Ураджэнка вёскі Опаль на Палессі папулярызую опальскую мову на ўвесь свет
2024-02-26 22:37
Опальская – гэта мікрамова, якіх на Палессі вельмі шмат, і якія могуць адрозьнівацца ў залежнасці ад вёскі.
Вёска Опаль на беларускім Палессі (Іванаўскі раён) мае сваю амбасадарку. Воля -
Голя з Ополя | Volha Apolka - ў сацыяльных сетках папулярызуе гэтую мову, а неўзабаве ў друк выйдзе кніга на опальскай мове, прысвечаная пахавальнай традыцыі гэтага рэгіёну. Гісторыя тым больш незвычайная, што Воля цяпер жыве ў далёкай Новай Зеландыі.
Воля з Аполя, фота з прыватнага архіву Волі
Паводле Вікіпедыі, опальская – гэта мікрамова, якіх на Палессі вельмі шмат, і якія могуць адрозьнівацца ў залежнасці ад вёскі. Самыя вяскоўцы кажуць пра сваю мову як пра дыялект. Расказвае Воля:
-Гэта мова падобная да ўкраінскай, але гэта не ўкраінская. Гэта не да канца беларуская. Гэта ўвогуле не руская. Гэта мікс, які сфармаваўся на працягу гадоў на пэўнай тэрыторыі. Таму, я думаю, што ў гопільскай мовы, ці ў нейкай іншай мовы з вёсачкі на Палессі ёсць усе правы называцца мікрамовай.
Воля пражыла ў вёсцы 17 год, але надалей цесна захоўвае сувязі з малой Айчынай. Там надалей жыве мама Волі, з якой яна стала камунікуе па-гопільску.
-Я кантактавала ўсё жыццё, звязвала сябе з вёскай, атрымлівала веды нават калі з’ехала, ад мамы, ад бабулі. Як людзі жывуць, ці працягваецца тое, што я памятала. Гэта ўсё жыве ўнутры, ува мне.
Колькасць насельніцтва ў Опалі стала змяншаецца. Воля кажа, што ў сваёй сям’і яна будзе, бадай, апошнім пакаленнем, хто ведае гэтую мову. Таму для яе асабліва важна зафіксаваць опальскую мову ў друкаванай і моўнай формах:
-Напэўна гэта і была адна з мэтаў, чаму я пачала рабіць свой блог, расказваць беларусам, але не толькі, што такая мова ёсць. Я не магу, канешне, размаўляць як мая бабуля, бо яна выкарыстоўвала старадаўнія словы. Я размаўляю на новы манер, выкарыстоўваючы такія словы як інтэрнэт. Мне хочацца, каб мова жыла, мне хочацца яе захоўваць. Хочацца запісаць яе ў відэа, у кніжках. Каб яна ўсё ж такі перадавалася з пакалення ў пакаленне, нават калі рэальных спікераў з кожным годам будзе станавіцца ўсё менш. Калі мы будзем намагацца захаваць частку культуры, вельмі важную для Беларусі, а Палессе – гэта 1/3 усёй Беларусі, унікальнае сваёй мовай, традыцыямі, культурай. Нават калі няма шмат спадзяванняў, што гэтая мова выжыве, усё роўна намагацца захаваць хоць нешта, што мы можам захаваць зараз.
У краўндфандынгу ўжо паявіцлася кніга на опальскай мове, прысвечаная пахавальнай традыцыі гэтага рэгіёну. Воля кажа, што гэта кніга пра філасофію жыцця і смерці ў палескай вёсцы:
-Кніга ў большасці будзе пра вопыт маёй бабулі. Яны была вельмі цікавай жанчынай у сябе ў вёсцы. Была той жанчынай, якая ведала ўсе пахавальныя традыцыі. Таксама яна была плакальшчыцай на пахаванні. Мая кніга прысвечана яе жыццю, яе важнай ролі. Я там выкарыстоўваю веды, якія мне перадала бабуля. Таксама кніга будзе напоўнена арт-працамі таленавітай сучаснай беларускай мастачкі Машы Мароз.
Кніга ў двухмоўнай версіі – па-опальску і па-ангельску.
Каб паслухаць, як гучыць опальская мова, слухайце далучаны гукавы файл.
ав