У Гародні прайшло фармаванне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў
2020-05-19 19:32
У Гародні прайшло фармаванне тэрытарыяльных выбарчых гарадзенскіх камісіяў: Абласной, Ленінскай, Кастрычніцкай і васьмі раённых.
Аніводнага прадстаўніка дэмакратычных партыяў у камісіях няма. Фармаванне камісіяў праходзіць у закрытым рэжыме.
Кажа прадстаўнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Раман Юргель з Гародні:
– Фармаванне пачалося 18 мая з Гарадзенскай раённай ТВК, дзе была прамая трансляцыя. Трансляцыя ў сувязі з каронавіруснай інфекцыяй вялася з Гарадзенскага аблвыканкама. Добра, чутна, вялася на высокім тэхнічным узроўні. Але, на жаль, з Гарадзенскага гарвыканкама тэхнічная трансляцыя была дрэнна чутна, тэхнічныя нейкія службы дрэнна адпрацавалі.
Дзве заяўкі прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў аб уключэнні іх у склад тэрытарыяльных выбарчых камісіяў былі адхілены. У складзе створаных ТВК ёсць прадстаўнікі ад камуністаў – партыі КПБ.
Зранку 20 траўня ў Гарадзенскай вобласці будзе створана дзевяць тэрытарыяльных раённых выбарчых камісіяў, якія засталіся.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя