Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў кнігу Анны Сыльвіі Чыж Pałace Wilna XVII–XVIII wieku. Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika выдаў кнігу Анны Сыльвіі Чыж
Pałace Wilna XVII–XVIII wieku. Упершыню пад адной вокладкай сабраны даныя пра 41 віленскі палац — як захаваныя, так і неіснуючыя. Выданне багата ілюстравана як гістарычнымі, так і сучаснымі фотаздымкамі.
У 2019-2021 гадах Анна Сыльвія Чыж, даследчыца з варшаўскага Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага, ажыццявіла даследчыцкі праект, які прафінансаваў Нацыянальны інстытут польскай культурнай спадчыны за мяжой Polonika, у выніку якога выйшла кніга Pałace Wilna XVII–XVIII wieku.
У кнізе змешчаны як апісанні палацаў, так і фрагменты арыгінальных архіўных дакументаў XVII—XХ стст. Выданне дапоўнена слоўнікам архітэктараў і будаўнікоў Вільні XVII–XVIII стст.
Кніга складаецца амаль з 700 старонак. Падобнага даследавання яшчэ чакаюць такія гарады былой Рэчы Паспалітай як Варшава, Кракаў, Львоў, Гродна і інш.
Анна Сыльвія Чыж: — Ідэя напісання гэтай кнігі нарадзілася, калі я выкладала гісторыю Вільні і яе мастацтва ў Інстытуце гісторыі мастацтва варшаўскага Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага, дзе я працую.
Я сутыкнулася з праблемай. Здавалася, што пра касцёлы Вільні можна было сабраць інфармацыю. Аднак расказаць пра палацы Вільні аказалася складанай задачай. Бо я амаль нічога пра іх не ведала і мала што магла знайсці ў даступнай мне літаратуры.
І гэта праблема з пошукам матэрыялаў пра арзітэктуру рэзідэнцый Вільні стала для мяне той кропкай, з якой я пачалася інтэнсіўныя грунтоўныя даследаванні. Я вырашыла, што гэты прабел у гісторыі архітэктуры Вільні трэба хутка закрыць.
У выніку з’явілася кніга пра палацы Вільні XVII—XVIII стст.
Для таго, каб знайсці і сабраць матэрыялы ў архівах і бібліятэках Вільні пра палацы горада XVII—XVIII стст., Анна Сыльвія Чыж ездзіла ў сталіцу Літвы на некалькі тыдняў, месяц. Анна Сыльвія Чыж прызнаецца, што гэта была марудная, складаная праца.
Анна Сыльвія Чыж: — Рана ўстаеш, і ідзеш к восьмай, дзявятай гадзіне ў бібліятэку ці архіў. І некалькіх гадзін сядзіш там: праглядаеш вопісы спраў, заказваеш дакументы, і зноў — тое самае. Галоўнае — шырока паглядзець на даступныя крыніцы і праблематыку. І здаецца, у кнізе пра палацы Вільні гэта ўдалося зрабіць.
Увогуле, крыніцы вельмі розныя. Гэта і дакументы, звязаныя з рамонтамі палацаў, інвентары, дагаворы з архітэктарамі.
Увогуле, у кнізе змешчаны даныя пра 41 палац, якія былі ўзведзены і існавалі ў XVII—XVIII стст. Але гэта толькі прыватныя палацы, якія належалі канкрэтным шляхецкім і магнацкім родам. Таму ў кнізе няма палацаў віленскіх рымска-каталіцкіх біскупаў, грэка-каталіцкіх мітрапалітаў і палаца вялікіх князёў літоўскіх. Бо гэта зусім іншага тыпу будынкі не толькі паводле формы ўласнасці, але і паводле функцый.
Я таксама вывучала старую картаграфію, падатковыя дакументы і, натуральна, хадзіла па вуліцах і завулках Вільні, і ў выніку прыйшла да вываду, што ў горадзе павінен быў быць 41 палац. І з гэтых палацаў да нашых дзён захавалася прыкладна палова ў розным стане. Частка палацаў моцна перабудавана. І гэта нармальна. Бо гэта былі месцы, дзе таксама жылі. У сувязі з гэтым яны мадэрнізаваліся.
Таму, з аднаго боку, адны палацы захаваліся ў моцна перабудаваным выглядзе. Іншых практычна няма. Так, напрыклад, ад палаца Януша Радзівіла захавалася толькі адно крыло.
Сёння большасць палацаў знаходзіцца на перыферыі жыцця горада. З аднаго боку, у некаторых будынках знаходзяцца нейкія ўстановы, і па гэтай прычыне палацы зачынены і для жыхароў горада, і для турыстаў. З другога боку, некаторыя палацы закінуты: няма ідэй, што магло б знаходзіцца ў гэтых будынках цяпер, як у выпадку з палацам Абрамовічаў.
Такім чынам, з 20 палацаў, якія захаваліся, толькі палова функцыянуе як будынкі, якія захоўваюць памяць пра сваё ранейшае прызначэнне і роды, якім належалі ў Вільні.
Якія з палацаў Вільні самыя старыя?
Анна Сыльвія Чыж: — Гэта, напрыклад, палац Сапегаў на Антокалі. Усе думаюць, што ён быў узведзены ў 90-я гг. XVII ст. Аднак у гэтым палацы “схаваны” старэйшы будынак — таксама рэзідэнцыя, якая паходзіць з 1600 г.
Трэба сказаць, што ў канструкцыях мнгіх палацаў Вільні “хаваюцца” муры будынкаў яшчэ з XV–XVI стст. І такім прыкладам можа быць палац гетманаў Пацаў, на фасадзе якога раскрыты гатычны мур, здаецца, 1500 г. Такім чынам, палацы вырасталі з ранейшых будынкаў, таму цяжка сказаць, які з іх самы старажытны.
Анна Сыльвія Чыж раіць усім, хто яшчэ не бываў у Вільні, абавязкова наведаць гэты горад.
Анна Сыльвія Чыж: — Гэта кангламерат традцый розных нацыянальнасцей, веравызнанняў. І гэта можна сказаць не толькі пра Вільню, але і пра ўсё былое ВКЛ. У Вільні ж вельмі маляўнічы краявід.
Да таго ж, у Вільні і па-за ёй — у былым ВКЛ — захавалася некалькі жамчужын архітэктуры еўрапейскага ўзроўню. Нельга не захапляцца тым мастацтвам, якое з’яўлялася на гэтай тэрыторыі.
Я ўжо даўно даследую касцёл Святых Пятра і Паўла на Антокалі ў Вільні. Гэта вядомая жамчужына архітэктуры барока, якая магла б упрыгожваць і які-небудзь краявід у Італіі.
Я б сказала, што Вільня — адзін з самых маляўнічых гарадоў Еўропы. Гэта горад, у якім захавалася старая планіроўка — з крывымі завулкамі, якія фарміруюць маляўнічасць горада, надаюць яму рамантычны характар. І ўсё гэта на фоне найпрыгажэйшага наваколля.
Віктар КорбутСлухайце аўдыё