- Kamunikat.org
- Бібліятэка
- Кнігазборы
- Калекцыі
- Іншае
У развагах пра «свой шлях». На двары 2005 год - адышлі ў мінулае «Тутэйшыя», дыхае праз раз Таварыства Вольных Літаратараў, хварэе на сухоты творчы рух «Бум-Бам-Літ», у коме Саюз беларускіх пісьменнікаў, кульгае на мыліцах суполка «Schmerzwerk»... Бадай, нікога і няма... Тым не менш літаратура жыве і квітнее. Жан-Люк Нансі сцвярджае, што «"людзі" - гэта не ананімны гуд натоўпу, гэта адначасова неакрэсленыя і своеасаблівыя прывіды, алюзія на голас, схемы паводзінаў, накіды пачуццяў». Бо заўсёды трэба арыентавацца не на натоўп, а на індывідуальнасць. Што, зрэшты, і павінна рабіць літаратурная і мастацкая крытыка. Дзесяць гадоў час ад часу я займаўся крытычнымі практыкаваннямі, мажліва не заўсёды сур'ёзна, але, як падаецца, кожны раз шчыра. Для літаратара змена светапоглядаў - складаная справа, тым не менш, не заўсёды дрэнная, бо без гэтага ўсё выглядае занадта прадбачным і аднакаляровым. Асэнсаванне культурных падзеяў, што і мусіць хваляваць пісьменніка. I няхай будзе, як напісаў некалі Мантэнь: «Гэтыя эсэі - адно спроба маіх прыродных здольнасцяў і ні ў якім разе не выпрабаванне маіх ведаў; і той, хто выкрые маё невуцтва, зусім мяне не пакрыўдзіць, бо ў тым, што я кажу, я не адказваю нават перад сабой, не тое што перад іншымі, і нейкая самазакаханасць мне чужая».