- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
6 жніўня 1517 году ў сталіцы Чэскага Каралеўства Празе выйшла ў сьвет першая друкаваная кніга Беларусі — Біблія ў перакладзе на старабеларускую мову Францішка Скарыны.
З гэтай нагоды праскія беларусы наладзілі сьвята на адкрытым паветры каля помніка Францішку Скарыну непадалёк ад Градчанскага замку і саду, дзе беларускі першадрукар працаваў каралеўскім батанікам.
Адкрыла імпрэзу Алена Ціхановіч-Коварава, прадстаўніца беларускай нацыянальнай меншасьці пры ўрадзе Чэскай Рэспублікі і сакратарка суполкі «Скарына».
На сьвяце быў зачытаны зварот беларускай дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай, які агучыла прадстаўніца яе офісу ў Празе Крысьціна Шыянок. У звароце Ціханоўская сказала, што Скарына «не пабаяўся, дзякуючы яго сьмеласьці быў пакладзены пачатак нацыянальна-патрыятычнай традыцыі ў беларускай культуры...» У дзень 505-й гадавіны беларускай Бібліі Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў не баяцца, як не баяўся беларускі першадрукар.
Прамаўлялі кіраўнікі суполкі «Скарына» Рыта Гаціх і суполкі «Пагоня» Віталь Цімошчанка, а таксама дырэктарка праскага выдавецтва Vesna Весна Вашко і беларускі журналіст, дасьледчык гісторыі БНР Сяргей Шупа. Ад праскіх студэнтаў прамовіў дактарант Карлавага ўнівэрсытэту Аляксандар Паршанкоў.
Сярод замежных гасьцей з прамовамі выступілі дэпутат чэскага парлямэнту, старшыня Падкамітэту ў справах нацыянальных меншасьцяў і сябар нефармальнай парлямэнцкай групы сяброў свабоднай Беларусі Гаят Ёзаф Акамура, першы дарадца польскага пасольства ў Празе Магдалена Марыксевіч, старшыня Праскага лінгвістычнага таварыства Томаш Госкавец, дырэктар Польскага інстытуту ў Празе Мацей Ручай і іншыя.
Усе выступоўцы казалі пра велічную постаць Скарыны і пра тое, што ён аб’яднаў сваім чынам народы Беларусі, Літвы, Польшчы і Чэхіі.
Томаш Госкавец асабліва падкрэсьліў, што Скарына належыць усёй Эўропе, усёй эўрапейскай цывілізацыі.
Была прысутная на сьвяце і найстарэйшая чэская беларусістка і скарыністка Францішка Сокалава.
Паміж прамовамі выступалі флейтыстка Яніна Аляхновіч, музыкі браты Андрэй і Раман Шклёды, сьпявачка фальклёрнага гурту GUDA Сьвяталана Судноўская.
Была разыграная скарынаўская віктарына, пераможца якой атрымаў у якасьці прызу кнігу «Нечаканы Скарына» Сяргея Абламейкі, якая выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».
На сьвяце прадаваліся майкі з лягатыпам Скарыны і беларускія кнігі.
Скарынаўскі дзень у Празе закончыўся вечаровай лекцыяй гісторыка, дактаранта Алямоўцкага ўнівэрсытэту Паўла Котава «Што мы ведаем і ня ведаем пра Скарыну» ў Беларускай клюбоўні на вуліцы 5 Kvetna.