У Горадні ў закрытым рэжыме судзяць Соф’ю Сапегу: ёй пагражае 6 гадоў турмы
2022-03-29 14:33
28 сакавіка Горадзенскі абласны суд Беларусі пачаў разгляд крымінальнай справы расейскай грамадзянкі Соф’і Сапегі.
Пра пачатак суду паведаміў Праваабарончы цэнтар «Вясна». Судзьдзя задаволіў хадайніцтва пракурора праводзіць паседжаньні ў закрытым рэжыме, паведаміла БелТА.
Соф’ю Сапегу абвінавачваюць паводле часткі 3 артыкулу 130 КК Беларусі (распальваньне варожасьці) і шэрагу менш цяжкіх артыкулаў.
Сапезе ставіцца ў віну адміністраваньне тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі», які ўлады прызналі экстрэмісцкім. На канале публікуюцца асабістыя зьвесткі сілавікоў.
Расьсьледаваньне праводзілі ў Менску, але затым справу перадалі на разгляд у Горадню — магчыма, таму, што Сапега зарэгістраваная ў Лідзе, якая адносіцца да Горадзенскай вобласьці.
Соф’ю Сапегу арыштавалі ў траўні 2021 году пасьля прымусовай пасадкі самалёта ў Менску ўладамі Беларусі. Разам зь ёй на борце рэйсу Атэны — Вільня знаходзіўся Раман Пратасевіч.
У сьнежні Сапега падала Лукашэнку прашэньне аб памілаваньні, расказваў ейны айчым.