- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
Імя Ўладзімера Цэсьлера ўжо даўно сталася брэндам у сучасным беларускім мастацтве. Мастак і дызайнэр, ён вядомы шырынёю жыцьцёвых інтарэсаў і шматграннасьцю творчае дзейнасьці. Фірмовы знак «ArtDesignStudio V. Tsesler & S. Voichenko», a пасьля трагічна раньняга скону Сяргея Войчанкі ў 2004 годзе — «ArtDesignStudio V. Tsesler», — гэта гарант высокага прафэсіяналізму, якасьці й сучаснае мастацкае мовы. Характэрная асаблівасьць творчага мэтаду Цэсьлера — гэта цікавасьць да сьвету паўсядзённых вобразаў навакольнага прадметнага асяродзьдзя, праца з устойлівымі стэрэатыпамі візуальнае й вэрбальнае масавае сьвядомасьці. У сваіх творах мастак пераўтварае іх у плястычныя знакі, камунікацыйныя сымбалічныя коды, што адкрываюць доступ да пранікненьня ў мэнтальнасьць і стыхію жыцьця людзей, пра якіх распавядаецца. Уладзімер Цэсьлер і Сяргей Войчанка стварылі ўнікальную міталягічную энцыкляпэдыю сучаснае айчыннае рэальнасьці, увасобіўшы яе ў плякатах, аб'ектах, жывапісных карцінах, фірмовых лягатыпах і ўпакоўках для музычных кампакт-дыскаў.