У Варшаве пройдзе фестываль нямога кіно і жывой музыкі пад адкрытым небам. Яго арганізатары — беларусы
2025-07-29 22:23
Чатыры чацвяргі паказаў нямога кіно ў суправаджэнні жывой музыкі. 14 жніўня ў Варшаве пачнецца новы кінафэст «Нямая ліхаманка» — і яго ладзяць беларусы.
Пра падзею сёння абвясціла кінакрытык Ірэна Кацяловіч, якая спрычынілася да новай імпрэзы. У камандзе стваральнікаў фэсту — кампазітарка Вольга Падгайская і музыкант Віталь Эпаў. Падтрымлівае праект Мацей Радзівіл.
«У еўрапейскіх краінах бачная вялікая павага і інтарэс да нямых стужак — мы паглядзелі на гэта і вырашылі зрабіць яшчэ адно свята кіно ды музычнай інтэрпрэтацыі ў польскай афішы», — адзначыла Ірэна Кацяловіч.
Фэст пазіцыянуецца як бязгучнае кіно пад жывую музыку кампазітараў з Беларусі і Польшчы.
Сярод музыкаў, якія будуць удзельнічаць у першай эдыцыі «Нямой ліхаманкі»: польскія творцы Дарыюш Пшыбыльскі, Аляксандра Хмелеўска, Філіп Спорняк і беларускія — Вольга Падгайская і Five-Storey Ensemble.
Назвы фільмаў пакуль не агучаны, але вядома, што гэта будуць чатыры карціны з розных краін — з Польшчы, Германіі, Украіны і Беларусі. (Знаўцы могуць разгадаць кіно па кадрах на афішы).
Ірэна Кацяловіч «раскрыла карты», анансаваўшы беларускую карціну-ўдзельніцу — гэта нямая стужка «Прастытутка» Алега Фрэйліха — па адной з версій, першы беларускі фільм. Сацыяльная драма была выпушчана на экраны ў 1926 годзе кінакампаніяй «Белгоскино».
Квіткі на сеансы з’явяцца неўзабаве. Нагадаем, што месца сустрэчы — утульны дворык Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве (вуліца Фоксаль, 11).
Сачыць за імпрэзай можна
тут.