У Мінску — прэзентацыя кнігі вершаў Міхала Бараноўскага
2024-09-24 16:51
27 верасня ў 18:30 у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа пройдзе прэзентацыя новай кнігі вершаў паэта, музыкі, папулярызатара творчасці Максіма Багдановіча Міхала Бараноўскага, якая называецца “Volumen.3”.
Цягам імпрэзы разам з гасцямі вечарыны аўтар пройдзецца па старонках новай кнігі, паразважае пра паэзію агулам і спробы знайсці ў ёй сваё месца. Прагучаць старыя і новыя песні, літаратурныя байкі, анонсы новых выданняў, а таксама адказы на пытанні, а ў канцы адбудзецца аўтографсэсія.
Як пісаў раней Bellit.info, трэцяя кніга паэта выйшла ў выдавецтве Tsymberau Publisher і ўключае вершы, напісаныя з 2020 па 2024 год.
“Як і з папярэднімі зборнікамі, “Volumen.3″ з’явіўся ў прадчуванні цішыні, калі ведаеш, што ў бліжэйшай будучыні нічога новага не выйдзе і можна правесці рысу ды неяк рухацца далей. Ці адрозніваюцца прадстаўленыя тэксты ад папярэдніх мне сказаць цяжка, тое справа чытацкая. Спадзяюся, што ў вас атрымаецца знайсці ў кнізе нешта сваё”, — каментаваў па гарачых слядах навіну Міхал Бараноўскі ў сацсетках.
Кошт уваходнага білета – 6,50 рублёў.
Кантактны тэлефон: (017) 270 17 02
Адрас: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5
www.kolasmuseum.by