- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Беларускі палітычны дзеяч, публіцыст, пісьменнік-перакладчык Юрка Лістапад нарадзіўся ў красавіку 1897 года ў вёсцы Варкавічы Слуцкага павета Мінскай губерні (цяпер Слуцкі раён). Пасля сканчэння ў 1914 годзе Панявежскай настаўніцкай семінарыі працаваў у школах Случчыны і потым у самім Слуцку. У 1918–1919 гадах вучыўся ў Мінску на Першых беларускіх педагагічных курсах, дзе выкладчыкамі былі Язэп Лёсік, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Усевалад Ігнатоўскі, Антон Трэпка і іншыя. Там адкрыліся і літаратурныя здольнасці Юркі Лістапада. Увосень 1919 года Ю. Лістапад быў накіраваны школьным інспектарам на Случчыну, дзе арганізаваў восем беларускіх школ, актыўна ўдзельнічаў у беларускіх суполках. У лістападзе 1920 года стаў сябрам Беларускай рады Случчыны, прымаў удзел у Слуцкім збройным чыне. Пасля разгрому паўстання перабраўся ў Заходнюю Беларусь, быў інструктарам беларускіх школ на Віленшчыне. У 1922 годзе вярнуўся ў БССР. У кастрычніку 1925 года быў арыштаваны ДПУ БССР нібыта як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі» і асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. Праз два гады яго амніставалі. Але потым зноў неаднаразова арыштоўвалі паводле ілжывых абвінавачванняў. А 31 сакавіка 1938 года Юрка Лістапад быў расстраляны на 41-м годзе жыцця.
   Увесь твор у адным файле