«Усё дрэнна» — вялікая гутарка з выдаўцом і рэдактарам «Літрадыё» Паўлам Анціпавым
2024-07-08 15:05
Ужо амаль год працуе новае беларускае выдавецтва «Мяне Няма». За гэты час тут выйшла 5 кніг, у тым ліку аўтараў, пра якіх вы раней нідзе ніколі не чулі. І гэтыя кнігі, падобна, прадаюцца найлепш. Заснавальнік выдавецтва — пісьменнік Павел Анціпаў, ён жа і рэдактар літаратурнага медыя «Літрадыё». Медыя факусуецца на сучасным беларускім літпрацэсе, так што галоўныя імёны і назвы нашай літаратуры збіраюцца менавіта тут. Belsat распыталі ў Паўла Анціпава, ці можа выдавецтва за мяжой існаваць за кошт продажу беларускіх кніг і як сёння размаўляць пра такую нішавую тэму, як літаратура.
Павел Анціпаў, заснавальнік выдавецтва «Мяне Няма», у офісе кампаніі. Варшава, Польшча. 21 чэрвеня 2024 года. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
— «Мяне няма» не першае беларускае выдавецтва за мяжой. Што паказаў год працы: ці дастаткова ў беларускай літаратуры чытачоў, каб забяспечыць попыт?
— Я думаю, беларуская літаратура мае дастаткова чытачоў — відавочна, бо выдавецтвы з’яўляюцца і кніжкі купляюцца. Трэба толькі правільна арганізаваць працу выдавецтва.
— Які наклад для беларускага выдавецтва за мяжой лічыцца добрым?
— Мы яшчэ толькі пачынаем, але ад іншых выдаўцоў ведаю, што лічыцца добрым, калі тысяча экзэмпляраў разыходзіцца за год. З адной кнігай мы дабраліся да такога накладу.
— З якой?
— «Забыць у электрычцы» Сяргея Краўчанкі.
— Такім чынам, выдавецтва можа жыць за кошт продажу кніжак, так?
— Спадзяёмся на гэта, пакуль не магу адказаць. Нашае выдавецтва працуе без грантаў, мы ўкладаем свае сілы, якія пакуль не аплачваюцца, — я як адміністратар і рэдактар, Максім Жбанкоў як рэдактар і аўтар тэкстаў, Дар’я Сітнікава, якая дапамагае нам з СММ, і дызайнеры Ігар Юхневіч і Саша Пажытак. Мы звяртаем вельмі вялікую ўвагу на дызайн: беларускія кнігі не заўсёды прывабна выглядаюць, а яны мусяць быць такімі, каб іх было прыемна ўзяць у рукі.
— А яны не мусяць быць у цвёрдым пераплёце?
— Не пакуль што, а далей будзем глядзець. Мой першапачатковы план быў у тым, каб як мага хутчэй выдаць як мага больш кніжак. У нас шмат пісьменнікаў, у якіх ёсць першая кніжка альбо яны могуць яе скласці — у маім камп’ютары каля 30 такіх тэчак. Я хацеў найхутчэй запоўніць імі беларускую літаратуру: пісьменніку часта патрэбная першая кніга, першае прызнанне, хаця б з боку выдавецтва. Але дызайнеры хацелі рабіць кнігі больш прыгожымі і прадуманымі, і мы запаволіліся.
Павел Анціпаў трымае ў руках кнігу «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека» Валянціна Акудовіча.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
«Хацеў, каб у нас было такое выдавецтва, куды невядомы аўтар можа прыйсці са сваім рукапісам»
— 30 дагэтуль не выдадзеных кніг — гэта шмат. Некаторыя кажуць, што вартыя ўвагі творы беларускіх аўтараў досыць цяжка адшукаць. У вас іншы пункт гледжання?
— Я хацеў бы аспрэчыць гэта выданнем кніжак — паглядзім, як людзі будуць іх купляць. Першая нашая кніга — так, гэта перавыданне Акудовіча, але вельмі добра прадаецца. Потым мы выдалі Сяргея Краўчанку, які да гэтага не друкаваўся як пісьменнік, і ўвага да яго вялікая. «Чорны лес» Тоні Лашдэн таксама карыстаецца вялікім попытам, нягледзячы на тое, што паралельна выйшаў у электронцы.
— Вялікі попыт гэта колькі?
— Кніга была выдадзеная месяц таму, мы ўжо прадалі 171 кніжку. Калі зыходзіць з таго, што добрым лічыцца наклад тысяча за год, то 171 за месяц — даволі добры тэмп распаўсюду.
— Калі выдавецтва адкрывалася, вы сказалі, што «ў вас няма ні спонсараў, ні грантадаўцаў, і адпаведна, вы не мусіце прыслухоўвацца да нечыіх пажаданняў». А што, у вас ёсць інфармацыя, што беларускія выдаўцы працуюць паводле пажаданняў?
— Гэта ж відавочна, калі паглядзець, якія пераклады робяцца. Часта гэта замовы ад амбасадаў ці яшчэ каго. Можа, гэта і добрыя кніжкі, але замест іх выдавецтва магло б зрабіць нешта беларускае, а з тымі грашыма нельга рабіць, што хочаш. Я бачыў гэтую сістэму, яшчэ калі як аўтар шукаў сабе выдаўца. Яны былі не вельмі зацікаўленыя — ты можаш альбо сам заплаціць і выдацца, альбо калі ў цябе вельмі раскручаны блог, выдавец можа сказаць: «Ну добра, выдам цябе, можа, і купяць». А калі ты звычайны аўтар, які проста піша класныя штукі, але пра цябе ведае няшмат людзей, табе цяжка размаўляць з выдаўцом. Вядома, ён хоча акупіць наклад, а ўкладацца ў піяр, напэўна, не стае рэсурсаў. Я хацеў, каб у нас было такое выдавецтва, куды невядомы аўтар можа прыйсці са сваім рукапісам. Мы нашай рэдкалегіяй вызначаем, ці варты ён друку, і друкуем належную колькасць асобнікаў. Такая бізнес-мадэль.
— Гучыць як рызыкоўная бізнес-мадэль.
— Кнігі могуць не акупіцца толькі тым, што мы не атрымаем грошы за сваю працу. Да таго ж мы, скажам шчыра, не прадпрымальнікі. Вядома, мы хацелі б з гэтага зарабляць, але пакуль толькі прымерваемся, атрымаецца ці не. Калі мы закрыемся праз год, прынамсі ў беларускай літаратуры застанецца 10–15 выдадзеных кніжак, якіх не выдаў бы ніхто.
— У нас няма развітой літаратурнай і кнігавыдавецкай індустрыі — за які кошт пішуцца вось гэтыя 30 кніг?
— Гэта людзі, якія так хочуць напісаць свае кнігі, што інакш не могуць, і пішуць іх у вольны ад працы час. Альбо іх праца з гэтым звязаная, калі казаць пра сабраныя ў кнігу, напрыклад, калонкі. Запісы ў «Фэйсбуку» таксама можна перарабіць у кнігу, і гэта нармальна. У XIX стагоддзі раманы, скажам, Дыкенза выходзілі ў часопісах часткамі, а потым з гэтага складаліся кнігі.
«Мы добра перапакоўваем літаратараў у гукавы фармат»
— Якая ў выдавецтва палітыка датычна беларускай мовы?
— Нашая камунікацыя з чытачом адбываецца на беларускай, а выдаём мы кнігі на тых мовах, на якіх беларусы пішуць і разумеюць, — вядома, якія гэта мовы. Мы хацелі б апублікаваць кнігу Алёны Глухавай, якая піша па-французску, тады перакладаць будзем на беларускую. Мы лічым, што Марк Шагал — наш беларускі пісьменнік. У яго ёсць кніга «Маё жыццё», першапачаткова выдадзеная на ідыш, пераклад робіцца на беларускую. А расейскую пакуль не трэба перакладаць. Час пройдзе, у найлепшым выпадку ўсе загавораць на беларускай мове, — тады мы перакладзем кнігі з усіх іншых моваў на беларускую, каб забраць іх у беларускае поле.
— Як і за кошт чаго існуе выданне «Літрадыё»? Улічваючы, што беларускія медыі цяпер у крызісе, а чытачы агулам спажываюць усё менш інфармацыі.
— Нашая ніша вельмі маленькая і нікім не занятая. «Літрадыё» працуе на гранты, пакуль донары выдзяляюць грошы, мы існуем, як толькі перастануць — мы паставім дзейнасць на паўзу альбо будзем працаваць менш актыўна.
— У «Літрадыё» вялікая аўдыторыя?
— Я сказаў бы, што некалькі тысяч чалавек ведаюць пра «Літрадыё» і чытаюць. Гэта альбо самі літаратары і літаратаркі, альбо тыя, хто цікавіцца літаратурай. Самы паспяховы наш падкаст — з Евай Вежнавец, у яго больш за дзве з паловай тысячы праслухоўванняў на YouTube. Мне падаецца, гэта нармальны лік, як і больш за тысячу падпісальнікаў у Instagram. Да таго ж мы бачым, што расцём, з кожным новым пастом прыходзяць, лайкаюць, падпісваюцца новыя людзі. Гэта паказнік таго, што мы запатрабаваныя.
— А ў вас ёсць уяўленне пра аўдыторыю паводле тэрыторыі?
— Дзесьці 50 адсоткаў у Беларусі і 50 адсоткаў за мяжой, перадусім у Польшчы.
— Якія фарматы ў вашым выпадку найлепш працуюць для чытача, улічваючы, што мы жывём у эпоху YouTube і TikTok?
— Гэта пытанне мы і самі сабе задаём, бо літаратура — не відэафармат, перапакаваць тэкст у маленькае відэа немагчыма, гэта будзе папросту іншы прадукт. Усё-такі мы выйшлі ў Instagram, хоць гэта таксама не тэкставая штука, але людзі, якія глядзяць стужку, імаверна запомняць нейкія імёны і назвы і потым у кнігарні купяць гэта. Праз Instagram нейкая частка аўдыторыі прыходзіць чытаць і самі тэксты. Мы добра перапакоўваем літаратараў у гукавы фармат, усё ж ты нячаста слухаеш пісьменніка, які распавядае, напрыклад «адкуль бяруцца кнігі» (маем такі падкаст). У нас выйшла 44 гутаркі з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і пісьменніцамі толькі ў гэтай серыі. Мы нават збіраемся перапакаваць іх у кніжны фармат. Я мяркую, гэта будзе цікавая кніга.
«Падаецца, быццам у нас нічога няма. А насамрэч ёсць»
— Якія гэта аўтары?
— Усе класныя: Ева Вежнавец, Уладзь Лянкевіч, Кацярына Ааро — пісьменніца, якая цяпер жыве ў Італіі, Анка Упала, Артур Клінаў, Саша Філіпенка, Наста Кудасава, Дзмітрый Строцаў, Таня Заміроўская. Даволі шмат. Калі ўпісваеш у «Google»: «найлепшыя беларускія пісьменнікі» — бачыш беларускіх народных пісьменнікаў, Быкава, а сучасных там няма. А ў нас ёсць, мы робім іх бачнымі, чутнымі. Нашае выдавецтва называецца «Мяне няма», бо падаецца, быццам у нас нічога няма. А насамрэч ёсць.
Кнігі выдавецтва «Мяне няма» стаяць на паліцы ў офісе. Фота: Таццяна Верамеева / Белсат
— Гэта праблема таксама іншых відаў мастацтва. Калі агульна ацэньваць сітуацыю, беларускі чытач ведае беларускую літаратуру, хоча ведаць?
— Гэта комплексная праблема, і не ў нашых сілах штосьці зрабіць паасобку. У беларусаў выключная сітуацыя: нашая дзяржава не падтрымлівае нашую культуру. І нічога з гэтым не зробіш, у нас такія ўмовы. Выдаць кніжку не вельмі вялікая праблема, асабліва ў Польшчы. Гэта не вельмі шмат каштуе, і ў яе будзе чытач. Але будуць і тыя, хто і хацеў бы яе прачытаць, але не прачытае, бо да іх цяжка дагрукацца, а калі дагрукаешся, колькі з іх будуць гатовыя замовіць кнігу з-за мяжы з польскімі коштамі? На жаль, без дзяржавы вялікага росквіту мы не дачакаемся, патрэбныя моцныя інстытуцыі на падаткі беларусаў. За мяжою ніхто не будзе падтрымліваць іншаземную літаратуру альбо гэта будуць невялікія грошы. Гэта сумная рэч, я не любіў раней, калі людзі казалі, маўляў, усё дрэнна. Але мушу пагадзіцца: усё дрэнна. Зрэшты, гэта не значыць, што не трэба нічога рабіць. Проста ты робіш менш, чым мог бы.
— Хіба «Літрадыё» і «Мяне няма» акурат накіраваны на тое, каб палепшыць сітуацыю.
— Так, кожны дзень некалькі новых асобаў даведваюцца пра «Літрадыё» і выдавецтва, але гэта магло б адбывацца хутчэй.
— Якой літаратуры нам цяпер не хапае?
— Фантастыкі і дэтэктываў, што класна прадаюцца. У нас пішацца няшмат, але менавіта я нацэлены на аўтафікшн, аўтабіяграфічную прозу. Гэта цяпер тая мова, якой можна распавядаць пра сучаснасць, і тое не будзе выглядаць недарэчна. Гэта мова нашага часу, калі чалавек піша пра тое, як ён жыве, што яго турбуе, прамаўляе штосьці, што цяжка прамаўляецца нават самому сабе. Недарэмна аднаго з апошніх нобэляў за аўтабіяграфічную прозу атрымала Ані Эрно.
— Калі выйдзе вашая новая кніга?
— Хутка. Цяпер мы рыхтуем кнігу Таццяны Заміроўскай — даволі вядомай пісьменніцы, якая ні разу не выдавалася ў беларускім выдавецтве. Гэта будзе вельмі класная кніга эсэ. А пасля Тані, напэўна, выйдзе мая кніга.
— Яна аўтабіяграфічная?
— Вядома, я пішу аўтабіяграфічныя кніжкі.
— Ці ёсць у беларускай літаратуры кнігі, з якімі мы можам перажываць апошнія гады?
— З любой літаратурай можна перажываць любыя гады, але на злобу дня пішацца цяжка, мне дык дакладна. Няшмат людзей могуць выдаваць актуалачку. Мы плануем падрыхтаваць кнігу эсэ Колі Сулімы, які з Беларусі праз Кіеў эміграваў у Берлін. Яна будзе пра сучаснасць. Калі атрымаецца, выдадзім класную дзіцячую кнігу Светы Бень, а добрыя дзіцячыя кнігі, насамрэч, і для дарослых. У ёй таксама можна пазнаць гістарычныя падзеі з нашага нядаўняга мінулага, што камусьці дапаможа іх перажыць.
— Для тых, хто хоча выдаць кнігу, з чым можна прыйсці ў вашае выдавецтва?
— Аўтар мусіць быць альбо беларусам, альбо тым, хто піша пра Беларусь. Астатняе ўжо не істотна. Выгадней, канешне, выдаваць нешта вялікае, напрыклад, раманы, але цікавімся і вершамі, і эсэ, і апавяданнямі.