«Упэўнены, што прыйдзе час, калі лацінка ў нас будзе выкарыстоўвацца нароўні і з такімі ж самымі правамі як і кірыліца», — сказаў пісьменнік Уладзімір Арлоў падчас прэзентацыі зборніка апавяданняў «Patria aeterna», напісанага беларускай лацінкай. Кніга выйшла ў выдавецтве «Камунікат». А афіцыйная прэзентацыя адбылася 6 кастрычніка падчас фестывалю інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA ў Вільні.
Гэта не першы зварот
Уладзіміра Арлова да чытача лацінкай. У 2012 годзе выйшла кніга паэзіі
«Śvieciacca vokny dy nіkoha za jіmі», рэдактарам якой стаў
Валянцін Акудовіч.
У новую кнігу Арлова на беларускай лацінцы «Patria aeterna» («Радзіма вечная») увайшлі тры гістарычныя апавяданні, якія аўтар лічыць для сябе вельмі важнымі: «Тры мужы спадарыні Дамінікі», «Каханак яе вялікасці», «Пяць мужчын у леснічоўцы».
Гістарычны экскурс ад Уладзіміра Арлова
Прэзентацыю новай кнігі на беларускай лацінцы Уладзімір Арлоў распачаў кароткім гістарычным экскурсам.
Пісьменнік нагадаў, што традыцыя беларускай лацінкі налічвае больш за 500 гадоў: «Увогуле корпус тэкстаў беларускай лацінкі вельмі значны. На лацінцы да нас дайшоў такі выдатны помнік летапісання як «Хроніка Быхаўца» — гэта адзін з найбольш поўных зводаў нашых айчынных летапісаў.
Таксама вельмі цікавы помнік ужо 17 стагоддзя «Ліст да Абуховіча» — памфлет, дзе выкрываецца смаленскі ваявода Абуховіч, які бяздарна здаў горад расейскім войскам падчас трынаццацігадовай вайны 1654-1667 гадоў.
У 19 стагоддзі ўсе стваральнікі новай беларускай літаратуры таксама карысталіся лацінкай. Гэта і Ян Баршчэўскі, і Уладзіслаў Сыракомля, гэта Ян Чачот, гэта Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. Лацінкай выйшла «Дудка беларуская» Францішка Багушэвіча. Лацінкай выходзіла «Мужыцкая праўда» Канстанціна Каліноўскага, газета паўстання. Ну і калі казаць ужо пра эпоху нацыянальнага адраджэння, пачатак 20 стагоддзя, то вельмі многія першыя кнігі нашых будучых класікаў выходзілі таксама на лацінцы. У Цёткі, апроч яе дарослых твораў, на лацінцы выйшла «Першая чытанка для дзетак беларусаў», «Жалейка» Купалы выйшла кірыліцай, а другая яго кніга «Гусляр» — лацінкай. Лацінку выкарыстоўвалі стваральнікі першага беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца»».
Пра папулярнасць лацінкі сведчыць рэкламны спіс выдавецтва Марціна Кухты, размешчаны ў зборніку «Вянок» Максіма Багдановіча — «там 80 кніг, якія можна замовіць, 44 з іх на кірыліцы прапануецца, 20 на лацінцы і 16 — на лацінцы і кірыліцы».
Да таго ж першыя беларускія газеты таксама на пачатку 20 стагоддзя выходзілі лацінкай альбо лацінкай і кірыліцай. «Падчас Першай Сусветнай вайны немцы на акупаваных землях паводзілі сябе цывілізавана, яны прызналі самастойнасць беларускай мовы, беларуская лацінка выкарыстоўвалася тады ў тым ліку ў дакументах, якія выдавалі акупацыйныя ўлады — па-нямецку і па-беларуску лацінкай», — распавядае Уладзімір Арлоў.
Пачатак стагоддзя быў аптымістычны што да беларускай лацінкі. «Калі ў 1926 годзе ў Менску, ужо ў БССР, адбывалася
Міжнародная акадэмічная канферэнцыя па правапісу, там таксама дыскутавалася пытанне пераходу на лацінку. Удзельнікі канферэнцыі вырашылі, што гэта — ідэал. Што гэта — справа будучыні.
Нашы папярэднікі ў савецкім Менску казалі, што беларуская лацінка — гэта ідэал развіцця нашай культуры, — зазначыў пісьменнік. — У той жа час у Заходняй Беларусі 35 адсоткаў беларускай перыёдыкі друкавалі лацінкай. Вельмі многія гэтыя выданні з’яўляліся менавіта тут, у Вільні. (...) У Савецкім саюзе беларуская лацінка, натуральна, была пад забаронай. Але як толькі падзьмулі вятры перамен, яшчэ да распаду СССР, пачалі з’яўляцца тэксты лацінкай. Пачалі друкавацца асобныя артыкулы, мастацкія творы. Адзін нумар адроджанай «Нашай Нівы» цалкам выйшаў на лацінцы».
Забарона інструкцыі па транслітарацыі геаграфічных назваў
Уладзімір Арлоў нагадаў пра «інструкцыю, якая дзейнічала ў Беларусі да нядаўніх часоў, паводле якой транслітараваліся геаграфічныя назвы з дапамогай лацінкі, гэта было вельмі зручна». «Дзякуючы гэтай інструкцыі беларуская лацінка трапіла ў метро, на шыльдачкі з назвамі вуліц, на розныя афішы, абвесткі, рэкламы, інфастэнды. На жаль, як мы ведаем, у 2023 годзе адбылася забарона на выкарыстанне лацінкі, з якой мэтай гэта было зроблена — пытанне рытарычнае, канечне. Але вернецца гэта інструкцыя, паверце мне», — сказаў Уладзімір Арлоў.
«Хочацца сказаць, што кожны адукаваны беларус павінен ведаць лацінку. Кожны. Таму, калі тут ёсць педагогі, настаўнікі, падумайце, каб знайсці пару гадзін для выкладання сваім вучням — дарослым ці малым — беларускай лацінкі», — зазначыў пісьменнік.
Лацінка як цывілізацыйны выбар
«Выбар графікі, выбар алфавіту — гэта і цывілізацыйны выбар яшчэ. Пасля распаду СССР цэлы шэраг рэспублік перайшоў на лацінку — Азербайджан, Узбекістан, цяпер гэты працэс адбываецца ў Казахстане. Татарстан спрабаваў перайсці на лацінку, але цыкнулі з Масквы, забаранілі гэта ўсё. У Чарногорыі на пачатку нулявых ужо паўсюль панавала лацінка, былі падручнікі, друкавалася мастацкая літаратура, — дадаў Уладзімір Арлоў. — Я далёкі ад таго, каб заклікаць вас неадкладна пераходзіць на лацінку, але яе мусіць ведаць кожны адукаваны беларус.
І я ўпэўнены, што прыйдзе час, калі лацінка ў нас будзе выкарыстоўвацца нароўні і з такімі ж самымі правамі як і кірыліца. Гэта будзе час, калі Беларусь будзе на шляху ці можа быць ужо ў Еўрасаюзе».
Яраслаў Іванюк
Выдавец кнігі Арлова, стваральнік і кіраўнік бібліятэкі і выдавецтва «Камунікат» Яраслаў Іванюк працуе з лацінкай ад канца 80-х: «Яшчэ ў ліцэі я пра гэту лацінку нічога, мабыць, і не ведаў. Пазней, патрапіўшы на вучобу ў Люблін на факультэт гісторыі, сутыкнуўся — чыста прагматычна нешта трэба было па-беларуску напісаць, але не было машынкі з кірылічным шрыфтам, то трэба было пісаць на машынцы з лацінскім. Памятаю, як гэтыя значкі цяжка было ставіць. І з таго часу я і ўручную стаў выкарыстоўваць лацінку. Не тое, што я не засвоіў кірыліцу, але лацінкай неяк было зручней. Трапіўшы пазней у Варшаву, давялося мне выдаваць часопіс «Дыскусія», яго выйшла на пачатку 90-х 9 нумароў. Там былі тэксты па-польску і па-беларуску, прычым беларускія друкаваліся і лацінкай, і кірыліцай. Я і цяпер звычайна найперш пішу лацінкай, камунікую ў розных месэнджарах лацінкай, карыстаюся канвертарамі, калі трэба некаму пераслаць тэкст кірыліцай».
«Трэба шанаваць аўтахтонаў лацінкавых»
Мовазнаўца Вінцук Вячорка падчас прэзентацыі заўважыў: «Выбар лацінкі — усё ж такі не толькі цывілізацыйны ці асветніцкі, але і вельмі важны творчы акт. Пісьмовая мова даўно раўнапраўная з вуснай. І графічнае аблічча лацінкі ўплывае на ўспрыманне, на перцэпцыю. Тая ж самая Patria aeterna альбо Quo vadis у Сенкевіча на вокладцы прачытваецца як пасыл і сігнал зусім іначай, чым у кірылічным кантэксце. Па-другое, наша бяда — гэта вечны разрыў пераемнасці. І тое, што мы маем адбудаваны мосцік цяпер, калі гаварыць пра ўжо кадыфікаваны правапіс лацінкай і графіку, калі ў Беларусі і для беларусаў цяпер выходзяць мастацкія кнігі вось гэтай кадыфікаванай лацінкай, гэта сведчанне, што мы — не неафіты. На вялікі жаль, з’яўляюцца перыядычна неафіцкія памкненні ўсё перарабіць, я б умоўна назваў гэтыя памкненні сіндромам мігранта з кірыліцы ў лацінку. Трэба шанаваць аўтахтонаў лацінкавых, і трэба самім быць аўтахтонамі, а мне здаецца, вось гэтую аўтахтанію Уладзімір Арлоў нам сёння прадэманстраваў».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org