У Лідзе разглядаецца справа Вітольда Ашурка за экалагічны пікет
2020-05-26 19:25
Разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да актывіста з Бярозаўкі Вітольда Ашурка працягнецца ў панядзелак 1 чэрвеня.
Лідскі раённы суд разглядае справу па артыкуле 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса аб экалагічным пікеце ля прахадной шклозавода “Нёман”, які 26 красавіка зладзіў актывіст, пратэстуючы супраць планаў пашырэння ў Бярозаўцы шкоднай вытворчасці шкловаты.
– У судзе я патлумачыў дзеля чаго я выходзіў. Тэма пратэста, безумоўна, але самае галоўнае – гэта тое, што планамі будаўніцтва “Шкловаты №2”, жыхары нашага горада, іхнае здароўе, нават жыццё, пастаўлены пад пагрозу. І гэта, бадай што, самае галоўнае.
Нагадаем, што акурат у 34-ю гадавіну аварыі на Чарнобыльскай АЭС Вітольд Ашурак выйшаў да прахадной шклозавода ў Бярозаўцы, каб выказаць свой пратэст супраць пабудовы ў горадзе яшчэ аднаго цэха па вытворчасці шкловаты. Незадоўга да гэтага, падчас візіту на прадпрыемства, намер аб пашырэнні гэтай шкоднай вытворчасці выказаў Аляксандр Лукашэнка.
***
У Лідзе адбудзецца суд над грамадскім актывістам з Бярозаўкі Вітольдам Ашуркам. Яго будуць судзіць па 3 частцы артыкула 23.34 Адміністратыўнага кодэкса за адзіночны пікет, які адбыўся ў Бярозаўцы яшчэ 26 красавіка і быў прымеркаваны да 34-й гадавіны аварыі на ЧАЭС.
Актывіст Вітольд Ашурак кажа, што не выключае таго, што суд вынесе яму ў якасці пакарання – адміністрацыйны арышт:
– Цалкам магчыма да мяне падышла чарга, судзілі хлопцаў, якія прыходзілі на сустрэчы з блогерамі, дайшла чарга да мяне. Судовы канвеер, нічога добрага ад гэтага не чакаю. Малаверагодна, што мне дадуць суткі, але „трывожны чамаданчык” я ўжо сабраў.
Нагадаем, што ў гадавіну аварыі на ЧАЭС Вітольд Ашурак выйшаў да прахадной шклозавода “Нёман” у Бярозаўцы з плакатам “Шкловата – наш Чарнобыль”. Тым самым выказаў пратэст супраць планаў будаўніцтва яшчэ аднаго цэха па вытворчасці шкловаты. Пра што было заяўлена ў красавіку пад час наведвання прадпрыемства Аляксандрам Лукашэнкам.