Уладзімір Някляеў: Народ хоча, каб сышла гэтая пачварная ўлада
2020-08-12 17:25
Выбары ў Беларусі сталі шмат у чым унікальнымі, – сказаў паэт, пісьменнік, палітык Уладзімір Някляеў у інтэрв’ю карэспандэнту Радыё Рацыя Генадзю Барбарычу, якое ён даў у абʼяднаным выбарчым штабе Святланы Ціханоўскай, куды ён часта прыходзіць.
Так, такую гісторыю, якая разгортваецца на нашых вачах, не прыдумаеш.
Уладзімір Някляеў: Каб нехта вось напісаў гэтую гісторыю выбараў з гэтымі ўсімі жаночымі і мужчынскім жарсцямі, каханнем, каханкамі, я б пазайздросціў. А так гатовы амерыканскі серыял, бэстсэлер. Але за ўсім гэтым – жывыя людзі, і я ў першую чаргу думаю пра іх. Вось ужо ёсць ахвяра, я маю інфармацыю, што быццам не толькі мужчына ў Менску, але і жанчына ў Маладзечна. Правяраецца гэтая інфармацыя.
Кандыдат у прэзідэнты, якая ўжо не кандыдат, а прэзідэнт, бо відавочна, што яна выйграла выбары, перамагла на іх, новаабраны прэзідэнт за мяжой, не па сваёй волі. Таму што гэта зрабілі беларускія спецслужбы, гэбісты лукашэнкаўскія, запалохаўшы яе. Не думаю, што сітуацыя, як яны кажуць «устаканіцца», нічога падобнага. Яны якраз сваімі дзеяннямі давялі пратэстны градус ужо да кропкі кіпення. Па сутнасці, гэта яны зрабілі. Ён такім высокім да іх разгонаў, да іх арыштаў масавых не быў. І цяпер вельмі важна тое, ці захаваюць гэты супраціў, усяляк трэба яго захоўваць.
Ні ў якім разе, асабліва нашай такой «крытычнай» апазіцыі, а крытычная яна як толькі не да сябе, дык да ўсіх астатніх, нельга ківаць у гэты бок, што вы не так нешта зрабілі. Усё так, дарэчы. Гэта абсалютна не горшы варыянт, чым той, які прадумлялі ў свой час і хацелі рэалізаваць з адзіным кандыдатам мы. Яшчэ не вядома, што там было б. Дык вось, усяляк падтрымліваць гэты штаб, гэтага новаабранага прэзідэнта Святлану Ціханоўскую, усяляк даводзіць, што гэта не марныя высілкі, каб ні ў якім разе людзі не склалі рукі. А ніхто не складвае.
Па маёй інфармацыі, не толькі тут, але і ў Берасці, і ў Маладзечна ўжо кропкава прайшлі страйкі. А гэта якраз тое, чаго, як і плошчы, улада найбольш баіцца. І трэба ісці да гэтых людзей, трэба ўсім. Прычым не толькі, хто задзейнічаны вось тут пры штабах, але і тым, каго адносяць да так званай «старой апазіцыі», мусіць да якой і я ў іх разуменні належу, да якой заўгодна. Але тут нельга крыўдаваць, хай яны сябе адчуваюць пераможцамі, героямі, калі ласка, іх трэба толькі падтрымліваць у гэтым адчуванні. Я, дарэчы, сюды ўжо каторы раз і прыходжу, каб чым магчы, тым дапамагчы.
Так што, безумоўна, гэта шлях доўгі, але яго трэба прайсці абавязкова пераможна, бо калі мы прайграем гэтыя выбары, не адстаім свайго новага прэзідэнта, мы прайграем Беларусь. Бо хуткае віншаванне Пуціна з перамогай – гэта не эмацыйны выкід, а гэта адзін са складнікаў той палітыкі, якую ён збіраецца праводзіць у адносінах да Беларусі. Гэта палітыка на знішчэнне нас як незалежнай суверэннай дзяржавы.
РР: Была небяспека, што Крэмль наўпрост умяшаецца ў гэтыя выбары?
Уладзімір Някляеў: Ён наўпрост і ўмяшаўся. Прызнанне відавочна сфальсіфікаванай, проста па-бандыцку здабытай перамогі – гэта што не ўмяшанне ва ўнутраныя справы Беларусі? Наўпроставае ўмяшанне. Прычым ёсць маса фактаў, як гэта рабілася.
Прыкладна недзе траціна выбарчых камісіяў на гэты раз палічыла так, як было. Але калі гэтыя мясцовыя камісіі панеслі ў выканкамы, іх там сустракалі гэбэшнікі, дарэчы, не супрацоўнікі мясцовай улады, а гэбісты менскія, вялі ў асобны пакой і казалі: давай сюды гэтых сябраў камісіяў і перапісвай «сука», вось як адна мне з іх распавядала, гэты пратакол, калі «сука» проста хочаш жыць. Так што гэта робіцца пад воплескі не толькі Лукашэнкі, але і Пуціна.
Умяшанне відавочнае. Калі размова ідзе, што тут нехта вось гэтую ўсю кампанію арганізаваў, маючы на ўвазе вось гэтыя легіёны быццам расейскіх баевікоў, то, магчыма, нейкія стасункі з Расеяй і былі, але ФСБ выдумаць той сцэнар, які сёння, не магло. Для гэтага трэба нейкія выключныя мазгі. У чым я маю вельмі вялікі сумнеў. І зноў жа, што б ні было, але сталася як сталася. Народ абудзіўся, народ не сляпы, народ відушчы і народ хоча аднаго – каб сышла гэтая пачварная ўлада. І мы будзем гэтага дабівацца.
Беларускае Радыё Рацыя