3 лістапада ў сталіцы Літвы адкрыўся міжнародны кінафэстываль «Паўночнае зьзяньне», на якім у конкурсным паказе ўдзельнічае 9 беларускіх мастацкіх стужак.
«Паўночнае зьзяньне» праводзяць 11 раз. Да 2020 году фэстывалі праходзілі ў Беларусі, але праз падзеі пасьля выбараў даводзіцца вандраваць.
Сёлетняе «Паўночнае зьзяньне» адкрылася ў Вільні нарвэскім фільмам «Невядомы краявід». Праз два дні кінафэстываль на тры дні пераедзе ў Варшаву. А потым — у Талін, дзе застанецца да закрыцьця.
«Але для беларускіх гледачоў мы зможам паказваць конкурс онлайн. Гэта будзе з 10 па 23 лістапада, да апошняга дня фэстывалю.
Праўда, ня ўсе фільмы. Фільм Мары Тамковіч „Пад шэрым небам“ паказаць ня зможам, каб не пашкодзіць гледачам у Беларусі», — кажа заснавальніца і дырэктарка кінафэстывалю Воля Чайкоўская.
Офлайн-паказ карціны Мары Тамковіч адбудзецца 4 лістапада ў Вільні і 20 лістапада ў Таліне.
«Мы вельмі радыя, што, насуперак новым выклікам, у тым ліку фінансавым, фэстываль не спыняецца», — кажа Воля Чайкоўская і тлумачыць, чаму сёлета дэвізам фэстывалю абраная фраза «Мы проста дзеці»:
«Не праз тэматыку фільмаў, яна зусім не дзіцячая. Проста паўгоду таму я нарадзіла дзіця і ў нечым перагледзела погляд на ўсё.
Мы ўсе ляцім да зорак, таму трэба не забіваць адзін аднаго, а паўнавартасна жыць. Але гэта мара, а вакол нас рэчаіснасьць, якую мы спрабуем асэнсаваць у тым ліку з дапамогай кіно».
Праз мацярынскія клопаты дырэктарка фэстывалю сама не змагла ўдзельнічаць у цырымоніі адкрыцьця ў Вільні, але мяркуе, што і безь яе пачатак атрымаўся, бо інтарэс да сучаснага кіно застаецца вялікім.
Воля Чайкоўская адзначае, што фэстываль адметны шырокім пазаконкурсным паказам эўрапейскіх фільмаў, у тым ліку ўкраінскіх.
«Мы зноў прэзэнтуем найноўшыя ўкраінскія фільмы, прысьвечаныя адважнай барацьбе ўкраінскіх калегаў і сяброў — як у кіно, гэтак і за яго межамі.
Гэта дакумэнтальныя фільмы Алісы Каваленкі „Мой Тэа“ і „Стужка часу“ Кацярыны Гарнастай. Абедзьве стужкі — ня толькі дакумэнты эпохі, але і выдатныя, кранальныя творы пра чалавечае жыцьцё», — кажа Воля
Што да лёсу беларукага кіно, дык дырэктарка фэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Воля Чайкоўская лічыць, што ў Эўропе яно застанецца запатрабаваным дзякуючы якасьці, вобразнасьці і асаблівай візуальнай мове.
«Як у бізнэсе немагчыма цяпер прадказаць на 10 гадоў наперад, што будзе і куды лепш інвэставаць грошы, гэтак і ў кіно — што будзе ў трэндзе нават праз 5 гадоў, прадказаць немагчыма.
Але калі мы гаворым пра агульначалавечыя каштоўнасьці, пра важныя аспэкты жыцьця — такое кіно заўжды будзе ў трэндзе. Калі беларускія рэжысэры і рэжысэркі выбіраюць сучасную, своеасаблівую візуальную мову, гэта таксама будзе заўважана і дакладна знойдзе водгук у эўрапейскай аўдыторыі.
Вось я зараз бачу, што ў нас вельмі добра распрадаюцца квіткі на офлайн-паказы менавіта беларускіх фільмаў — гэта вельмі радуе.
Спадзяюся, шмат людзей прыйдзе на нашы фільмы зь ліку беларускай дыяспары ў Вільні, Варшаве і Таліне. А яшчэ хацелася б, каб прыходзіла і мясцовая аўдыторыя. Канечне, гэта вялікая маркетынгавая праца — спрабуем яе выканаць», — сказала Воля Чайкоўская.
Беларускі конкурс кінафэсту «Паўночнае зьзяньне» — 2025
«Суд мёртвых» — хорар Андрэя Кашперскага пра Беларусь, дзе судзяць памерлых апанэнтаў рэжыму. У ролі судзьдзі — Зоя Белахвосьцік.
«Сьвінгеры» — псыхалягічная камэдыя Андрэя Кашперскага, другая ягоная праца ў конкурсе.
«Баця» — рэжысэрскі дэбют беларускага актора, драма пра бацьку і сына.
«Перадачка» — анімацыя пра перадачку, якая ажывае і сама ідзе да палітвязьня.
«Заўтра вы мяне тут ня ўбачыце» — аўтабіяграфічная анімацыя Аляксандры Чабоцкай пра здольнасьць захаваць унутраную свабоду на эміграцыі.
«Незабудка» — фільм Станіслава Савасьцеева, беларускага актора і рэжысэра ў Польшчы, пра жанчыну з Альцгаймэрам.
«Kawalerka» — дэбют беларускага актора ў эміграцыі, гісторыя пра маўчаньне і аддаленьне сямейнай пары.
«Лебядзіная песьня Фёдара Озерава» — фільм Юрыя Сямашкі, удзельнік Бэрлінскага кінафэстывалю, абсурдысцкае драмэдзі пра музы́ку зь Беларусі.
«Мэханіка матэрыялаў» — драма беларускай аўтаркі ў Чэхіі пра сямʼю, падзеленую вайной.