Учора ў Вільні адбылася юбілейная канферэнцыя «Беларуская журналістыка: дзе пачынаецца заўтра», прысвечаная 30-годдзю заснавання Беларускай асацыяцыі журналістаў. На ёй быў прадстаўлены праект БАЖ — «Журналісты: бязгучны рэжым», над стварэннем якога працавалі беларускія мастачкі Кася Будзько і Кацярына Мяць.
Праект — візуальная форма супраціву маўкліваму выцісканню журналістаў з публічнай прасторы, прафесіі і жыцця — працэсу, які беларускія ўлады мэтанакіравана вядуць ужо пяць гадоў.
Выстава «Журналісты: бязгучны рэжым». Фота: reform.news
Кожная праца мастачак суправаджаецца тэкстам, які адлюстроўвае роспач ад раптоўнага знікнення звычайных клопатаў і недасяжнасці простага паўсядзённага жыцця для палітычных вязняў.
Экспанат выставы «Журналісты: бязгучны рэжым». Фота: reform.news
У працах Касі Будзько — візуальнае вяртанне журналістаў у блізкую да іх рэчаіснасць. Мастачка пераносіць фотаздымкі журналістаў у сучасныя гарадскія ландшафты, дзе яны калісьці жылі, кахалі, працавалі, марылі. Эмацыйны кантраст паміж будзённасцю гарадскога жыцця і трагедыяй асобнага чалавека вяртае бачнасць зняволеных журналістаў. Яны — у турме. Але іх постаці працягваюць прысутнічаць у жыцці горада, у памяці людзей, у гісторыі Беларусі.
Працы Кацярыны Мяць прысвечаныя захаванню асабістай цэласнасці і чалавечай годнасці. Натхнёная метафарай мазаікі, мастачка паказвае, як чалавек у няволі праз ізаляцыю і адарванасць ад свету паўстае замкнёным і разабраным. Але каляровыя здымкі ўтрымліваюць памяць і даюць надзею на вяртанне святла ў жыццё кожнага палітвязня.
Экспанат выставы «Журналісты: бязгучны рэжым». Фота: reform.news
У свае творы мастачка дадала элемент глітчу — тэхналагічнай памылкі, якая адлюстроўвае несправядлівасць самога факта зняволення: турма для журналістаў — гэта збой рэчаіснасці. Гэты эфект візуальна падкрэслівае хісткасць сувязі паміж чалавекам і светам, якога пазбавілі палітвязняў. А таксама падкрэслівае патрэбу ў намаганнях аднавіць поўную карціну жыцця гэтых людзей, не даць знікнуць іх імёнам і гісторыям.
Экспанат выставы «Журналісты: бязгучны рэжым». Фота: reform.news
Такім чынам, праект «Журналісты: бязгучны рэжым» аднаўляе прысутнасць тых, каго беларускія ўлады пяць гадоў імкнуцца выкрасліць з публічнай прасторы, з прафесіі, з жыцця. Задача БАЖ — не даць ніводнага шанцу дыктатуры ўсталяваць бязгучны рэжым.
Упершыню выстава была паказана на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве.
На выставе падчас канферэнцыі ў Вільні, на многіх працах мастачак з’явілася пазнака "Вызвалены"/"Вызвалена». Так, журналісты Ларыса Шчыракова і Вячаслаў Лазараў на канферэнцыі сфатаграфаваліся ўжо са сваімі партрэтамі, створанымі ў межах праекта «Журналісты: бязгучны рэжым».
Вячаслаў Лазараў, які прысутнічаў на падзеі, тут жа прадэманстраваў прысутным жылет «Прэса», які прайшоў з ім увесь тэрмін зняволення. Артэфакт стаў першым экспанатам у будучы музей. «Таму тыя журналісты, што выходзяць з‑за кратаў, не выкідвайце свае робы. Яны будуць вельмі патрэбныя», — сказаў ён.
Выстава, якая была прадстаўлена на юбілеі БАЖ, будзе ладзіцца на розных міжнародных сустрэчах.
Ганна Шарко, прэзідэнтка Асацыяцыі беларусаў Амерыкі, плануе паказаць гэту выставу ў ЗША: «Мяне адразу прыцягнула выстава, бо яна пра чалавечыя гісторыі тых, хто часта застаецца толькі лічбай у зводках пра палітвязняў. За кожнай такой лічбай — чалавек, які мог бы быць тут, сярод нас: мадэраваць дыскусію, выступаць са сваімі ідэямі або працаваць журналістам, — расказала спадарыня Ганна. — Мы часта не заўважаем працу журналістаў, пакуль яна адбываецца, але без іх мы не ведалі б, што робіцца ў свеце. І тыя, хто цяпер у турме, апынуліся там менавіта за сваю прафесію. Фотаздымкі ў гэтай выставе нагадваюць: яны не зніклі, яны ўсё яшчэ прысутнічаюць у нашых жыццях».
Нагадаем, што ў Беларусі за кратамі трымаюць больш за сорак журналістаў і журналістак, уся віна якіх палягае ў тым, што яны сумленна выконвалі сваю працу, збіралі і распаўсюджвалі грамадска важную і праўдзівую інфармацыю.