Зараз існуе адзіны помнік на Падляшшы нацыянальнаму герою Беларусі – Кастусю Каліноўскаму і яго паўстанцам. Ён адзіны ва ўсёй Польшчы быў усталяваны у Мастаўлянах, на яго радзіме каля мяжы з Беларуссю.
Усталяванне помніка мела доўгую гісторыю. Падзея рыхтавалася да 150 гадавіны, але ўдалося толькі ў 2015-м. Зараз манумент стаіць і нагадвае ўсім наведнікам пра нашага славутага земляка. Гутарыць Юрка Ляшчынскі з госцем Рацыі Янушам Талуцём – аўтарам помніка.
РР: Гэтыя месяцы звязаныя са Студзеньскім паўстаннем і з лідарам гэтага паўстання ў Беларусі і Літве Кастусём Каліноўскім. У Мастаўлянах на 150-ю гадавіну меў быць усталяваны помнік паўстанцам Каліноўскага, так і сталася, але пазней. Стваральнік гэтага помніка – Януш Талуць. Чаму са спазненнем помнік быў усталяваны?
Януш Талуць: Думалі пра гэта, а не маглі нікога знайсці. Быў з Асяродка культуры ў Гарадку Хмялеўскі Юрка, тэлефануе да мяне і гаворыць: “Януш, як памятную дошку зрабіць для Косці Каліноўскага?” Я кажу, што гэта для мяне вялікі выклік. Мне па душы такая справа. Мы камень прывязем і замацуем гэтую табліцу. І было мала часу. Я сказаў, што паспею і зраблю гэтую табліцу, але пры ўмове, што мы штосьці выбітнае зробім. Бо гэта 150 гадоў. І я хутка праект паказаў. Хмялеўскі сказаў, што гэта будзе грошай каштаваць, але я пераканаў, давай найперш зробім гэтую табліцу. Зрабілі гэтую табліцу і нават на запрашэннях было, што першы пункт праграмы – урачыстае адкрыццё гэтай памятнай дошкі. А я ўвесь гэты час прасоўваў праект гэтага помніка. Праект, помнік, а яшчэ месца, ну і грошы на гэта ўсё. А тут ані месца, і ніхто не даў дазвол на гэты помнік і грошай няма.
РР: А табліца дзе мела быць? У Гарадку?
Януш Талуць: У Мастаўлянах, пры царкве, але з бацюшкам ніхто не гаварыў, з уладамі царкоўнымі таксама. І з размахам пачаў рабіць, бо думаю, як адпушчу, ужо нічога не будзе. Давай мы памалу з войтам варушыцца трохі. Але пару чалавек вельмі супраць гэтага месца былі і перашкаджалі, што на другі бок мы перакінулі. Не на тле царквы, але на тле туяў. Я моцна супраціўляўся, але нам не далі. Але неяк памаленьку зрабілі мы. Я зрабіў за свае грошы: выкапалі, выраўнялі, цэменту прывезлі грузавік, помнічак паставілі, табліцу, кола ад возу і зброя там ёсць, і каса. Гэта ўсё прадумана. Войт руку дапамогі падаў. І людзі тут затрымліваюцца, фатаграфуюцца, застаецца памяць
РР: Нават прэм’ер-міністр Польшчы тут быў ў 2019 годзе. Па поглядах можна не згаджацца, але месца такое, што для нас пашана – для нас, як беларусаў, і для цябе за тое, што ўнёсак меў свой, і для тых людзей з Беларусі, якія прыязджаюць і ведаюць, што тут быў адзін з герояў нацыянальна-вызвольнага руху беларусаў Кастусь Каліноўскі. І тут усталяваны помнік. Ты сам прыдумаў гэты помнік?
Януш Талуць: Так, гэта ўсё ў майстэрні паўстала. Хацеў штосьці такое зрабіць, каб ён з “зубам быў”, яду троху меў. Гэты абеліск імкнецца ўверх. Там ёсць зброя, копіі зроблены з арыгіналаў, паменшылі крыху.
Цалкам гутарка - у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя