Паэту Уладзіміру Някляеву за сваё жыццё неаднойчы прыходзілася падавацца ў палітычную эміграцыю. У свой час ён жыў у Польшчы, Фінляндыі і Швецыі. Пасля падзеяў 2020 году вымушаны быў зноў пакінуць радзіму і цяпер ён жыве ва Уроцлаве.
На Беласточчыне распачаўся літаратурны семінар «Бязмежжа» — Уладзімір Някляеў сярод ганаровых гасцей. З ім паразмаўляў Васіль Кроква.
РР: Апошнім часам, мне здаецца, што мы выехалі ў нейкую творчую камандзіроўку, таму што ў нас выходзяць кніжкі кожны год. І вось у Вас таксама выйшлі ці выходзяць новыя паэтычныя кнігі. Што гэта — выбранае ці зусім новыя вершы?
Уладзімір Някляеў: Увогуле выйшла ўжо пяць кніг. Адна —выбранае, і астатнія — новае, па-мойму. Я ўжо столькі за гэтыя гады тут напісаў і навыдаваў, што блытаюся.
РР: Мне здаецца, больш, чым пяць. Бо, прынамсі, дзве кнігі прозы — раман і перавыдадзены раман.
Уладзімір Някляеў: Калі ўжо так падпірае, што невыносна хочацца дахаты, а мяне часцяком падпірае, гэтую спакусу перабівае адно пытанне: а што ты там на сённяшні дзень будзеш рабіць? Ты — Уладзімір Някляеў, літаратар, якога не выдаюць, пра якога нідзе не можа быць ніякага напаміну.
РР: І якога кнігі прыбралі з кнігарняў і нават у бібліятэках нельга, напэўна, узяць.
Уладзімір Някляеў: Ну вось, і чым там займацца і што там рабіць? А тут хоць падцмоктвае гэтая змяя настальгіі, а вось выдадзена пяць ці шэсць кніжак. І зараз яшчэ дзве кнігі, адна кніга — гэта мае драматычныя паэмы пра Ягайлу і Міндоўга, і яшчэ адна кніга — гэта пераклад
«Гэй Бэн Гінома» на польскую мову. Чаго я ніяк не чакаў, бо 600 старонак тэксту. Узяцца перакладаць без ніякіх абяцанкаў з майго боку ці з боку выдавецтва нейкіх ганарараў, грошай, гэта не кожны ў нас возьмецца. А тут польскі латаратар, паэт і файны ўвогуле чалавек узяўся і гэта зрабіў.
Так што ў творчым сэнсе ўсё як мае быць, а ў чалавечым — вось гэтая праблема, праблема — хачу дахаты існуе, хоць ты і разумееш, што як бы ў тваёй хаце ўжо жывуць чужыя людзі. Хоць, дзякуй Богу, ніхто там да гэтай пары мне не чужы. Вось я не адчуваю нікога там чужынцам, усе гэта нашыя людзі. Я пра гэта пішу новы раман свой, як так сталася, што ўсе нашыя людзі зрабілі не нашай нашу Айчыну. Для мяне гэта пытанне балючае і намагаюся знайсці на яго адказ.
РР: Выйшлі Вашыя кнігі тут, у Польшчы, а ці адчуваеце Вы, што нейкі водгук ёсць чытачоў, што гэтыя кніжкі патрэбныя, які лёс гэтых кніжак?
Уладзімір Някляеў: Я з кожнай кніжкай па ўсёй Польшчы і нават па Літве праехаў з прэзентацыямі. І сказаць, што гэта не запатрабавана, не магу ніяк. Бо тут людзі, якія чыталі мяне там. А там засталіся людзі, якія не чыталі мяне ні тут, ні там і як бы не збіарюцца чытаць. Хаця былі прапановы, некалькі прапаноў было даслаць вершы, нейкія зборнікі і нават акадэмічны зборнік, яшчэ Гніламёдаў быў жывы. І ён мне патэлефанаваў і сказаў, што лічыць мяне лепшым на сённяшні дзень паэтам і мы ўсё зробім, каб гэта ведалі ў Акадэміі навук. Я яму кажу, можа Вы так і думаеце, але наўрад ці так думаюць тыя, хто будзе зацвярджаць выдаваць гэтую кнігу ці не выдаваць. Так і сталася — ніводная з гэтых прапаноў, шчырых, дарэчы, не была рэалізавана.
Цалкам гутарка — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя