У Вільні праходзіць канфэрэнцыя дэмакратычных сіл «Новая Беларусь»
2022-08-08 15:58
Офіс Сьвятланы Ціханоўскай 8–9 жніўня ладзіць у Вільні канфэрэнцыю, на якой плянуе абмеркаваць вострыя пытаньні і знайсьці адказы на пытаньні аб далейшай стратэгіі беларускай апазыцыі.
Канфэрэнцыя пачалася 8 жніўня ў віленскім «Тэатры Вайдзілы», яе трансьлююць у жывым этэры, які пачаўся ў 11.30 менскага часу. Пачынаецца падзея з прывітальных словаў удзельнікаў, а таксама прэзэнтацыі вынікаў працы дэмакратычнага руху за два гады.
Дыскусіі канфэрэнцыі ў праграме 8 жніўня:
Дыскусія 1. Якімі павінны быць стратэгіі выхаду з крызісу?
Дыскусія 2. Якім павінен быць транзытны пэрыяд і хто мусіць адказваць за яго?
Дыскусія 3. Як стварыць умовы для годнага жыцьця і выратаваць краіну ад эканамічнага крызісу?
Дыскусія 4. Як рэарганізаваць дэмакратычныя сілы?
Дыскусія 1. Якімі павінны быць стратэгіі выхаду з крызісу?
Сьвятлана Ціханоўская заявіла аб неабходнасьці стварыць калектыўны орган для дасягненьня мэтаў новай Беларусі.
«Як бы мяне ні называлі — хатняй гаспадыняй, брытанскай каралевай, засланым агентам, гэта ні ў якім выпадку ня зьменіць жыцьцё майго суседа на пляцоўцы, і менавіта таму наша з вамі задача — стварыць працаздольнае аб’яднаньне, не дазволіць рэжыму, прапагандзе і асабістым абразам разьяднаць нас і даць апанэнтам падставу для трыюмфу», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская ў Вільні, выступаючы на канфэрэнцыі «Новая Беларусь».
Прадстаўнік палку «Пагоня» Вадзім Пракоп’еў прапанаваў Ціханоўскай вызначыцца — гатовая яна ўзначаліць урад ці не. Калі не, то прапанаваў ёй «адыходзіць у бок», і тады будзе іншы прэм’ер-міністар.
Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК), сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка дадаў, што цяпер ніводная з асобных структураў ня здольная самастойна вырашыць праблемы, таму неабходна стварыць адмысловы пераходны Кабінэт, у якім будзе моцны сілавы блёк, блёк міжнароднай палітыкі, санкцыйны камітэт. Ён пагадзіўся з прапановай Вадзіма Пракоп’ева, што рашэньне аб стварэньні такога пераходнага кабінэту або ўраду мусіць быць абвешчана да заўтра, а ўсе кандыдатуры ў ім належыць абмеркаваць з удзелам грамадзкасьці.
Аляксандар Азараў, прадстаўнік ByPol, таксама падтрымаў ініцыятыву стварэньня ўраду ў выгнаньні, які зможа рэалізаваць плян «Перамога». Ён сказаў, што такое рашэньне мусіць ухваліць Сьвятлана Ціханоўская. Паводле яго, да пляну «Перамога» далучыліся каля 200 тысяч беларусаў
Як сказала Ціханоўская, кожнаму, хто будзе далучацца да супольнай працы, давядзецца ісьці на кампрамісы.
«Нам усім трэба будзе памятаць, што ў палітыцы не існуе паняцьця „мне не падабаецца“, ёсьць толькі паняцьце, ці дапаможа гэта людзям, перад якімі мы адказныя», — лічыць яна.
Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Барыс Гарэцкі ў кулюарах канфэрэнцыі падзяліўся думкай пра тое, што незалежныя СМІ вытрымалі ціск улады ў тым пляне, што захавалі свае рэдакцыі, хоць і ў выгнаньні.
«Пры ўсіх рэпрэсіях, ператрусах, турэмных тэрмінах улада не змагла захапіць мэдыярынак. Людзі, нават калі не падпісваюцца на тэлеграм-каналы незалежных СМІ, то ўсё адно чытаюць і абмяркоўваюць. Гэта я лічу дасягненьнем беларускіх мэдыя».
Дыскусія 2. Якім павінен быць транзытны пэрыяд і хто мусіць адказваць за яго?
У дыскусіі № 2 намесьнік кіраўніка НАК Уладзімер Астапенка заявіў, што ў транзытны пэрыяд будучым беларускім уладам павінна быць «да законаў» і разглядаць ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці. Ціханоўская сярод іншага заклікала да ліквідацыі «сакрэтнасьці дзяржаўных структур».
Прадстаўнік ByPol Алег Талерчык адказаў на пытаньне, як можна будзе забясьпечваць парадак у краіне ў пераходны пэрыяд. Ён адзначыў, што новыя сілы будуць фармавацца з народу і іх кантраляваць, каб сілавікі не залежалі выключна ад людзей, якія ўмеюць толькі «маршыраваць на пляцы».
Прадстаўнік Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька адзначыў, што Ціханоўская мае легітымнасьць, а таксама легітымнасьць мае ён як дэпутат апошняга дэмакратычна выбранага парлямэнту. Лябедзька заявіў: «Калі мы не задзейнічаем у нашым пляне мільён чалавек, а зьвядзём усё толькі да тых, хто ваюе ва Ўкраіне і нібыта мусіць нешта нам здабыць, дык што будуць рабіць іншыя?!»
Ён дадаў, што, напрыклад, для незалежнай судовай сыстэмы і прагрэсу ва ўрадзе неабходны чалавек, які б кантраляваў падрыхтоўку сотняў новых судзьдзяў. Бо толькі стварэньне незалежнай судовай сыстэмы дазволіць рухаць рэформы ў дзяржаве.
«Паводле Канстытуцыі Новай Беларусі, прэм’ер-міністра прызначае парлямэнт, Беларусь у візіі дакумэнту — парлямэнцкая рэспубліка. Інстытут прэзыдэнта — элемэнт стрымліваньня, ня больш за тое, толькі элемэнт выканаўчай улады.
У абмеркаваньне неабходна залучыць як мага болей людзей. Іначай гэта будзе „камунальная кватэра“», — сказаў Лябедзька. Лябедзька лічыць, што ўжо цяпер трэба падрыхтаваць праграму дзеяньняў. Паводле яго, на транзытны пераход ня будзе шмат часу. «У нас максімум будзе год», — сказаў ён.
Алег Талерчык заявіў, што Беларусі неабходна вяртаньне Канстытуцыі 1994 году. І выбары ў першы свабодны парлямэнт пост-лукашэнкаўскай эпохі мусяць адбыцца паводле той самай Канстытуцыі, і толькі затым, ужо новы абраны орган будзе весьці абмеркаваньні пра зьмены.
Афіцыйны твітэр амбасады ЗША ў Менску прывітаў удзельнікаў канфэрэнцыі і яшчэ раз падтрымаў памкненьні беларусаў да дэмакратыі:
«Рэпрэсіўная тактыка рэжыму перад фальшывымі выбарамі двухгадовай даўніны аб’яднала разрозьненыя дэмакратычныя фракцыі Беларусі вакол агульнай мэты. Яны працягваюць сустракацца і размаўляць, і мы жадаем усім удзельнікам пасьпяховага шляху наперад, пачынаючы зь сёньняшняй канфэрэнцыі „Новая Беларусь“ у Вільні».