У Беластоку заснавалі «Брукаванку» – беларускую паэтычную серыю
2026-04-08 23:23
Зборнікі
вершаў
Алеся Аркуша «Не думаць пра сон і паразы» і
Янкі Лайкова «Песні
збянтэжаных рэк» распачалі паэтычную серыю
«Брукаванка». Гэта невялікія
паэтычныя зборнікі кішэннага фармату, якія можна ўзяць у дарогу,
пакласці ў кішэню і паехаць кудысьці, гаворыць беларускі пісьменнік,
журналіст, літаратурны крытык і заснавальнік серыі
Алесь Аркуш.
«Брукаванка» падобная на серыю
«Паэты планеты», у якой выходзяць
выбраныя кнігі паасобных аўтараў, кажа ён.
Паводле Аркуша, паэзія апынулася ў вельмі няпростай сітуацыі, бо ў
Беларусі шмат паэтаў і пісьменнікаў трапілі ў негалосныя спісы – яны не
могуць друкавацца ў перыёдыцы, а тым больш выдаваць кнігі.
«А тыя выдавецтвы, якія заснаваныя ў
эміграцыі, таксама існуюць у складанай эканамічнай сітуацыі. Для іх
выдаваць паэзію – гэта проста стратныя кнігі. І гэта ўжо сур’ёзная
праблема», – зазначае ініцыятар «Брукаванкі».
«Таму ў гэтай сітуацыі я вырашыў, што
прыйшоў час падвесці пэўны вынік паэтычнага шляху беларускай літаратуры,
напрыклад, ад пачатку 1990-х гадоў да 2020 года. Бо 1990-я гады былі
вельмі цікавымі. Я лічу, што гэта былі «залатыя гады» беларускай
літаратуры, бо гэта быў перыяд разняволення», – кажа
Алесь Аркуш.
З Алесем Аркушам размаўляў Яраслаў Іванюк (размова цалкам – слухайце аўдыёфайл).