- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Імя Янкі Журбы з'явілася ў газеце «Наша ніва» ў той час, калі з яе старонак ужо шырока гучаў голас Я. Купалы і Я. Коласа. Першы верш паэта «На беразе Дзвіны» быў надрукаваны «Нашай нівай» у 1909 г., і гэтая публікацыя стала дэбютам маладога паэта. У 1906-1909 гг. Я. Журба вучыўся ў Глухаўскім настаўніцкім інстытуце на Украіне. Якраз у гэты перыяд і адбываецца светапогляднае пасталенне паэта, пра што ён згадвае ў сваёй аўтабіяграфіі: «Прысылка газет і ветлівае пісьмо рэдактара «Нашай нівы» абудзілі маю нацыянальную свядомасць». Я. Журба ўсёй душой далучаецца да літаратурнага і грамадскага жыцця Беларусі, піша шматлікія вершы, допісы ў «Нашу ніву», у якіх з грамадзянскай устурбаванасцю і заклапочанасцю гаворыць пра меабходнасць глыбокага абуджэння сацыяльна-адраджэнскага духу народа, гартавання яго нацыянальнай самасвядомасці. Творчасць Я. Журбы мацавала лірычны статус беларускай паэзіі, яна прасякнута грамадзянскім, патрыятычным пафасам. Звяраючы свой паэтычны крок з словам Я. Купалы і Я. Коласа, Я. Журба страсным і натхнёным радком імкнуўся сумленна ўзрабляць ніву беларускага Адраджэння, якое, трэба сказаць, дало магутныя крылы ўсёй беларускай літаратуры і культуры на пачатку XX стагоддзя.