Gutenberg Publisher — беларускае выдавецтва, якое цяпер базуецца ў Кракаве. Яно выдае кнігі як для дарослых, так і для дзяцей; актыўна ўдзельнічае ў літаратурных фестывалях і ладзіць свае тэматычныя падзеі, у тым ліку і ў Варшаве.
Пра агульны стан беларускай літаратуры, сучасныя тэндэнцыі і найбольш цікавыя творы Госця Рацыі — галоўная рэдактарка выдавецтва Gutenberg Publisher Валянціна Андрэева — распавяла журналістцы Марыне Савіцкай.
РР: Распавядзіце, калі ласка, што зараз адбываецца з беларускай літаратурай.
Валянціна Андрэева: Сучасная беларуская літаратура перажывае неймаверны выбух талентаў, неймаверны прыход аўтараў, прычым з самых розных бакоў. Вяртаюцца тыя аўтары, якія калісьці пісалі і зноў вярнуліся да пісання. Прыходзяць аўтары, якія пісалі па-руску, але вырашылі, што для іх гэта болей непрыймальна, яны хочуць каб іх кнігі гучалі па-беларуску. Прыходзяць маладыя аўтары, дзёрзкія, якія ламаюць фармат, як гэта і належыць маладым аўтарам, і імкнуцца даць нешта новае, чаго абсалютнага не было раней, і паламаць усе жанры.
І канешне ёсць прафесійныя аўтары, якія ўвесь час пішуць і працягваюць пісаць. Дзякуючы росквіту выдавецкай справы ў эміграцыі, у іх з’явіліся пляцоўкі, дзе можна выдацца, з’явіліся спосабы абменьвацца думкамі, з’явіліся чытачы, з’явілася мода на чытацкія клубы і на абмеркаванне кніг.
І гэта ўсё прывяло да таго, што наша кніга стала заўважная пакуль што расейцам, пакуль што ўкраінцам, пакуль што некаторым палякам. Людзі сталі звяртаць на яе ўвагу. І мне здаецца, што ёсць вельмі добры патэнцыял, каб і далейшыя суседзі звярталі ўвагу на нашу кнігу, каб пра нашу кнігу ведалі болей. Але для гэтага трэба яшчэ трошачкі папрацаваць, яшчэ трошачкі рэсурсаў.
РР: Якія імёны вы б адзначылі цяпер?
Валянціна Андрэева: Я бы гаварыла перадусім пра тых аўтараў, з якімі я сёння працую. Таму што я ўпэўненая ў іх, я ўпэўненая, што новы раман Аляксандра Карнаўха, які ён піша і які ён абяцае дапісаць да канца вясны, спадабецца чытачу, будзе яшчэ лепшы за першы раман «Халодныя землі». І гэта тое, чаго нашай літаратуры не хапае, гэта вострасюжэтны, цікавы, напоўнены сэнсамі, але пры гэтым папулярны мастацкі твор пра мужчыну, які сутыкаецца з нечым містычным у Менску, а таксама дзесьці на балотах на поўначы Беларусі і намагаецца зразумець, што ён упусціў, што прайшло міма яго ўвагі, такое важнае, што, аказваецца, мае вялікую моц у гэтай краіне, але не такое відавочнае.
Таксама я вельмі цешуся за Арцёма Шуканава, які напісаў раман «Пентаквантар», гэта тэхна-поп, або трылер пра будучыню, пра далёкія і блізкія краіны. Беларусь абсалютна арганічна ўпісаная ў сусветны кантэкст, тэрыторыя Беларусі — гэта фактычна Менск-3, гэта частка Міжмор’я. Героі абсалютна натуральна перамяшчаюцца паміж Менскам і Варшавай, Токіа, Лаосам і далёкімі зоркамі, і пры гэтым вырашаюць тыя пытанні, якія ўжо цяпер стаяць перад намі. Гэта суперштучны інтэлект, гэта пытанне выбару, пытанне маралі, пытанне адказнасці. Класна атрымалася ў гэтага чалавека ўплесці ў абсалютна папулярны сюжэт, які мог увогуле стаць асновай сцэнарыя для нейкай кампутарнай гульні, глыбокія, цікавыя сэнсы пра засілле карпарацый, пра тое, якую ролю можа адыгрываць не штучны інтэлект, а нейкая лічбавая сутнасць, здольная апрацоўваць неймаверныя колькасці інфармацыі.
Цалкам размова — у далучаным гукавым файле!
Беларускае Радыё Рацыя