У Беластоку адкрылася фотавыстава пра жнівень 2020-га
2022-08-10 14:01
У прасторы МостМедыя ў Беластоку адкрылася фотавыстава «Кожны дзень. Супраціў рэгіёнаў Беларусі». Яна нагадвае нам пра падзеі двухгадовай даўніны, калі ў Беларусі супраць беззаконня і гвалту паўстаў не толькі Менск, але і рэгіёны. Калі людзі выйшлі на вуліцы не толькі гарадоў, але і вёсак.
Расказвае арганізатар выставы і сведка тых падзей – журналіст з Маладзечна Зоя Хруцкая:
– Мы сталі ўдзельнікамі гістарычных падзеяў. А ўнутры гэтага працэсу вельмі цяжка жыць, і вельмі цяжка зразумець, што з табой адбываецца. Яшчэ менш праектаў, якія аб’ядноўвалі б досвед рэгіёнаў, каб гэта неяк параўнаць. Таму што гэта вельмі важная праца. Колькі людзей выходзіла, якія там былі затрыманні, які характар гэтых затрыманняў. Гэта таксама пра многае кажа. Гэта такое поле, якім варта было б займацца. Мне падаецца, што нашая выстава – гэта такая першая спроба менавіта рэгіёны злучыць, аб’яднаць у нешта адно цэльнае. Паспрабаваць паглядзець і параўнаць.
На выставе, якая дзейнічае ў прасторы МостМедыя па вуліцы Сінкевіча, 44, прадстаўленыя 25 фотаздымкаў, якія расказваюць нам пра падзеі лета 2020 года ў Гародні і Берасці, Маладэчне і Бабруйску, Ганцавічах і Глыбокім, Шаркаўшчыне і Чачэрску.
Арганізатары запрашаюць таксама фотакарэспандэнтаў дапаўняць выставу сваімі здымкамі і з іншых рэгіёнаў Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя