У Маладзечне развітваюцца з пратэстоўцам, якога знайшлі павешаным у Менску
2020-08-25 13:14
У
Маладзечне развітваюцца з Мікітам Крыўцовым, пратэстоўцам, якога знайшлі
павешаным у Менску. Фота: Аляксандр Васюковіч belsat.eu / vot-tak.tv
25
жніўня ў Маладзечне развітваюцца з Мікітам Крыўцовым, які быў знойдзены
павешаным у Менску. Хоць ён знік падчас разгонаў пратэстаў, у Следчым
камітэце настойваюць, што ягоная смерць не мае крымінальнага характару,
але сваякі ў гэта не вераць.
Мікіта Краўцоў нарадзіўся ў
Вялейцы, жыў у Маладзечне, заўзеў за мясцовую футбольную каманду. Пасля
вяселля ённ жыў у Жодзіна разам з жонкаю Аленаю і маленькай дачкою.
Мікіта Краўцоў знік 12 жніўня. Паводле сваякоў, раніцай гэтага дня ён
паехаў на працу ў пасёлак Каралёў Стан пад Менскам. Цела Мікіты Крыўцова
знайшлі 22 жніўня ў лесапаласе ў межах Менску. Паводле паведамлення СК,
ён задушыўся, слядоў крымінальнага характару на целе не было.
Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак, а таксама ад чытачоў «Белсату», апошні раз нумар тэлефону Крыўцова быў зафіксаваны ў РНПЦ Неўралогіі і нейрахірургіі ў Менску, што недалёка ад таго месца, дзе сёння знайшлі цела Мікіты Крыўцова. Побач з РНПЦ Неўралогіі таксама знаходзіцца будынак міліцыі.
Развітанне
з Мікітам Крыўцовым, якога знайшлі павешаным у Менску пасля пратэстаў
9-11 жніўня. Маладзечна, Беларусь. 25 жніўня 2020 г. Фота: Аляксандр
Васюковіч / vot-tak.tv / belsat.eu
23 жніўня
знайшлося відэа, на якім Мікіта Крыўцоў 9 жніўня стаіць перад шэрагам
АМАПу з бел-чырвона-белым сцягам на плошчы ў Маладзечне.
Родныя Мікіты Крыўцова ў нядзелю звярнуліся ў Следчы камітэт з заявай
«аб прыцягненні нявысветленых асоб да крымінальнай адказнасці, якія
ўжылі гвалт», піша
TUT.by.
Пры гэтым СК адмовіўся ад працэдуры апазнання.
«Нам
цела проста выкідаюць у пакеце без апазнання. Нікога не пускаюць,
проста кажуць: »Вывозьце і глядзіце ў полі, глядзіце на ганку. Без
следчага мы апазнання рабіць не будзем«. А следчы адмаўляецца туды
ехаць. І што нам рабіць? Хіба ката ў мяшку забіраць? Напісалі паперу,
што гэта суіцыд, і ўсё – да пабачэння… Напэўна, баяцца таго, што яны
самі нарабілі», – расказала маці хлопца
Еўрарадыё Анжаліка Кахно.
Афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч у адказ
адзначыў, што праводзіць апазнанне няма неабходнасці, «бо мы і так
ведаем, хто гэты чалавек (па ўмоўных прадметных рэчах)». Цяпер Следчы
камітэт праводзіць праверку па факце выяўлення цела Мікіты Крыўцова. Як
правіла, яна доўжыцца 10 дзён, але потым гэты тэрмін можа падаўжацца. Па
выніках Следчы камітэт можа або пачаць крымінальную справу, або
адмовіць у яе завядзенні.
«Ён любіў жыццё»
23 жніўня жонка памерлага
Алена Крыўцова
падала ў Следчы камітэт заяву на завядзенне крымінальнай справы па
факце смерці мужа, бо не выключае ягонага выкрадання і забойства, піша
радыё «Свабода». Следства ж схіляецца да версіі самагубства на падставе жадання Крыўцовых развесціся.
«Ён
быў вельмі жывы, любіў жыццё і па-чалавечы не быў такім дужым, каб сябе
забіць. Яшчэ ён меў вялікія планы на далейшае жыццё, не збіраўся яго
заканчваць. Гэта зусім на яго не падобна, што ён задушыўся. Гэта не ён
так зрабіў», – мяркуе Алена Крыўцова.
Алена Крыўцова не верыць у версію, што прычынай самагубства мужа магло быць іх рашэнне скасаваць шлюб.
«Гады
два ў нас ужо праблемы ў шлюбе, мы сапраўды абмяркоўвалі будучы развод,
але гэта не было для яго стрэсам, мы спакойна пра гэта гаварылі. Мы
думалі, што недзе пасля верасня падамо заяву, але пэўнай даты не
прызначалі. Мікіта працаваў, працягваў захапляцца футболам – жыў
паўнавартасным жыццём. Пра такі канец ён дакладна не думаў і мне не
казаў», – расказала Алена.
Паводле яе, ейны муж быў «актыўны, баявы», не баяўся «паказаць свае погляды».
Паводле аднаго з сяброў Крыўцова з Маладзечна, які прасіў яго не
называць, калі раніцай 12 жніўня Мікіта збіраўся на працу, то ўзяў з
сабой рэчы, якія могуць прыдацца цягам некалькіх дзён.
«Як
ён знік, мы адразу не турбаваліся, бо не выключалі, што ён схаваўся.
Інакш навошта браў тыя рэчы? То-бок ён пэўна падазраваў, што яго могуць
затрымаць», – мяркуе сябра.
Развітанне з Мікітам Крыўцовым адбудзецца сёння з 12.30 да 14.00 у рытуальнай зале на вуліцы Янкі Купалы, 50 у Маладзечне.
Мікіта Крыўцоў
стаў 6 актывістам, які загінуў у Беларусі з пачатку пратэстаў супраць
вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. За час пратэстаў, паводле МУС, выблі
затрыманыя каля 7000 асобаў.
- 10 жніўня ў Менску загінуў 34-гадовы Аляксандр Тарайкоўскі, які, паводле відэакрыніц, быў застрэлены на месцы. Афіцыйна ў МУС заяўлялі, што ў яго руках выбухнуў невядомы прадмет.
- У Гомлі 11 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога затрымалі 9 жніўня. Афіцыйна прычыны смерці ўсцяж высвятляецца.
- 16 жніўня загінуў 19-гадовы Арцём Парукаў, афіцыйна яго збіла машына на Партызанскім праспекце.
- 19 жніўня у вайсковым шпіталі Менску памёр 43-гадовы Генадзь Шутаў. Яго паранілі ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Берасця падчас пратэстаў.
- У Ваўкавыску знайшлі цела 29-гадовага Канстанціна Шышмакова,
які будучы чальцом участковай камісіі адмовіўся падпісваць выніковы
пратакол. З ім развіталіся 20 жніўня, родныя адмовіліся каментаваць
смерць журналістам. Прычыны смерці пакуль невядомыя.