У Мінску распрадаюць бібліятэку Максіма Лужаніна і Яўгеніі Пфляўмбаўм
2023-11-07 15:15
На анлайн-аўкцыёнах ідуць актыўныя таргі кнігамі з бібліятэкі вядомай пісьменніцкай сям’і. У продажы — кнігі з аўтографамі рускіх і ўкраінскіх пісьменнікаў 1920-х гадоў, збор рускіх сімвалістаў у першых выданнях.
Дэбютная кніга вершаў рускага паэта Барыса Карнілава (расстраляны ў 1938 г.) з аўтографам Яўгеніі Пфляўмбаўм.
Тамсама распрадаецца і частка кніг з уладальніцкімі запісамі рэпрэсаванага беларускага крытыка і літаратуразнаўцы Міколы Аляхновіча. Магчыма, частка яго бібліятэкі перайшла да Максіма Лужаніна.
Сямейная пара, Максім Лужанін (1909-2001) і Яўгенія Пфляўмбаўм (1908-1996), — вядомыя беларускія паэты, актыўныя ўдзельнікі літаратурнага руху 1920-х гадоў. Іх кніжныя зборы — нешматлікі прыклад пісьменніцкай бібліятэкі, ацалелай пасля сталінскага тэрору.
Ул. інф.