У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрыліся тры новыя залы пастаяннай экспазіцыі, якая распавядае пра беларускае пісьменства ХІ—ХІХ стагоддзяў, піша Антон Рудак у «Культура і мастацтва».
Дырэктар установы Сяргей Усік падкрэсліў, што доўгі час музей не меў сталай экспазіцыі, а сёння яго супрацоўнікі робяць усе захады для яе стварэння на належным узроўні — такім чынам, каб адлюстраваць усе перыяды станаўлення і развіцця айчыннай літаратуры. Новыя залы, работа над напаўненнем якіх ішла на працягу некалькіх гадоў, распачынаюць гэты расповед.
Першыя крыніцы ведаў
Як распавяла начальнік навукова-асветніцкага аддзела музея Валянціна Кароткіна, літаратурная творчасць на нашых землях прайшла амаль тысячагадовы шлях развіцця, пачынаючы з вытокаў старабеларускага пісьменства. У вітрынах першай залы можна пабачыць археалагічныя знаходкі, такія як вырабы з каменю альбо металу з разнастайнымі пазнакамі — яшчэ да з’яўлення кірылічнага пісьма выкарыстоўваліся рунічныя знакі. Аднымі з найстаражытнейшых помнікаў пісьменства таксама з’яўляюцца берасцяныя граматы, на якіх рабіліся запісы, што змяшчаюць цікавыя звесткі аб паўсядзённасці нашых продкаў у Сярэднявеччы.
У гэты перыяд на тэрыторыі Беларусі ўзнікае цэлы шэраг цэнтраў асветы. Майстэрні па перапісванні кніг адкрываюць такія славутыя дзеячы свайго часу, як ігумення Спаскага манастыра Ефрасіння Полацкая і епіскап Кірыла Тураўскі, якія пазней за сваю асветніцкую дзейнасць былі далучаныя царквой да ліку святых. Жыціе Еўфрасінні Полацкай таксама лічыцца адным з першых у нашым рэгіёне помнікаў агіяграфічнай літаратуры, то-бок твораў, якія распавядаюць пра жыццёвы шлях святых.
Разнастайнасць традыцый
З уваходжаннем нашых земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, разам з мясцовымі цэнтрамі кнігапісання і летапісання вялікую ролю ў развіцці пісьменства на агульнадзяржаўным узроўні пачынае адыгрываць велікакняжацкая канцылярыя, якая кіравала ўсёй справаводчай сферай. Таксама пры ёй захоўваліся летапісы, прывілеі і зводы законаў. У пачатку XVI стагоддзя распачынаецца эра беларускага кнігадрукавання, запачаткаванага Францыскам Скарынам, які пачаў друкаваць кнігі Бібліі ў адаптацыі да тагачаснай старабеларускай мовы. Яго справу ў папулярызацыі хрысціянскай літаратуры на сваёй мове працягнулі Сымон Будны і Васіль Цяпінскі, па ўсёй краіне ўзнікалі ўсё новыя і новыя цэнтры кнігадрукавання.
Зрэшты, тагачасная беларуская літаратура была шматмоўнай і выходзіла таксама на замежную аўдыторыю — так, напрыклад, адным з найбольш адметных узораў паэзіі Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя, што зрабіўся выдатнай крыніцай звестак аб норавах і звычаях нашых продкаў, была паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра», напісаная на лаціне і выдадзеная ў Рыме ў 1523 годзе. Развівалася ў ВКЛ таксама пісьменства яўрэяў і татар, якія з’явіліся на нашых землях яшчэ ў часы Вітаўта Вялікага, у XV стагоддзі.
Ад рэнесансу да барока
Значную ролю ў фарміраванні беларускага пісьменства XVI–XVII стагоддзяў таксама адыгралі рух за рэфармацыю каталіцкага касцёла і ідэя аб неабходнасці заключэння царкоўнай уніі між каталікамі і праваслаўнымі. Разам з тым захоўваць і развіваць свае традыцыі дапамагалі праваслаўныя царкоўныя брацтвы: пры іх існавалі ўласныя школы і друкарні. Выкладчыкамі брацкіх школ былі Лаўрэнцій Зізаній, Мялецій Сматрыцкі і Спірыдон Собаль, якія выступілі аўтарамі падручнікаў царкоўнаславянскай граматыкі. Не адставалі ў сферы асветы і каталіцкія ордэны, сярод іх першае месца займалі езуіты — у Полацку ў 1579 годзе яны заснавалі акадэмію, што зрабілася першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На тле міжканфесійных супярэчнасцей важную ролю пачынае адыгрываць палемічная літаратура, але побач з ёй з’яўляюцца і творы новых жанраў — прыватныя дзённікі, сямейныя хронікі, сатырычныя, парадыйныя ды гумарыстычныя творы, а таксама панегірычная, героіка-эпічная і духоўная паэзія. Найлепшым узорам апошняй з’яўляецца творчасць Сімяона Полацкага, які, працуючы ў Маскве, аказаў вялікі ўплыў на станаўленне рускай літаратуры. А надыход XVIII стагоддзя адзначаецца ўзнікненнем прафесійных тэатраў, што з’яўляюцца ў Нясвіжы, Слоніме, Гродне, Ружанах і Шклове пры дварах мясцовых магнатаў, якія часта выступалі і аўтарамі рэпертуару, як Міхаіл Казімір Агінскі і Францішка Уршуля Радзівіл.
Вяртанне да вытокаў
У ХІХ стагоддзі, якое беларускія землі сустрэлі ўжо ў складзе Расійскай імперыі, адзначалася ўзрастанне цікавасці да фальклору, да якога перадусім звярталіся творцы з кола філаматаў і філарэтаў. Да падобных матываў схіляўся ў сваёй творчасці і значна старэйшы пісьменнік Ян Баршчэўскі, а вось Уладзіслаў Сыракомля грунтаваўся ў большай ступені на рэаліях айчыннай мінуўшчыны. Калі ўсе гэтыя творцы, чэрпаючы натхненне ў беларускай гісторыі і культуры, пісалі ўсё ж на польскай мове, то іх наступнікі Францішак Багушэвіч і Янка Лучына (Ян Неслухоўскі) ужо звярталіся да свайго чытача па-беларуску, перайшоўшы ад рамантызму да рэалізму і асвятлення праблем існавання і духоўнага адраджэння народа.
Новая экспазіцыя літаратурнага музея, безумоўна, уяўляе сабой разгорнутую панараму станаўлення і развіцця беларускага пісьменства. Застаецца пажадаць поспехаў у працы над працягам гэтай стужкі часу.