Віктар Бабарыка: Ціск яшчэ больш мабілізуе і кансалідуе каманду
2020-06-11 21:24
Па словах патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі, вобшукі ў «Белгазпрамбанку», кіраўніком якога ён працаваў каля 20 год, а таксама ў шэрагу іншых кампаній і арганізацый, з гэтым банкам звязаных, на планы яго каманды не паўплываюць.
Больш за тое, гэты ціск яшчэ больш мабілізуе і кансалідуе яе:
– Так атрымліваецца, што любыя дзеянні, накіраваныя супраць нас, выклікаюць зваротны эфект. Яны стымулююць людзей галасаваць за змены і патрабаваць гэтых зменаў. Таму мы не збіраемся ўносіць карэктывы, але ёсць падазрэнні, што трэба будзе запрашаць дадаткова валанцёраў, каб справіцца з дадатковым аб’ёмаў падпісных лістоў.
Таксама Віктар Бабарыка ўпэўнены, што атака ўладаў на «Белгазпрамбанк» не паўплывае на рэгістрацыю яго як кандыдата ў прэзідэнты.
Трэба заўсёды вельмі ўважліва слухаць тое, што кажуць лідары краіны, – тлумачыць Віктар Бабарыка:
– Лідары краіны сказалі, што па нефармальным прычынам адмовы не будзе. Што гэта азначае? Што ніякіх варыянтаў з пункту гледжання страху адкінуць проста без усялякіх тлумачэнняў, у нас не будзе адмовы. Значыць, я думаю, што ў гэтым у нас усё пройдзе. У нас ёсць і працягвае нарастаць база не проста сабраных подпісаў, а верыфікаваных.
Таму ніякіх варыянтаў для нерэгістрацыі няма, – кажа Віктар Бабарыка. Калі ж гэта ўсё ж адбудзецца, то засведчыць бяссілле і страх улады, якая баіцца выйсці на поле электаральнай барацьбы. Такога не было за ўсе апошнія 26 год, каб адмаўлялі ў рэгістрацыі кандыдату, за якога назбіралі больш за 100 тысяч подпісаў. Калі такая адмова адбудзецца, то гэта абсалютна засведчыць нелегітымнасць выбараў, – адзначыў Віктар Бабарыка.
Беларускае Радыё Рацыя