У Беластоку адбудзецца прэзентацыя кнігі “Руіны Беларусі”
2025-12-15 14:09
Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, які з’яўляецца сувыдаўцом кнігі «Руіны Беларусі» (у супрацоўніцтве з галерэяй «Арсенал» з Беластоку), падрыхтаванай архівам VEHA, запрашае на сустрэчу, прысвечаную выданню і значэнню працы з памяццю, з архівамі, дакументаваннем спадчыны і назіраннем за прцэсамі, якія складаюць вобраз нашай спадчыны і культуры.
Сустрэча пры кнізе «Руіны Беларусі»
15.12.2025 (панядзелак), 17:00
Galeria Arsenał у БеластокуUl. Adama Mickiewicza 2, 15-222 Беласток
Уваход вольны
У кнізе змешчаны фатаграфіі разбураных помнікаў архітэктуры, што паходзяць з 45 сямейных і публічных архіваў, у тым ліку са збораў Цэнтра беларускай культуры. Тэкст прадстаўлены на трох мовах: англійскай, беларускай і польскай.
У сустрэчы возьмуць удзел:
Леся Пчолка — дырэктарка архіва VEHA, аўтарка канцэпцыі, куратарка праекта, фотарэдактарка
Ася Хмыз — адказная за каталагізацыю архіва VEHA і апісанні помнікаў архітэктуры ў «Руінах Беларусі»
Уладзімір Грамовіч — мастак, аўтар уступнага эсэ да «Руінаў Беларусі»
Анатоль Вап — дырэктар Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку
Ілона Карпюк — намесніца дырэктара Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку
Мовы падзеі: беларуская, польская.
VEHA — незалежны беларускі лічбавы архіў, які працуе з 2017 года, спалучаючы мастацкую і даследчую дзейнасць. Канцэнтруючыся на тэматыцы штодзённасці, ён служыць платформай для збору і аналізу архіўных фотаздымкаў і візуальнай гісторыі Беларусі. З 2021 года архіў VEHA працуе ў выгнанні, але застаецца найбуйнейшай крыніцай беларускай фатаграфіі XX стагоддзя, даступнай анлайн. Кніга «Руіны Беларусі» з’яўляецца пятым выданнем архіва і апісвае лёсы архітэктурнай спадчыны, знішчанай праз войны, нядбайнасць і рэпрэсіўную палітыку дзяржавы. На яе старонкі трапілі замкі, касцёлы, цэрквы, сінагогі, мячэці і ратушы — будынкі разбураныя, выратаваныя альбо страчаныя назаўсёды. Выбіраючы матэрыялы, аўтары імкнуліся не толькі захаваць вобраз руін, але і паказаць прысутнасць людзей побач з імі. Выданне ёсць запрашэннем у падарожжа, падчас якога можна пабачыць, як знішчэнне стала адной з рыс беларускай культуры.
Арганізатары