У Беластоку будуць гучаць беларускія вершы
2022-02-19 13:38
Падыходзіць да завяршэння беларускі дэкламатарскі конкурс, які ўпершыню праводзіць Фонд «Тutaka» на Беласточчыне.
На першай фазе конкурсу журы разглядала запісы канкурсантаў. Кажа кіраўнік Фонду Павел Станкевіч:
– Мы праводзім дэкламатарскі конкурс для дзяцей, моладзі і дарослых. Конкурс быў адкрыты для ўсіх. Першая частка праходзіла ў фармаце анлайн.
У фінал дэкламатарскага конкурсу прайшлі 20 чалавек у трох узроставых катэгорыях. Сярод фіналістаў дзеці як беларусаў Беласточчыны, так і прадстаўнікоў беларускай дыяспары. Кажа кіраўнік Фонду Павел Станкевіч:
– Фінал гэтага конкурсу будзе адбывацца 21 лютага ў Дзень роднай мовы. Запрасілі нашых фіналістаў, каб у Лялечным тэатры паспрабавалі сваіх сілаў. Тут таксама будзе працаваць журы.
У склад журы трапілі паэты Міра Лукша, Андрэй Хадановіч і Андрэй Сцепанюк, а таксама актор і рэжысёр Гарадзенскага драматычнага тэатра Сяргей Курыленка. На пачатку імпрэзы адбудзецца выступ беларускага паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча, які прачытае лекцыю для гасцей імпрэзы “Беларуская паэзія ў сучасным свеце”.
Урачыстая імпрэза фіналу конкурсу пройдзе 21 лютага ў Беластоцкім Тэатры Лялек па вуліцы Каліноўскага, 1.
Пачатак а 16-й гадзіне.
Беларускае Радыё Рацыя