У Віцебску судзяць “дзяўчат у белым”
2020-08-18 22:47
За парушэнне адміністрацыйнага артыкула 23.34 у судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска Судзілі Дар’ю Александровіч і Алену Сляпцову.
12-га жніўня яны выйшлі да крамы “Еўраопт” на Маскоўскім праспекце, узяліся за рукі і моўчкі стаялі на ходніках на знак пратэсту супраць міліцэйскага гвалту. Падобныя акцыі прыйшлі ў розных месцах Віцебска: апранутыя ў белае дзяўчаты з кветкамі ў руках спрабавалі звярнуць увагу грамадскасці на недапушчальнасць адвольных затрыманняў і збіцця людзей прадстаўнікамі сілавых структураў.
Але ў вельмі хуткім часе яны самі сталі ахвярамі міліцэйскага ціску, распавяла пра падзеі свайго затрымання Дар’я Александровіч:
– Пад’ехалі два мікрааўтобусы, без усялякіх пазнакаў. Выбеглі мужчыны ў чорным, на іх таксама не было нічога напісана. Мне было страшна, я закрычала да мінакоў “Ратуйце!” Пасля гэтага адзін з мужчынаў мяне штурхнуў, я павалілася на прыступкі, пабілася… нас запхнулі за краты і павезлі.
Алена Сляпцова кажа, што і ў РАУС Чыгуначнага раёна дзяўчат зневажалі:
– Мацюкаліся, пагражалі, казалі, што мы тупыя, што не разумеем, у што ўвязаліся. Што мы заклікаем да гвалту, што заклікаем народ на вуліцы біцца. Мы стараліся адказваць ціха і спакойна, але яны на нас зрываліся. Першае пытанне было :”Колькі вам заплацілі? Мы ведаем вашы расцэнкі – 50 еўра”. Яны сапраўды так думаюць!
Суддзя
Ілля Белавус не знайшоў дастаткова аргументаў, каб прызнаць дзяўчат вінаватымі. Але справы не скасаваў, а адправіў на дапрацоўку ў міліцыю. Працяг суду прызначаны на 25-га жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск