Уладзімір Някляеў: цяперашнія сілавікі паводзяць сябе як энкавэдысты
2020-08-15 23:12
Карэспандэнт Беларускага радыё Рацыя ў Менску на мітынгу салідарнасці і пратэсту паразмаўляў з Уладзімірам Някляевым.
Уладзімір Някляеў: Гэта палітычнае патрабаванне! Народ саспеў да таго, каб быць народам і патрабаваць таго, што яму належыць – права вырашаць лёс сваёй дзяржавы і выбіраць кіраўнікоў сваёй краіны. Пакуль пляскаем у далоні і паступова-паступова разыходзімся. Але небітыя разыдуцца, заўтра можа будзе людзей больш і ўрэшце рэшт прыйдзем да перамогі.
Калі народ будзе сам па сабе арганізоўвацца, а ўлады самы па сабе, да чаго гэта можа ўрэшце прывесці?
– Відаць дыстанцыя паміж уладай і народам будзе павялічвацца і нехта некага згубіць – ці ўлада народ, ці народ уладу. Згубіць як капейку з кішэні. Гэтай уладзе з гэтым народам ужо разам не быць. Народу патрэбнае зараз іншае жыццё, а значыць і іншая ўлада.
Гэтыя лічбы, якія ўпарта назвала Ярмошына…?
– Гэта і выклікала такі эмацыйны штуршок. Улада нахабна даводзіць тое, чаго няма. Дык што людзям гэта далей трываць? Чым больш улада будзе маніць, тым мацнейшым будзе пратэставы рух.
Сталі вядомымі факты, як жудасна абыходзіліся з людзьмі ў месцах зняволення…
Я ж там бываў неаднойчы, але такога нават уявіць не мог. Каб цягнулі з камер у двор, клалі на зямлю і пачыналі свядома адбіваць печань, ныркі… Гэта фашызм, няма іншага слова. Гэта лукашызм трансфармаваўся ў звычайны фашызм, як у фільме Рома. Гэта жах. А з жанчынамі што рабілі – у адной камеры па сорак чалавек. Здаецца, гэта ў Гомелі энкавэдысты прыдумалі такую штуку: у іх таксама не хапала месца, яны сталі зганяць у камеру, разлічаную на 4-5 чалавек па 40-50. І ўбачылі як ад гэтага людзі пакутуюць. А ў жанчын яшчэ ж адбываюцца ў многіх жаночыя справы і яны просяць нейкія сродкі, хоць вады, то ім прапаноўвалі ўмывацца кроўю. Нешта падобнае. А гэты камандзір карнікаў Караеў кажа: „Я бяру адказнасць за тых, хто трапіў пад раздачу”. Дык ты вазьмі, сволач, адказнасць за гэтыя катаванні! Гэта ж твае людзі катавалі. Пры тым жанчын! Калі ты афіцэр, вазьмі і застрэлься! А яшчэ ж загінулі людзі, таксама ім напляваць. Калі я быў у турме (снежань 2010 года-РР), мне паказвалі нарэзку відэа і казалі, што па маёй віне загінулі людзі, калі ляжалі людзі і я не мог разабрацца, жывыя яны ці мёртвыя, я спаць не мог, гэта было для мяне сама вялікім катаваннем. А яны ж забіваюць, у кроў малоцяць і хоць бы што. Гэта погань, а не ўлада. Яны ўсе ведаюць рэальную сітуацыю, але ніхто нават не можа выйсці да народу. Гэта хіба дзяржаўныя людзі?
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя