы. Паслухмяна-бязлiтасныя, бесспагадныя рукі катаў захлiствалі пятлю-вужаку на гордых змагаровых шыях. Кулi расейскіх карнiкаў абрывалi маладыя трапяткiя жыццi. Пад барабанны пошчак захопнікі гналi «скрозь строй» русявых дзецюкоў –– знiшчалi, збiвалi, нявечылi лепшых сыноў нашай забранай старонкі. Апрычнікі крывавага Мураўёвага нішчылі ўсё запар, нібы кіруючыся занатаванай Далем прыказкай: «Страляй варону, вераб’я — даб’ешся да сакала». Урэшце — палiлi дамоўкі, рабавалi палацы. Зганялi тубыльцаў з родных котлішчаў. Край увачавідкі бязлюдзеў.