У Віцебску раскапалі падмуркі гістарычнага будынка – „дома Вітэнберга”
2020-05-26 16:38
Гэты будынак, узведзены на грошы купца Бейнуса Вітэнберга ў пачатку 1890-х гадоў, вызначаўся арыгінальным архітэктурным выглядам. А яшчэ ён цікавы тым, што тут мясцілася ювелірная крама бацькоў Бэлы Разенфельд, якая стала музай і жонкай знакамітага Марка Шагала.
Сям’я Разенфельдаў арэндавала тут цэлы паверх, і ў 1915-м годзе тут жыў сам мастак. Частку будынка займаў гатэль Бразі, і ў 2000-х гадах была прапанова аднавіць “дома Вітэнберга”, каб зноўку абсталяваць там гатэль, а магчыма, і музей, прысвечаны Марку Шагалу. Аднак да аднаўлення не дайшло: на месцы будынка зрабілі невялікі сквер, і ў 2014-м годзе ў ім быў пастаўлены помнік князю Альгерду.
Падмуркі і фрагменты сцен гістарычнага будынка раскапалі дзеля пракладкі новай цеплатрасы, распавёў віцебскі архітэктар Аляксандр Міхайлюкоў:
- Мяне яшчэ гадоў 25 таму здзіўляла манера праводзіць цеплатрасы да іншыя камунікацыі цераз гістарычны цэнтр гораду. Справы, канешне, даўнія, але тут няма сур’ёзнай археалогіі, дый няма галоўнай мэты – аднавіць гатэль Бразі, і гістарычную планіроўку рынкавай плошчы. А яна была непаўторнай, і гэта адрознівала Віцебск ад процьмы іншых гарадоў. Гэтымі днямі Аляксандр Міхайлюкоў з калегамі-архітэктарамі робіць абмеры падмуркаў і рэшткаў сцен гістарычнага будынку. Гэта адзінае, што можна зрабіць цяпер, пакуль чырвоную цэглу не залілі бетонам, каб зверху пакласці трубы. “Дома Вітэнберга” не ўвайшоў у праграму рэгенерацыі гістарычнага цэнтру горада, і на яго аднаўленне бліжэйшым часам спадзявацца не выпадае.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск