На ўроцлаўскім фестывалі беларускай культуры паэт Уладзімір Някляеў прэзентуе сваю новую кнігу «Без айчыны».
Ва Уроцлаве завяршаецца XII Фестываль незалежнай беларускай культуры. Праграма налічвала больш за 20 імпрэз, у тым ліку тэатральныя паказы, экскурсіі, адкрытыя дыскусіі ды іншае.
Кульмінацыя фестывалю — літаратурная сустрэча «Што далей з літаратурай», у якой прымаюць удзел пісьменнікі
Святлана Курс,
Наста Кудасава,
Уладзімір Някляеў, які прэзентуе сваю новую кнігу «Без айчыны»:
— Пры ўсіх нашых розных лёсах, рознай мінуўшчыне і будучыні ўсе мы думаем пра тое, што будзе з намі ў Айчыне, і што будзе з Айчынай у нас. Вельмі складаны час, і пра гэта я паспрабаваў расказаць такім чынам, каб гэта лягло на душу і сэрца тым людзям, якія будуць чытаць гэтую кнігу, і тым якія будуць слухаць урыўкі падчас фестывалю ва Уроцлаве.
— Магчыма, адказ у вашай кнізе, але запытаю ў Вас цяпер: ці верыце, што вы і вашыя чытачы, агулам беларускія ўцекачы, калісьці вернуцца дадому, а менавіта ў беларускую Беларусь?
— Што б з намі не было, нельга ні ў якім разе страчваць надзею, бо гэта страта будучыні страта жыцця. Я проста веру ў тое, што Беларусь нікуды не падзенецца. Ужо колькі гадоў, колькі стагоддзяў яе знішчаюць, затоптваюць; кажуць, што яе няма, няма мовы, няма культуры, няма нас — беларусаў… А мы ёсць! У маёй кнізе ёсць такі вершык: Што б не казалі, не плялі/Мы на зямлі, а не ў зямлі! Так яно і будзе.
Ілюстратарам кнігі Ул. Някляева «Без айчыны» стала мастачка Аляксандра Канафальская.
эж